Вы тут

Выклік прыняты?! альбо Практычнае, рэдактарскае


Напэўна, пачаць трэба з лыжачкі дзёгцю. Лыжкі. Чарпачку.


Самыя непахісныя меркаванні пра літаратуру маюць зазвычай людзі, вельмі далёкія ад чытання і пісання. Так, адзін мой знаёмы, які, па ўласным сцвярджэнні, за два месяцы ледзь дабраўся да паловы прыгодаў Гекльберы Фіна (і тое толькі таму, што «трэба ж акультурыцца»), мае самае простае і недвусэнсоўнае ўяўленне пра тое, як трэба пісаць. Ці — як не трэба. І ахвотна гэтым уяўленнем дзеліцца. А ад аднаго імені Набокава знаёмы адразу ж пачынае плявацца, хаця і «вядома ж, не чытаў». Прычым сказана гэта будзе такім тонам, што міжволі пачырванееш за беднага Набокава.

Калі ж маеш хоць ускоснае дачыненне да літаратуры (ці хаця б да літаратурнай часткі часопіса, калі на тое), такая недвухсэнсоўнасць меркавання немагчымая, нават шкодная. Як і цалкам немагчыма вызначыць універсальныя правілы стварэння літаратурнага твора. На ўвазе тут маецца, вядома, не сукупнасць моўных сродкаў (бо можна навучыць прадуктыўна карыстацца моваю), а пэўны ўзровень майстэрства і мыслення аўтара, што дазваляе нам назваць опус творам мастацтва.

Зрэшты, калі кажам пра майстэрства, значыць, літаратурны навык можна ўдасканаліць? Вядома. І, як і кожны іншы навык, гэты патрабуе працы — над сабою і над сваімі тэкстамі.

У працы над сабою варта найперш назваць чытанне. Аўтарскі інструментарый развіты роўна настолькі ж, наколькі багатая ў аўтара эрудыцыя. І тут варта развянчаць грандыёзны самападман, які часам бытуе сярод аўтараў, асабліва юных: «чукча не чытач, чукча пісьменнік». Як няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, так і махровая недасведчанасць у літаратурным кантэксце не дае аўтару карт-бланш у творчасці. Як рэдактару, мне даводзілася сустракацца з недарэчнымі выпадкамі, калі аўтар вырашаў скарыстаць кідкую назву, якую мімаходзь пачуў ці пабачыў дзесьці, — і гэтая назва аказвалася, на здзіўленне «наватара», ужытай гадоў дваццаць таму ў творы нобелеўскага лаўрэата.

Таму, каб гуляцца з кантэкстам і задаваць чытачу прыемныя інтэлектуальныя задачкі, трэба гэты самы кантэкст ведаць.

Зноў жа, пытанне кантэксту: толькі зрабіўшыся рэдактарам, я зразумела «вырванасць», адасобленасць многіх нашых аўтараў. Справа ў тым, што пэўная іх колькасць часопіс «Маладосць» (індывідуальны падпісны індэкс, калі што, 74957) не чытае — дай Божа, каб прабеглі старонкі з уласнымі тэкстамі (калі выпішуць нумар), і тое не факт. І справа не ў тым, што часопісам жыццёва неабходная падпіска, а ў тым, што, легкадумна прапускаючы нумары, аўтары часта прапускаюць сапраўды выйгрышныя, цікавыя публікацыі сваіх калег, якія маглі б іх наштурхнуць на роздум, натхніць — ці прымусіць паспрачацца. Веды — гэта зброя; веданне таго, што робяць калегі па цэху, — неабходны працоўны інструмент.

У рэдакцыйнай працы не абыходзіцца і без кур’ёзаў. Колькі разоў мы атрымлівалі лісты ад аўтараў, якія мелі вельмі цьмянае ўяўленне, куды пішуць і нашто. Хтосьці, перш чым дасылаць творы, доўга і ў падрабязнасцях спрабуе распытаць пра ганарары; хтосьці ўпарта дасылае тэксты на рускай мове і шчыра здзіўляецца, калі адмаўляем; хтосьці найперш вырашае дамовіцца пра псеўданім: «бо калі пачну ў вас друкавацца, мне гэты ўвесь літаратурны поспех будзе замінаць вучыцца».

Sancta simplicitas.

