Вы тут

Ці патрэбна аптымізацыя сельсаветаў?


Высвятляла карэспандэнт «МС» на прыкладзе Бабруйскага і Асіповіцкага раёнаў.

Любая аптымізацыя — гэта больш дасканалая форма гаспадарання. Але нават калі аб'ектыўна разумееш, што нешта трэба мяняць, рабіць гэта заўсёды няпроста. Асабліва тое датычыцца сельскай мясцовасці, дзе любыя спробы нешта зачыніць, абмежаваць успрымаюцца насельніцтвам як асабістая крыўда. Аляксандр Емяльянаў, старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў, адразу ж папярэдзіў, што аптымізацыяй не даводзілася займацца, але ён вельмі добра разумее, наколькі гэта адказны момант. У Бабруйскім раёне чатыры гады таму былі скасаваныя два сельсаветы — Гарохаўскі і Восаўскі. Іх населеныя пункты далучылі да Глушанскага і Гарбацэвіцкага сельсаветаў. Пераўтварэнні ішлі не вельмі гладка. Але прайшоў час, і цяпер можна рабіць нейкія высновы.


Гар­ба­цэ­віц­кі сель­са­вет: коль­касць ах­вот­ных атры­маць да­вед­кі ўзрас­ла ў ра­зы.

Восава — супраць

Па дарозе ў Гарбацэвічы старшыня райсавета ўводзіць у курс справы. Маўляў, аптымізацыя адбылася пасля таго, як чатыры сельгасгаспадаркі аб'ядналі ў адзін філіял «Агракамбінат КХП» ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў». Цяпер гаспадарка цалкам знаходзіцца ў межах Гарбацэвіцкага сельсавета. Абодва цэнтры былых сельсаветаў — Восава і Гарохаўка таксама ўвайшлі ў яго склад. За кошт аб'яднання колькасць населеных пунктаў у Гарбацэвіцкім сельсавеце павялічылася з 22 да 42.

— Нагрузка неймаверна ўзрасла, — прызнаецца кіраўнік спраў сельвыканкама Ніна Рослік. — Да аб'яднання мы абслугоўвалі 1600 чалавек, а зараз 2500. Пры гэтым штат сельвыканкама застаўся ранейшы — старшыня, кіраўнік спраў і спецыяліст. Матэрыяльная база таксама амаль не палепшылася. З Гарохаўкі нам толькі адзін камп'ютар перадалі і ўсё. Аўтамабіляў у гэтых сельсаветах не было. А нават калі б і былі — аднаму сельсавету дзве машыны мець не дазваляецца. Нават колькасць паліва нам не павялічылі. Хоць тэрыторыя ўзрасла ў разы, ад нас да Восава ехаць і ехаць. Я ўжо маўчу пра Старынкі, якія за Восавам. Там людзям бліжэй да іншага сельсавета, чым да нас.

Ніна Рослік успамінае, як насельніцтва абодвух сельсаветаў было супраць аптымізацыі. А восаўскае дагэтуль з ёй не змірылася. Транспартная сувязь з новым сельвыканкамам, мякка кажучы, не вельмі зручная.

— Нават інтэрнэт не дапамагае, — кажа суразмоўніца. — У сельскай мясцовасці не ўсе яго маюць, не ўсе могуць ім карыстацца. Гэта ж у асноўным пенсіянеры. Даведку можна і па тэлефоне замовіць, але ехаць па яе ўсё роўна прыйдзецца, бо трэба распісацца. Не дзіўна, што рэгістрацыя дамоў і зямель ідзе марудна.

Спецыяліст сведчыць: у сувязі з закрыццём сельвыканкамаў, населеныя пункты, дзе яны знаходзіліся, пачынаюць пакрыху паміраць. Яно і зразумела. Учора гэта быў цэнтр гаспадаркі, сельсавета, а стаў звычайны населены пункт. Вось у Гарохаўцы, напрыклад, пасля закрыцця сельвыканкама паступова скасавалі паштовае аддзяленне і школу.

