Вы тут

Не дажаў ён літаратурнай збажыны…


Эдуард Ярашэвіч згас як свечка, не дажаўшы сваёй літаратурнай збажыны, калі згасалі тысячы і тысячы беларусаў у той страшны 1986 чарнобыльскі год. Сёння яму споўнілася б восемдзесят.


Мне вельмі няёмка і цяпер, больш чым праз 30 год: я часта праходзіў паўз сядзібу свайго сябра Эдуарда, прадчуваючы яго блізкую смерць. А запісваў апошні раман Эдуарда (бо сам ён пісаць ужо не мог) настаўнік Усевалад Шыдлоўскі.

Эдзіка Ярашэвіча ведалі ў мястэчку Смілавічы літаральна ўсе: даярка і настаўнік, інжынер і рабочы, хатняя гаспадыня і бухгалтар, студэнт і школьнік... І не толькі таму, што ён быў членам Саюза пісьменнікаў СССР і яны былі героямі яго літаратурных твораў. Эдзік знаходзіў агульную мову са старым і малым. Ён не скардзіўся на лёс, радаваўся шчаслівым людзям, дапамагаў як мог таму, хто меў патрэбу.

Бяда — параліч ног — здарылася, калі Э. Ярашэвіч заканчваў дзясяты клас, у 1954 годзе. Эдзік быў старэйшы на тры гады за мяне. Нашым любімым месцам адпачынку на Волме быў «астравок», недалёка ад «панскага берага». Накупаўшыся ўволю і пазагараўшы на сырой зямлі, мы, дзеці, пайшлі па хатах. Назаўтра Эдзіка, што называецца, «скруціла». Ніжняя частка тулава яму «не падпарадкоўвалася» да самай смерці — аж 32 гады!

Бацька, палкоўнік Сігізмунд Ярашэвіч, у час вайны на фронце ажаніўся другі раз. Так Эдуард застаўся без бацькі. Праз тры гады памерла яго маці, не вытрымаўшы пакут сына. Магчыма, сказаўся і Азарыцкі канцлагер, куды пяцігадовага Эдзіка з малодшай сястрой Нэлай, братам Алікам, маці і бабуляй загналі нямецкія акупанты. Яны не дазвалялі нават разводзіць вогнішчы. Потым туды загналі хворых на тыф. Пра пакуты ў тым жудасным балоце, агароджаным калючым дротам, пісьменнік прыгадваў у аповесці «Нехта вернецца з вайны».

Брат Эдуарда Вячаслаў, з якім я вучыўся ў адным класе, быў прададзены ў Францыю бяздзетнай сям’і. Праз шмат гадоў пасля школы я сустрэўся з ім у Брэсце. Пра блуканні Чэсіка, якога пасля вайны бацька знайшоў у Францыі, я планую напісаць кнігу.

Амаль штодня я хадзіў у смілавіцкую бальніцу, дзе спрабавалі вылечыць Эдзіка. Гулялі з ім у шахматы, і я нядрэнна навучыўся ў Эдуарда Ярашэвіча — аднаго з наймацнейшых шахматыстаў Чэрвеньскага раёна — гэтай старажытнай гульні, што вельмі дапамагло ў вучобе і працы.

Спачатку Эдзік, які не меў ніякага працоўнага стажу, атрымліваў усяго 10 рублёў пенсіі. Цяжка даводзілася, іншы раз і галадаў. Дапамагалі суседзі і іншыя спагадлівыя смілаўчане. Стаўшы членам Саюза пісьменнікаў, ён атрымаў 100 рублёў пенсіі. Гэта былі неблагія па тым часе грошы. Эдзік часта пазычаў людзям. Выпівохі нярэдка «забывалі» вярнуць пазыку. Каб неяк звесці канцы з канцамі, Эдзік пачаў публікавацца ў чэрвеньскай раённай газеце «Уперад» і ў рэспубліканскім друку. У часопісе «Маладосць» у 1967 годзе была апублікавана яго аповесць «Сцены свайго дома», потым пайшлі шматлікія публікацыі: «Практыка ў Вербічах», «Прызнанне», «Белыя лугі», «Дзень далёкі і блізкі», «Пражыць дзень» ды іншыя. За ганарары Эдзік Ярашэвіч купіў спачатку матацыкл з каляскай, затым аўтамабіль «Запарожац», затым «Жыгулі». Сам кіраваць Эдзік не мог, таму кіроўцамі былі яго сябры. Я абкручваў яго ногі коўдрай (чамусьці яны заўсёды мерзлі нават у цёплае надвор’е), браў на рукі і садзіў у машыну.

Да Э. Ярашэвіча не раз прыязджалі многія вядомыя ў Беларусі і СССР людзі. Неяк, у 1974 годзе, калі я, малады інжынер, працаваў ужо ў Міністэрстве мясной і малочнай прамысловасці БССР, Эдзік пазнаёміў мяне з вядомым ва ўсім свеце дыктарам Юрыем Левітанам. Сведкамі сустрэч Эдуарда з беларускімі творцамі Паўлам Місько, Іванам Мележам, Ліліянай Анцух, Святланай Алексіевіч, Іванам Шамякіным, Генрыхам Далідовічам, Міколам Чарняўскім, Міколам Маляўкам, Галінай Айзенштат і іншымі быў Аляксандр Халадзінскі, у той час галоўны інжынер інстытута «Мінскпраект». Ён не раз прыгадваў, як засмучаўся Іван Мележ, калі прайграваў партыю Эдуарду Ярашэвічу ў шахматы. Прыязджаў да Эдуарда і адзіны ў свеце лётчык Барыс Коўзан, Герой Савецкага Саюза, які здзейсніў 4 тараны варожых самалётаў.

Эдзік любіў падарожнічаць. Заслужаны майстар спорту Эдуард Гаравы, які кіраваў «Жыгулямі» Эдуарда, успамінаў пра паездку ў Маскву па справах, звязаных з выданнем яго кнігі «Свет имени твоего». Маскоўскія міліцыянеры не раз гатовы былі аштрафаваць беларусаў за шматлікія парушэнні правіл руху. Але, даведаўшыся, што беларускі пісьменнік едзе да сваіх маскоўскіх калег, праводзілі іх аж да будынка Саюза пісьменнікаў СССР.

Маленькая хатка Эдзіка была свайго роду клубам, дзе збіралася смілавіцкая моладзь. Спявалі, танчылі, гулялі ў карты, шахматы і шашкі, і мала каму ўдавалася перамагчы гаспадара. Бог падрыхтаваў для яго цяжкія выпрабаванні, але не абдзяліў рознымі талентамі: Эдзік нядрэнна маляваў, іграў на акардэоне, баяне і гітары.

Кожны народ ушаноўвае сваіх лепшых сыноў і дачок. Было б добра, каб імем Эдуарда Ярашэвіча, чыё 80-годдзе мы сёлета адзначылі, назвалі смілавіцкую бібліятэку, у якой працавала яго маці.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Культура

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

Упершыню ён упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.