Вы тут

Пасадзі сваё дрэва


Сесія Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў разгледзела пытанні патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання школьнікаў і навучэнцаў.

Такія праблемы, згадзіцеся, не часта выносяцца на разгляд дэпутатаў мясцовых Саветаў. Дэпутаты ўсё больш аналізуюць добраўпарадкаванне, жыллёва-камунальную гаспадарку, навядзенне парадку на зямлі. Усё пералічанае ажыццяўляецца для паляпшэння якасці і ўзроўню жыцця кожнага грамадзяніна. Той жа парадак на зямлі мае на ўвазе цэлы комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні прыстойнага стану зямлі, прыроднай разнастайнасці, рэк і азёр — для таго, каб перадаць іх пакаленню, якое падрастае. А яно, гэтае пакаленне, павінна разумець і цаніць спадчыну бацькоў, ведаць гісторыю і сённяшні дзень сваёй краіны. На гэта і накіравана выхаваўчая работа.


Дэпутат Ірына БАСАН, намеснік дырэктара Карчоўскай сярэдняй школы, расказала пра краязнаўчую работу, якая шмат гадоў праводзіцца ў навучальнай установе. Настаўнік гісторыі Віктар Мініч вядзе адпаведны гурток. Паколькі школа і навакольныя вёскі размешчаны па суседстве з малой радзімай Адама Міцкевіча, пошукі вядуцца ў гэтым кірунку. Аднойчы школа нават атрымала дазвол ад абласной улады на правядзенне міні-раскопак у Туганавіцкім парку. Парк, што авеяны легендамі пра сустрэчы вялікага паэта з каханай, хавае ў сабе шмат таямніц. Таму дзеці пад кіраўніцтвам свайго педагога з вялікім задавальненнем правялі раскопкі на адведзенай тэрыторыі. Знайшлі тады прадметы побыту, фрагменты посуду, манеты. Акрамя гэтага, «акунуліся» ў рамантызм таго часу, адчулі сябе юнымі археолагамі і, несумненна, папоўнілі сваю капілку ведаў.

Усе знойдзеныя ў парку трафеі належным чынам аформілі і ўладкавалі ў музейны куток. Потым вывучалі знакаміты камень філарэтаў. Ён знаходзіцца недалёка ад вёскі Карчова. Ля яго, паводле падання, сустракаліся члены студэнцкай падпольнай патрыятычнай арганізацыі — Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і іншыя. Вядома, настаўніку даводзіцца на згаданую тэму праводзіць невялікія лекцыі. Але побач з гістарычным валуном яны ўспрымаюцца і засвойваюцца лепш, чым у класе. Дзеці такім чынам як бы «дакранаюцца» да духоўнай спадчыны свайго краю, спасцігаюць гісторыю краіны праз канкрэтныя эпізоды мінулага малой радзімы.

Вялікая даследчая работа праводзіцца таксама ў Жамчужненскай сярэдняй школе, дзе і праходзіла пленарнае пасяджэнне сесіі. Вучні настаўніцы Ірыны Дубейкі, аўтара кніг па гісторыі Баранавіцкага раёна, не раз атрымлівалі адзнаку на рэспубліканскім узроўні за даследчыя работы. Школа нярэдка станавілася пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па рэалізацыі розных праектаў. Напрыклад, такіх як праект шостага школьнага дня «Захаваць жыццё на сяле».

З падобных спраў, накіраваных на паляпшэнне жыцця сваёй вёскі, пасёлка, пачынаецца выхаванне грамадзянскай пазіцыі маладога чалавека — лічыць старшыня Жамчужненскага сельскага Савета дэпутатаў Валерый Герман.