А Дойнічава ў захапленні

Глушанскі сельсавет застаецца адным з узорных і паспяховых нават пасля таго, як да яго далучылі 27 населеных пунктаў Гарохаўскага і Восаўскага саветаў з чатырма сотнямі чалавек насельніцтва. Гэта, вядома, толькі зарэгістраваныя жыхары, без уліку дачнікаў (якія дастаўляюць яшчэ больш клопатаў сваёй патрабавальнасцю). Пасля аб'яднання плошча сельсавета значна павялічылася, адлегласць паміж крайнімі вёскамі сёння складае 60 кіламетраў.

Але некаторыя жыхары ўсё ж выйгралі ад змяненняў. Напрыклад, вёска Дойнічава.

— Яна знаходзіцца ад нас усяго за два кіламетры, — кажа Марыя Сушчанка, старшыня Глушанскага сельскага Савета дэпутатаў. — Летась падымалася пытанне аб арганізацыі маршруту Дойнічава—Глуша—Бабруйск, а сёлета ўжо пайшоў аўтобус. Вёска стала яшчэ бліжэй да нас. А раней яна адносілася да Восаўскага сельсавета. Тут няма адназначнага адказу, хто выйграў, хто прайграў. Але аптымізацыя — гэта непазбежны працэс. Колькасць сельскага насельніцтва зніжаецца з кожным годам.

Ця­пе­раш­нія ме­жы Глу­шан­ска­га сель­са­ве­та.

Рук на ўсё не хапае

Жыхары вёсак у любым выпадку абароненыя. Цяжар кладзецца ў асноўным на сельвыканкамы. Бо менавіта яны адказваюць за тое, каб людзі былі задаволеныя. Хоць сілы абмежаваныя. Бо сельсавет вялікі, а работнікаў у «апараце» толькі тры — старшыня, кіраўнік спраў і спецыяліст.

— Бюджэты аптымізаваных сельсаветаў павялічыліся, і за кошт гэтага мы за апошнія гады правялі шэраг глабальных мерапрыемстваў па наданні належнага выгляду вёскам, — кажа Марыя Сушчанка. — Іх, канешне, стала шмат, усе адразу не можам ахапіць, але ёсць прыклады, калі населеныя пункты цалкам відазмяняюцца. Людзі з іншых вёсак жадаюць, каб у іх гэтак жа было. Але мы зыходзім з сваіх магчымасцяў. Канешне, калі б пры сельвыканкаме былі свае рабочыя, справа рухалася б хутчэй. Але пакуль нам прыходзіцца працаваць па дамоўленасці з цэнтрам занятасці і іншымі арганізацыямі.

—Я таксама лічу, што ў сельвыканкамах павінны быць рабочыя, — падтрымлівае калегу старшыня Бабруйскага райсавета Аляксандр Емяльянаў. — Старшыня, кіраўнік спраў і спецыяліст выконваюць свае функцыянальныя абавязкі. А для таго, каб нешта зрабіць па добраўпарадкаванні, трэба прыцягваць арганізацыі. Але сельвыканкам мае гаспадарчы інвентар — бензапілу, касілку і гэтак далей. Няма толькі людзей, якія б з ім працавалі. Калі горад узяць — там ёсць ЖКГ, прадпрыемства, якое займаецца навядзеннем парадку на вуліцах, а «перыферыю» ніхто, акрамя нас, не абслугоўвае.

Ёсць у старшыні райсавета заўвагі і наконт падыходаў да правядзення аптымізацыі. Часцей за ўсё кіруюцца колькасцю насельніцтва, але трэба ўлічваць і іншыя фактары.

