Вы тут

Чаму ў розных дамах за цяпло плацяць неаднолькава?


Панядзелак прынёс доўгачаканае цяпло ў некаторыя сталічныя дамы, а на працягу пяці дзён батарэі павінны нагрэцца ва ўсіх кватэрах, а таксама інтэрнатах, гасцініцах, навуковых установах. Даведацца пра графік падключэння свайго дома можна праз чат-бот кантакт-цэнтра ЖКГ сталіцы на партале «Мой Горад» 115.бел.


— Цяпло падключаюць адпаведна зацверджаным графікам. Штогод у сталіцы гэта адбываецца за пяць дзён. Яшчэ дзесяць пасля гэтага даецца на настройку сістэмы ацяплення Мінска. У прыватнасці, на ліквідацыю пэўных непаладак, накшталт распаветрывання сістэмы, — расказаў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Пасля падключэння ўсіх спажыўцоў цеплавой энергіі правяраецца работа абсталявання і адбываецца яго рэгуліроўка (соплы, шайбы, рэгулятары). Правяраецца таксама прагрэў стаякоў і прыбораў ацяплення з аператыўнай ліквідацыяй выяўленых недахопаў.

Каб не гадаць, у які дзень цяпло наведае вашу кватэру, і не апытваць суседзяў, супрацоўнік Мінжылкамгаса раіць звяртацца да чат-бота. «Я сам ім карыстаўся, мой дом 12 кастрычніка падключаць».

Рашэнне аб пачатку падключэння цяпла прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адпаведна чарговасці. Да першай групы адносяцца аб'екты сацыяльнай сферы, якія падключаюць, калі сярэднясутачная тэмпература на працягу пяці дзён ніжэй за 10 °С. Другая група — жылфонд — пачынае абагравацца, калі тэмпература апускаецца ніжэй за 8 °С, адміністрацыйныя будынкі падключаюць да цяпла ў апошнюю чаргу.

Тарыф адзін — сумы розныя

Згодна з сацыяльным стандартам тэмпература ў кватэры павінна быць ад 18 °С да 24 °С. Як кажуць спецыялісты, лічбы за ацяпленне ў «жыроўках» залежаць не толькі ад градуса цепланосьбіта і яго колькасці, а і ад катэгорыі дома, дзе вы жывяце. Цяпер такіх катэгорый дзве: уліковыя дамы, у тэхнічных памяшканнях якіх устаноўлены групавыя прыборы ўліку цяпла, і безуліковыя будынкі (як правіла, гэта малапавярховікі, дзе тэхнічна немагчыма ўсталяваць такія прыборы).

— У дамах, якія не маюць прыбораў уліку, плата за ацяпленне — пастаянная велічыня з кастрычніка па красавік, незалежна ад таго, якая тэмпература на вуліцы і колькі было затрачана на яе падагрэў, — растлумачыў Ігар ГАНЧАРЫК, галоўны інжынер ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — У дамах, дзе групавыя прыборы ўліку цяпла ёсць, плацяць у залежнасці ад таго, наколькі холадна на дварэ. Аўтаматыка прыкрывае (змяншае) падачу цепланосьбіта на дом, калі тэмпература на вуліцы павышаецца, а калі халадае — падача цяпла павялічваецца. Як на вёсцы: чым халадней, тым больш дроў трэба. Гэты групавы прыбор лічыць гігакалорыі цепланосьбіта. Згодна з гэтымі данымі і выстаўляецца аплата за карыстанне цеплавой энергіяй.

Тэмпература сеткавай вады, якая падаецца на дом, рэгулюецца адпаведна з тэмпературнымі графікамі, зыходзячы з градуса на вуліцы, а таксама вар'іруецца ў залежнасці ад цеплакрыніцы, з якой падаецца носьбіт энергіі. Сам уласнік таксама можа рэгуляваць тэмпературу ў кватэры, з дапамогай тэрмарэгулятара на батарэі абмяжоўваючы доступ гарачай вады ў ацяпляльны прыбор. Гэта дазваляе стварыць камфортны мікраклімат, аднак не ўплывае на памяншэнне аплаты за ацяпленне.

Плаціць адно за рэальна атрыманае цяпло можна толькі пры наяўнасці на батарэях уласніка кватэрнага прыбора ўліку цяпла — электроннага размеркавальніка. Менавіта ён фіксуе, калі тэрмарэгулятарам абмяжоўваецца доступ цепланосьбіта ў батарэю. Паказчыкі з размеркавальніка здымаюцца абслугоўваючай арганізацыяй, якая пасля заканчэння ацяпляльнага сезона зробіць пераразлік аплаты за ацяпленне.

— Устанавіць пакватэрную сістэму індывідуальнай рэгуліроўкі цяпла можна і ў старых кватэрах, дзе зроблена вертыкальная сістэма разводкі. Толькі гэта будуць не прыборы ўліку цеплаэнергіі, якія паказваюць колькасць цяпла ў гігакалорыях ці джоўлях, а электронныя размеркавальнікі і прыборы выпарнага тыпу (апошніх ужо не так многа), — заўважыў Ігар Ганчарык. — Праўда, для гэтага трэба, каб 75% жыхароў дома былі згодны разлічвацца па паказчыках размеркавальніка. Раней такія прылады ўстанаўліваліся пры капітальным рамонце, пасля на нейкі час гэта работа прыпынілася. І вось ужо з 2010 года мы зноў прапаноўваем падчас капрамонту ў дамах рабіць такую сістэму рэгулявання. Тэрмастатычныя клапаны робяцца за кошт сродкаў на капрамонт, а ўжо кватэрныя прыборы — за кошт жыхароў. А раней уся сістэма рабілася за адлічэнні на капрамонт. Пакуль у сталіцы адрамантавана сем дамоў з такой сістэмай.

