Вы тут

У Беларусі распачынаецца акцыя «За бяспеку разам»


Зіма — суровы экзаменатар, яна бязлітасна праверыць, як чалавек падрыхтаваў сваё жыллё да халадоў. Але, на жаль, не кожны ў стане зрабіць гэта самастойна. Напрыклад, адзінокія старыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Асабліва, калі яны жывуць у аддаленых, маланаселеных вёсках, дзе часцяком і дапамагчы ім няма каму. У «групу рызыкі» стала ўваходзяць і сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Менавіта таму кожны кастрычнік МНС Беларусі разам з прадстаўнікамі міністэрстваў унутраных спраў, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, органаў апекі і папячыцельства, а таксама Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства праводзіць пажарна-прафілактычную акцыю «За бяспеку разам». Сёлета яна пройдзе з 16 кастрычніка па 14 лістапада.


Аб тым, што ж чакаць падчас яе, расказала афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Швайбовіч.

— Акцыя накіравана на тое, каб павысіць культуру бяспекі, папярэдзіць пажары і гібель людзей ад іх як у побыце, так і на працоўных месцах. Невыпадкова яна праходзіць у перыяд, калі людзі пачынаюць масава карыстацца печкамі і іншымі ацяпляльнымі прыборамі. І з-за гэтага істотна ўзрастае колькасць узгаранняў. Напрыклад, летась з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры мантажы і эксплуатацыі пячнога ацяплення адбылося 327 пажараў. Яны забралі жыцці 14 чалавек.

Сёлета ратавальнікі правядуць сумесныя рэйды па выяўленні пустых дамоў, абследуюць гарышчы, падвалы, месцы агульнага карыстання ў шматкватэрных жылых дамах. Пад асаблівым кантролем будуць наяўнасць і стан вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння ў сельскіх населеных пунктах.

Падчас мінулай акцыі ратавальнікі цэнтральнага рэгіёна праверылі больш за 17,5 тысячы прыватных домаўладанняў. Супрацьпажарныя інструктажы прайшлі больш за 22 тысячы чалавек.

— Галоўныя задачы нашай акцыі — праінфармаваць насельніцтва аб стане пажарнай бяспекі, растлумачыць у даступнай форме, што ж будзе, калі на правілы не зважаць, — працягвае Настасся Швайбовіч. — А таксама мы дапаможам мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям у навучанні грамадзян мерам пажарнай бяспекі ў побыце і на вытворчасці.

Намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзмітрый Турчын зазначыў, што культура бяспекі людзей павышаецца. Пра гэта лепш за ўсё сведчыць тое, што колькасць пажараў і загінулых на іх апошнім часам істотна знізілася, а апошні паказчык увогуле знаходзіцца на гістарычным мінімуме з пасляваенных часоў. Праўда, з пачатку года на пажарах загінулі 318 чалавек (па стане на 9 кастрычніка). На такі ж час летась адпаведная лічба раўнялася 339 смерцям.

Дзмітрый Турчын таксама паведаміў, што ў Беларусі добра падрыхтаваліся да ацяпляльнага сезона, які пачынаецца сёлета даволі рана. Работнікі МНС разам з прадстаўнікамі іншых структур абследавалі больш за 1 млн памяшканняў у жылых дамах і кватэрах. Інструктаж па мерах бяспекі прайшло каля 1,5 млн чалавек. Прыведзена ў адпаведнасць з патрабаваннямі пячное ацяпленне прыкладна 3 тысячы домаўладанняў.

Далучыцца да акцыі «За бяспеку разам» можа кожны чалавек. Калі ў вас у вёсцы жывуць састарэлыя бацькі, то завітайце да іх. Праверце печку, пакіньце запасную батарэйку для аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Хто ведае, можа, гэтыя простыя захады дапамогуць уратаваць ім жыццё?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Зімовыя іспыты» ўжо блізка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.