Вы тут

(НЕ)забытая спадчына


У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Крывіцкія руны — ІІ: Беларускі культурны мацярык у Латвіі» (укладанне, прадмова і каментарыі М. Казлоўскага і С. Панізьніка), у якую ўвайшлі мастацкія творы, дакументы, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, эпісталярый, адшуканыя ў дзяржаўных і прыватных архівах, а таксама на невядомых шырокаму колу чытачоў старонках перыядычных выданняў міжваеннай і сучаснай Латвіі. Першы выпуск «Крывіцкіх рунаў», дзе былі прадстаўленыя выбраныя творы паэзіі, прозы і публіцыстыкі беларускіх пісьменнікаў Латвіі, выйшаў у 2003 годзе. Сёлета колькасць адшуканых архіўных матэрыялаў і рэдкіх публікацый стварыла нагоду для працягу «рунічнай» тэмы.


Мабыць, многія пачнуць вывучэнне кнігі з эпісталярнага раздзела: сапраўды, ліставанне К. Езавітава з дзеячамі беларускай культуры немагчыма абмінуць увагай (дзевяць лістоў, датаваныя 1943 — 1944 гг., дасланыя Міколу Абрамчыку, Адаму Станкевічу, Івану Ермачэнку, Францішку Аляхновічу, Сяргею Сахараву, Алесю Махноўскаму). Аднак у параўнанні з іншымі раздзеламі — «Забытая спадчына», «Беларускі архіў», «Меморыя», «Праграмы, статуты, інструкцыі беларускіх партый і арганізацый у міжваеннай Латвіі» — «Эпісталярый» глядзіцца даволі сціпла. Большую частку кнігі складаюць публікацыі тэкстаў розных жанраў ураджэнцаў былога Дзвінска (цяпер Даўгаўпілс) і яго ваколіцаў. Знаўцы могуць не пагадзіцца з азначэннем укладальнікаў — «Забытая спадчына». Для многіх архівістаў, літаратуразнаўцаў, бібліёграфаў прозвішчы аўтараў і іх творы не ёсць забытымі, адпаведна, не будуць і адкрыццём. Аднак гэта датычыць сапраўды толькі спецыялістаў вузкага кола. Для большасці аматараў беларускай літаратуры многія імёны не адгукнуцца рэхам пазнавання. Менавіта таму кожная публікацыя суправаджаецца кароткім жыццяпісам. Праўда, часам у іх ёсць і белыя плямы. Жыццёвыя дарогі пераважнай большасці прадстаўленых аўтараў так ці іначай прывялі іх на эміграцыю ў ЗША альбо краіны Заходняй Еўропы. Колькі дзесяцігоддзяў таму даследаванне гэтай тэмы не магло займець шырокага асвятлення. Але сёння міжкультурныя сувязі актыўна вывучаюцца на розных узроўнях, шматмоўныя выданні знакавых твораў класікаў літаратуры розных краін набываюць усё большую папулярнасць і дакументы дзеячаў беларускага замежжа беражліва перавозяцца ў рэспубліканскія архівы.

Артыкулы і мастацкія тэксты друкуюцца паводле выданняў 1920 — 1940-х гг., якія сёння захоўваюцца ў бібліятэках і архівах розных краін: «Калоссе», «Беларускі летапіс», «Новы шлях», «Раніца», «Сакавік», «Узвышша»… Выключэнне хіба толькі публікацыя латышскіх народных казак, перакладзеных Уладзімірам Пігулеўскім, што ўпершыню была здзейсненая ў часопісе «Бярозка» ў 1955 годзе. Асобна варта вылучыць публікацыі паводле зборніка вершаў гуртка маладых беларускіх паэтаў у Латвіі «Першы крок» (Рыга, 1926 г.) і зборніка твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928 г.), альманаха «З роднае нівы: зборнік прыгожага пісьменства, папулярнае веды, інфармацыяў аб грамадскім жыцці і ўстановах» (Вільня, 1928 г.; адзін падзагаловак чаго варты!). Тут друкаваўся вельмі папулярны ў 1920-х гадах і не менш загадкавы для сучаснага даследчыка творца Аўген Бартуль.

Надзвычай цікавы для характарыстыкі маральнага аблічча часу востры палемічны артыкул Віктара Вальтара «Да моладзі» (друкуецца паводле часопіса «Пагоня», 1930 г.). Уражвае глыбіня асэнсавання праблем свайго пакалення, шырыня кругагляду і літаратурнага досведу, асабліва калі памятаць, што Віктару Вальтару было наканавана памерці ў 29 гадоў, а згаданы допіс быў створаны за два гады да смерці. Тое, што ў беларускім савецкім друку 1920 — 1930-х гадоў культывавалася як літаратурна-мастацкае і культурна-светапогляднае супрацьстаянне пісьменніцкіх пакаленняў (славутае маладнякоўскае «у рожкі са старымі»), настаўнікам беларускай школы ў вёсцы Плейкі Віктарам Вальтарам асэнсоўвалася як татальнае разбурэнне іерархіі духоўных каштоўнасцяў («усе ідэалы не маюць ніякае абсалютнае вагі, усе яны валяцца, як картачныя дамкі»), што адбылося паміж «векам сучасным і векам мінулым»: «Калі можна сказаць пра старэйшае пакаленне, што яно выйшла з усіх беснаватых падзей новым, пакалечаным, разбітым, як пры нейкім землятрусе, і на старых руінах пачало будаваць новае жыццё, — дык што тады можна сказаць пра новае, маладое пакаленне, якое якраз радзілася пад гукі гармат, пад адсветы пажараў?». Многія думкі, выказаныя В. Вальтарам, сугучныя розным палемічным водгукам, што так часта з’яўляліся на старонках мінскай перыёдыкі таго часу. Таму вельмі каштоўным падаецца вяртанне яго спадчыны ў агульналітаратурны беларускі кантэкст.

Гэта датычыцца, вядома, не толькі згаданай публікацыі. Артыкулы, навуковыя доследы, мастацкія творы ўсіх прадстаўленых у кнізе аўтараў — Эдварда Будзькі, Баляслава Брэжгі, Янкі Доўгага, Лявона Паэгле, Міколы Панькова, Матыльды і Кастуся Езавітавых — не толькі ўзбагачаюць гісторыю нашай літаратуры, але і ў шэрагу выпадкаў прымушаюць дадаваць, удакладняць, пашыраць старонкі гісторыі. З улікам таго, што да «Крывіцкіх рунаў» будуць звяртацца даследчыкі, навукоўцы, студэнты і аспіранты вышэйшых навучальных устаноў, варта адзначыць: выданню — пры найбагацейшым фактычным матэрыяле — усё-ткі не стае акадэмічнасці стылю, найперш у прадмове, каментарыях, біяграфічных даведках.

Укладальнікі М. Казлоўскі і С. Панізьнік увесь час падкрэсліваюць два істотныя моманты: па-першае, вяртанне спадчыны герояў кнігі недаравальна спазнілася на многія дзесяцігоддзі; па-другое, змешчаныя ў двух выпусках «Крывіцкіх рунаў» матэрыялы не ёсць апошняй кропкай — яшчэ багата знойдзецца матэрыялаў для публікацыі ў наступных выпусках. Значыць, пошукі працягваюцца, і, магчыма, з цягам часу наспее актуальнасць энцыклапедычнага даведніка па жыцці і творчасці беларускіх культурных дзеячаў міжваеннай Латвіі.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.