Валерый Міхайлавіч расказаў, як у Жамчужным сёлета праводзілася акцыя «Пасадзі дрэва». Дзяцей у пачэснай справе прыйшоў падтрымаць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны, дырэктар птушкафабрыкі «Дружба» Васіль Маркевіч. Усе разам тады высадзілі шмат маладых дрэў. Паводле слоў старшыні сельскага Савета, гэта не першая такая акцыя, хутчэй, традыцыйнае мерапрыемства. Яшчэ вучні мясцовай школы ўзялі шэфства над помнікам, прысвечаным падзеям вайны. Яны пастаянна прыбіраюць тэрыторыю вакол мемарыяла, высаджваюць кветкі. Увогуле, без вучняў тут не праводзіцца ніводнае ўшанаванне ветэранаў, святочнае мерапрыемства на 9 мая.

Асаблівую ўвагу старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей ДЗЯДОВІЧ звярнуў на развіццё валанцёрскага руху ў асяродку вучняў. Работа з хворымі, інвалідамі, састарэлымі, несумненна, выхоўвае ў дзяцей спагаду, цярпенне, уменне разумець іншага. І прыклады прагучалі даволі разнастайныя. Напрыклад, у Вольнаўскую бальніцу сястрынскага догляду вучні мясцовай школы прыходзяць разам са сваімі настаўнікамі. Часцей за ўсё гэта бывае на святы, на Каляды і Вялікдзень, на дзень пажылога чалавека. І вядома, пацыентам названай установы прыемна паглядзець канцэрт, адчуць сябе не забытымі, не пакінутымі. Але яшчэ важней у гэтай сітуацыі, што дзеці вучацца камунікаваць са старымі, нямоглымі людзьмі. Можа, пасля наведвання медустановы яны па-іншаму паглядзяць на сваіх дзядулю і бабулю, зразумеюць, што родных трэба шанаваць і берагчы.

Вучні Ляснянскай сярэдняй школы таксама ходзяць ва ўстанову для пажылых. У Лясной знаходзіцца інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Яшчэ ляснянскія школьнікі аказваюць дапамогу рэспубліканскаму анкалагічнаму цэнтру.

Работа валанцёрскага атрада «Данка», створанага пры Гарадзішчанскай сярэдняй школе, заслугоўвае асобнай увагі. У Гарадзішчы ёсць інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З 2014 года школьнікі ажыццяўляюць праект «Вясёлка дабра» пад дэвізам «Не побач, а разам». Яны праводзяць разам з хворымі дзецьмі спартландыі, тэатралізаваныя дзеі, ладзяць так званую клоўнатэрапію. Згаданыя справы з'яўляюцца адным з кірункаў дзейнасці валанцёрскага атрада. Дзейнасць атрада будуецца на дэмакратычных пачатках з поўнай рэалізацыяй самастойнасці юнага чалавека альбо групы дзяцей. Атрад прапануе любому ахвотнаму вучню сваёй школы разнастайныя віды сацыяльна значнай дзейнасці. У іх ліку бываюць акцыі грамадзянска-патрыятычнага кірунку, скажам гутарка на Дзень герба і сцяга. Жадаеш паўдзельнічаць у дыскусіі на тэму фарміравання здаровага ладу жыцця — калі ласка. Аматарам тэатральнага мастацтва даецца магчымасць прыняць удзел у пастаноўках, якія ладзяцца на самыя розныя тэмы.

Старшыня райсавета Сяргей Дзядовіч заўважыў таксама, што заслугоўвае ўвагі афармленне куткоў дзяржаўнай сімволікі ў навучальных установах, якія наведалі ўдзельнікі выязной сесіі. Яны ёсць ва ўсіх школах раёна. Дэпутаты адзначылі асаблівую ролю бібліятэк устаноў адукацыі па вывучэнні сімволікі Рэспублікі Беларусь. Менавіта бібліятэкі арганізоўваюць тэматычныя выстаўкі, выстаўкі-прагляды, рознага кшталту прэзентацыі па такіх тэмах, як «Геральдыка беларускай дзяржавы», «Дзень дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь». Важна, што на пералічаныя выстаўкі ходзяць малодшыя школьнікі, у свядомасці якіх павінна замацавацца павага да дзяржаўнай сімволікі, разуменне асаблівага месца нашай краіны ў свеце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.