Папярэдне даведацца, колькі давядзецца заплаціць за цяпло, можна, памножыўшы колькасць гігакалорый цепланосьбіта на сучасны тарыф на цеплавую энергію для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, які субсідуецца дзяржавай, — 16,9259 руб./Гкал. Дакладная колькасць сёлетніх гігакалорый будзе ясная толькі пасля іх налічэння праз месяц, аднак самыя нецярплівыя могуць узяць за аснову для падліку тую колькасць, што была ў «жыроўцы» ў мінулым кастрычніку. Пры гэтым, заўважыў Ігар Ганчарык, у залежнасці ад тыпу дома плата за ацяпленне ўсё роўна будзе адрознівацца.

Тым часам

Грамадскія слуханні па тарыфах ЖКГ

Каб пачынанне запрацавала, трэба зацікаўленасць жыхароў

Збіраць людзей і расказваць ім, з чаго складаецца сабекошт жыллёва-камунальных паслуг і чаму ў «жыроўках» стаяць тыя ці іншыя лічбы. Такую ініцыятыву выказаў Генадзь КАЛЁНАЎ, выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці (МАМН):

— Ідэя ў тым, што вытворца жыллёва-камунальнай паслугі добраахвотна аб'яўляе пра дзень абмеркавання пытанняў па тарыфах. Такім чынам наладжваецца супрацоўніцтва паміж жыллёвымі асацыяцыямі і камітэтамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Людзі прыходзяць на агульны сход і дэталёва даведваюцца пра сабекошт паслугі, атрымліваюць адказы на пытанні. Такім чынам ва ўласнікаў знікнуць прэтэнзіі да адсутнасці інфармацыі, прападзе агрэсіўнасць і здымуцца многія пытанні. Узамен прыйдзе разуменне, адкуль бяруцца лічбы, і за што дакладна яны плацяць.

Увогуле, гэта ідэя не новая, а практыка, якая ўжо паказала сябе ў Еўропе, гаворыць Генадзь Калёнаў. Як арганізоўваюць грамадскія слуханні ў Латвіі на мерапрыемстве ў Мазыры ў межах «Тыдняў устойлівага развіцця» расказваў і Юрыс ВІДЖЫС, член праўлення латвійскай асацыяцыі кіраўнікоў, намеснік старшыні праўлення МАМН. З 2010 года ў Латвіі ўкаранілі інфармацыйную сістэму «Справа дома». Яе сутнасць у тым, што кожны шматпавярховы дом у інтэрнэце мае электронны архіў звестак пра яго функцыянаванне з моманту заснавання будынка. Гэта інфармацыя літаральна аб усім: энергаспажыванне, тэрміны рамонту, нават электронны акт выкананых работ па касьбе травы вакол будынка. Усе звесткі туды змяшчае кіраўнік будынка. Пры гэтым жыхары могуць атрымліваць гэтыя звесткі з любога пункта свету пастаянна, а не раз на год, як у нас, у таварыствах уласнікаў. Такі падыход прывёў да таго, што на сход прыходзіць толькі 0,5% уласнікаў, бо яны, па-першае, і так бачаць усё, што адбываецца з іх уласнасцю, а па-другое, у людзей праз такую адкрытасць зніклі скаргі.

З пазітыўным уплывам грамадскіх абмеркаванняў згодны і ў Мінжылкамгасе, аднак лічаць, што зацікаўленасць у правядзенні такіх мерапрыемстваў павінна быць двухбаковая.

— Грамадскія абмеркаванні добра арганізоўваць, каб людзі разумелі, з чаго складаецца тарыф. Калі чалавеку расказваеш пра гэта, у яго знікаюць пытанні, аднак мы не можам дайсці да кожнага. Мы гатовы працаваць з людзьмі і працуем у пэўнай ступені. У прыватнасці, у сталіцы праводзяцца сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацый з жыхарамі, дзе людзям спрабуюць расказаць пра камунальныя паслугі. Аднак жыхары прыходзяць на сустрэчу з надзённымі праблемамі, з тым, што іх хвалюе ў канкрэтны момант: яма ў двары, стыкі працякаюць. Яны проста чакаюць, калі змогуць задаць сваё пытанне. А трэба, каб у жыхароў была зацікаўленасць зразумець, што ім расказваюць, — упэўнены Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Мінжылкамгаса.

Мы рэгулярна размяшчаем інфармацыю на партале камунальнай пісьменнасці gkx.by. Паўгода назад, напрыклад, мы літаральна на малюнках паказвалі, з чаго складаецца сабекошт вады, аднак колькасць тых, хто прачытаў гэтую інфармацыю, мінімальная, людзям гэта не цікава. Яны задаюць пытанне, чаму столькі каштуе вада — у нас жа столькі азёраў, столькі дажджоў? Аднак ніхто не ўнікае і не хоча ўнікаць, што такое працэс падачы вады, што для беларускай вады характэрна высокае ўтрыманне жалеза, і каб зрабіць яе прыдатнай для карыстання, неабходна будаваць станцыі абезжалезвання, а гэта таксама немалыя затраты.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каштоўныя гігакалорыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».