Вы тут

Завершаны работы па нармалізацыі граніц Мінскай вобласці


Завершаны работы па нармалізацыі і ўстанаўленні граніц Мінскай вобласці і яе раёнаў. У выніку агульная плошча цэнтральнага рэгіёна зменшылася на 1780 гектараў, або на 0,04%.


— Усталяванне граніц адміністрацыйных раёнаў і абласцей у Беларусі, а таксама вызначэнне іх плошчаў, упершыню было выканана ў 50-я гады мінулага стагоддзя графічным спосабам на аснове картаграфічнага матэрыялу, які меўся, — расказаў намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Мінаблвыканкама Уладзімір Гумараў. — Але з таго часу інфармацыя састарэла і патрабавала ўдакладненняў. Цяперашнія работы вяліся з прымяненнем сучасных тэхналогій: дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, метадаў атрымання і апрацоўкі фатаграфічных здымкаў і аблічбоўкі зямельнага пакрыцця.

Выяўлена, што часта гэтыя граніцы немагчыма вызначыць на мясцовасці без прымянення спецыяльнага абсталявання. Яны не супадаюць з цвёрдымі контурамі: рэкамі, меліярацыйнымі каналамі, дарогамі, ляснымі масівамі, прасекамі, а ў многіх выпадках перасякаюць участкі сельгасугоддзяў, землі ляснога фонду.

— Як правіла, на такое размяшчэнне граніц паўплывалі меліярацыйныя і культуратэхнічныя работы, будаўніцтва аб'ектаў транспартнай інфраструктуры, змяненне ўмоў землекарыстання і іншыя аспекты, — тлумачыць спецыяліст. — Менавіта гэтыя абставіны і абумовілі неабходнасць устанаўлення дакладных граніц абласцей, раёнаў, а таксама ўдакладненне іх плошчаў. Мінская вобласць стала першапраходцам у гэтай справе, папярэдне пілотны праект быў апрабаваны ў Смалявіцкім раёне.

Асноўная мэта работ — вызначыць адзіныя, як правіла, апазнавальныя на мясцовасці граніцы для таго, каб забяспечыць больш эфектыўную арганізацыю дзяржаўнага рэгулявання і кіравання, функцыянавання суб'ектаў гаспадарання. Напрыклад, па адзін бок трасы М1 поле належала Мінскай вобласці, па другі — Брэсцкай. Больш рацыянальна было перадаць яго аднаму рэгіёну, каб не пераганяць тэхніку, не траціць дадаткова паліва. Або, у прыватнасці, адбываецца дарожна-транспартнае здарэнне, а ДАІ дакладна не можа вызначыць, каму належыць гэтая тэрыторыя. Ды і хуткую дапамогу невядома з якога раёна выклікаць.

Работы былі праведзеныя Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Праектны інстытут Белдзіпразем» ва ўзаемадзеянні з землеўпарадкавальнымі службамі райвыканкамаў і Дзяржаўным камітэтам па маёмасці ў адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў.

Аналагічныя мерапрыемствы павінны завяршыцца ў 2017 годзе ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, у 2018-м — на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне.

Мерапрыемствы па аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Мінскай вобласці прайшлі грамадскае абмеркаванне, узгоднены са старшынямі раённых і абласнога выканаўчых камітэтаў. Мінскі абласны Савет дэпутатаў і мясцовыя Саветы прынялі рашэнні аб унясенні прапаноў аб усталяванні граніц рэгіёна, якія зацвердзіць сваім Указам кіраўнік дзяржавы. Праект дакумента падрыхтаваны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ведай свае граніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?