— Акрамя колькасці жыхароў, пажадана звяртаць увагу на плошчу тэрыторыі, наяўнасць дачнікаў і садаводчых таварыстваў. У нас у раёне іх, дарэчы, аж 79, — кажа Аляксандр Емяльянаў. — Яшчэ адна недарэчнасць — у тым жа Гарбацэвіцкім сельсавеце 42 населеныя пункты, а ў Брожскім сельсавеце толькі шэсць. Плошча Гарбацэвіцкага сельсавета 25 тысяч квадратных кіламетраў, Брожскага — 17 тысяч. Пагадзіцеся: нагрузка на сельсаветы розная, а колькасць работнікаў аднолькавая. Не заўсёды ўлічваецца і транспартны складнік, хоць ёсць населеныя пункты, дзе сувязь з сельвыканкамам дрэнная. Гэта таксама трэба ўлічваць.

Сельсавет... на 500 жыхароў

У Асіповіцкім раёне на сёння налічваецца 12 сельсаветаў. Але ёсць намер правесці аптымізацыю. Наспела неабходнасць скасаваць адзін сельсавет — Карытненскі.

— Там у васьмі населеных пунктах пражывае ўсяго каля 500 жыхароў, — кажа старшыня Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік. — Становішча сельгасарганізацыі з аднайменнай назвай «Карытнае» стала цяжкім і яе аб'ядналі з больш паспяховай. Атрымалася адна гаспадарка на два сельсаветы. Гэта, пагадзіцеся, у наш час вельмі марнатраўна. Мы прапанавалі насельніцтву такі варыянт: адзін сельсавет скасаваць, а на былым месцы адміністрацыйнага будынка пакінуць спецыяліста, які б рашаў бягучыя пытанні.

На працягу месяца грамадзяне могуць выказваць прэтэнзіі. І яшчэ адно змяненне намячаецца ў Асіповіцкім раёне. Межы адной з тутэйшых сельгасгаспадарак змяніліся, і адна з вёсак трапіла ў сферу ўплыву іншага сельсавета. Яе і збіраюцца туды перадаць. Але перад гэтым абмяркуюць сітуацыю з насельніцтвам.

— Скарачэнне любога аб'екта на вёсцы негатыўна адбіваецца на яе жыцці, — канстатуе Аляксандр Пузік. — Але павінен быць рацыянальны дзяржаўны падыход. Я — за тое, каб гэта рабіць. У нас сёння Лапіцкі сельсавет — 28 вёсак і 2000 жыхароў. І побач сельсавет, дзе восем вёсак і 500 жыхароў. Зарплата ў старшынь аднолькавая, а нагрузкі зусім не супастаўныя. Гэта не вельмі добра. Дзяржава ж павінна неяк выдаткі скарачаць. Жыхары пры гэтым нічога не страцяць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by



У чым перавагі і недахопы аптымізацыі?

З такім пытаннем мы звярнуліся да людзей, якія непасрэдна займаюцца гэтым кірункам у сваіх абласцях і раёнах.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ:

— У нас у Віцебскім рэгіёне шмат маланаселеных пунктаў, у якіх пражывае каля 10—15 жыхароў. І ўзбуйненне сельсаветаў прайшло і таму, што скарачалася колькасць насельніцтва. Мінусам аптымізацыі сельсаветаў можна назваць велізарныя адлегласці паміж некаторымі вёскамі. Цяпер, каб дабрацца па даведку, вырашыць якое-небудзь пытанне, ажыццявіць розныя адміністрацыйныя працэдуры, — людзям даводзіцца ездзіць больш. Але: да гэтага моманту нейкіх масавых скаргаў ад насельніцтва мы не атрымліваем. Як мы гэта вырашылі? Па-першае, арганізавалі выязныя прыёмы, якія пастаянна праводзяцца ў вёсках. Работа пастаўлена так, каб зрабіць гэта ўзаемадзеянне камфортным. Разам з тым, недзе кропкава ўзнікалі пытанні, паколькі сельвыканкам знаходзіцца ў іншай мясцовасці. Але мы і гэта вырашалі: напрыклад, змянялі маршрут руху транспарту. Няма патрэбы, калі ў сельсавеце 500 жыхароў і ён раскіданы на вялікай тэрыторыі, утрымліваць цэлы штаб. Тым больш, што сёння ёсць магчымасць вырашаць пытанні і праз інтэрнэт. Што датычыцца плюсоў, то неабходна падкрэсліць, што выдаткі ў бюджэце сталі меншыя.

Старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей ГЛІНСКІ:

— Вядома, асноўны плюс аптымізацыі — гэта скарачэнне дзяржаўных выдаткаў. Нас даволі сур'ёзна закрануў гэты працэс: у 2014 годзе ў нас засталося 7 сельскіх і 1 пасялковы Савет, а да гэтага было 14. А яшчэ да гэтага было наогул 18. Так, самая вялікая праблема — адлегласць да адміністрацыйных цэнтраў. У нас цяпер у сярэднім — па 50 вёсак на сельскі Савет, у двух — больш за 80 населеных пунктаў. Акрамя таго, у некаторых — па 3—4 гаспадаркі. Увогуле, тэрыторыя вельмі вялікая. Таму былі пытанні і з навядзеннем парадку на зямлі. Але сельскія Саветы дэпутатаў спраўляюцца, хоць ім і трохі цяжкавата. Як рэагавалі людзі? Яны не гарэлі жаданнем падтрымліваць аптымізацыю, бо пасля яе да цэнтра сельсавета стала доўга дабірацца. Паўсталі складанасці з адміністрацыйнымі працэдурамі — даведкамі, загсам. Зараз усё добра, спраўляемся.

Старшыня Мастоцкага сельскага Савета дэпутатаў Магілёўскага раёна Валянціна МАЦЬКОВА:

— У свой час да нас далучылі чатыры населеныя пункты — вядома, работа значна ўскладнілася, бо ў выніку стала 17 населеных пунктаў. Дарэчы, пакуль я асабіста дабралася толькі да трох з іх, цяпер хачу наведаць чацвёрты. Што я магу сказаць пра аптымізацыю? Гэтага не пазбегнуць. Лёгкіх шляхоў не шукае ніхто, мы да гэтага прывыклі, ды і патрабаванні пастаянна ўзмацняюцца. Аптымізацыя як была, так і будзе. Дарэчы, станоўчы эфект аптымізацыі — гэта тое, што мы сталі больш прыцягваць старастаў і дэпутатаў да работы, уборкі тэрыторый, вырашэння іншых пытанняў. Пашанцавала, што 4 населеныя пункты, якія далучылі да нас, апынуліся не далей, чым нашы 13. Гэта значыць, праблем з тым, каб дабрацца да адміністрацыйнага цэнтра, у нас няма.

Старшыня Даўгалескага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна Марыя ПУГАЧОВА:

— Ой, гэта складанае пытанне. У нас 10 населеных пунктаў, і я лічу, што нас нікуды далучаць не трэба. І я хацела б, каб і да нашага сельсавета нікога не далучалі, таму што нагрузка будзе вельмі вялікая. А калі і далучаць, то мне неабходны яшчэ адзін спецыяліст, каб кантактаваць з гэтымі населенымі пунктамі і вырашаць разнастайныя пытанні. А наогул мне здаецца, што аб'ядноўваць варта толькі маленькія сельсаветы, ды і тое толькі тады, калі яны знаходзяцца побач. Што датычыцца аптымізацыі супрацоўнікаў сельвыканкама, то аптымізоўваць іх не трэба, таму што работы шмат. Арганізацый мноства, а мы адны — усім трэба даць інфармацыю. Напрыклад, у нас сёння працуе прыбіральшчыца на чвэрць стаўкі — плошча будынка невялікая. А вось з астатнімі пазіцыямі складаней: скарачаць бухгалтара не варта, паколькі вельмі шмат аперацый выконваецца, а рабіць гэта праз раён вельмі нязручна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Два ў адным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?