Кур’ёзы, аднак, кур’ёзамі, а пытанне з маладымі аўтарамі ўвогуле досыць сур’ёзнае і складанае. Маю на ўвазе, што творчая нясталасць і неспрактыкаванасць мінаюць параўнальна хутка (калі, вядома, чалавек прыкладае да гэтага высілкі). Але зразумела і тое, што аўтар, нават звышадораны, патрабуе дадатковай увагі, умоў, у якіх зможа працаваць і фарміраваць з «пачаткоўца» ўласнае аблічча. Іначай, бясконца застаючыся аўтарам-пачаткоўцам, можна так ніколі і не пачаць.

Што схіляе маладых (і не толькі маладых, думаецца) да працы? Найперш — выклік. Спаборніцтва. Магчымасць паказаць сябе. Адсюль — безумоўная важнасць творчых конкурсаў, праз якія, зноў жа, маладыя аўтары маглі б пазнаёміцца адзін з адным, пастасавацца, абмяняцца здабыткамі майстэрства, узаемна натхніцца. Справа не ва ўзнагародах і не ў дыпломах, якія, вядома, прыемна павесіць на сценку ці паставіць у шафку. Справа ў нагодзе давесці — найперш самому сабе — свае сілы, сваё ўменне, сваю, калі хочаце, прафесійную прыдатнасць.

Таму што чалавек-творца (не ўжываю безнадзейна дыскрэдытаванае сёння «творчая асоба», бо гэтым найменнем каго толькі не называюць!) заўжды сумняецца: у самім сабе, у сваіх сілах, у правільнасці абранага шляху. А давесці нешта самому сабе, як вядома, значна цяжэй, чым іншым. Зрэшты, менавіта гэты чарвячок сумневу гоніць творцу наперад, да новых вяршыняў, да новых росшукаў.

Ну, і будзем глядзець праўдзе ў твар: выдаць сёння ўласную кніжку, асабліва калі ты малады аўтар і падтрымаць цябе няма каму, вельмі праблематычна. Вельмі. Вельмі-вельмі. Таму важнасць таксама і фінансавай падтрымкі перспектыўных творцаў, думаецца, відавочная. Вашай пакорлівай, напрыклад, у свой час пашчасціла трапіць з дэбютным зборнікам вершаў у серыю СПБ «Мінскія маладыя галасы», прычым адбылося гэта пасля пары гадоў хаджэння з рукапісам па пакутах. Паэзія кепска ідзе на сённяшнім перанасычаным кніжным рынку, так мне тлумачылі.

Але калі літаратура будзе адгукацца адно на запатрабаванні рынку, на прыхамаці досыць разбэшчанай чытацкай масы, мы ўвогуле рызыкуем застацца з вельмі куцым пералікам «патрэбных» жанраў і тэм. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, вядома.

І — да мёду.

Зноў жа, як рэдактар, праз рукі якога за год прайшоў не адзін і не два рукапісы, магу сказаць, што росшукаў, спробаў, памкненняў і ўвогуле энтузіязму сярод нашых маладых творцаў нямала. Адзначу, што часткай матэрыялаў мастацкіх рубрык мы часцяком абавязаныя менавіта конкурсам — «Браме Мар», «Першацвету». У сёлетняй выбарцы з «Брамы Мар» я асабіста зрабіла некалькі вельмі прыемных адкрыццяў і шчыра спадзяюся, што дэбютанты сёлетняга дзявятага нумара працягнуць супрацоўніцтва з намі.

Ёсць у «Маладосці» і шэраг «сталых» аўтараў (хаця і таксама маладых), якія друкуюцца ўжо не першы раз і нязменна радуюць сваймі творамі. І, што цешыць больш за ўсё, яны працуюць, удасканальваюцца, набіраюцца досведу. Назіраць за гэтым (не толькі ў нашым часопісе, але і ў іншых выданнях, і ў сеціве) і часткова, па меры сіл, дапамагаць — бясконца прыемна. Наконт некаторых, найбольш яркіх асоб пачынаеш нават рабіць прагнозы: у які бок будзе рухацца, якім зробіцца гадкоў праз пяць, калі наб’е руку і канчаткова пазбавіцца перайманняў?

Угадаць тут, напэўна, нельга.

Ды і ці трэба ўгадваць?

Пажывём (пачытаем) — пабачым.

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.