Вы тут

Захапіць краінай


Тэорыя і практыка навучання моладзі ад Алеся Квяткоўскага

Кожны студэнт марыць пра выкладчыка, які дапаможа развівацца прафесійна не толькі з пункту гледжання тэорыі, але і ў практычным кірунку. Беларускі мастак Алесь Квяткоўскі, дацэнт архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, зацікаўлівае студэнтаў вандроўкамі па маленькіх гарадах і мястэчках Беларусі, дзе юныя творцы знаходзяць натхненне і вучацца захоўваць прыгажосць краявідаў на палотнах. На пачатку тыдня ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстаўка «Адлюстраванне часу. Алесь Квяткоўскі і вучні-архітэктары БНТУ», прымеркаваная да Дня настаўніка.


Алесь Квяткоўскі ля твораў свойго вучня Яўгена Чахунова.

Выстаўка займае ўсе чатыры выставачныя залы галерэі. Цэнтральную залу ўпрыгожваюць работы самога Алеся Квяткоўскага. У асабістым блоку мастацкіх твораў майстар дэманструе серыю партрэтаў выдатных дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх — Кузьма Чорны, Чэслаў Немен, Канстанцыя Буйло, Вітаўт Чаропка, Кастусь Тарасаў, Ларыса Сімаковіч, Анатоль Сыс, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп і іншыя. Сам аўтар вельмі любіць распавядаць пра партрэт Святланы Алексіевіч, напісаны яшчэ ў 1980-я гады. Мастак падкрэслівае, што партрэт напоўнены добрай энергіяй, якая перадаецца ўсім, хто глядзіць на яго.

Другая частка экспазіцыі — творы вучняў мастака. Алесь Квяткоўскі вельмі ганарыцца, што змог захапіць маладое пакаленне ідэяй маляваць родную Беларусь, раскрываць актуальныя тэмы і праблемы. Менавіта таму вырашыў большую частку выставачнай пляцоўкі аддаць моладзі.

— Год таму дырэктар галерэі «Універсітэт культуры» Павел Сапоцька прапанаваў мне зрабіць маштабны праект, дзе б сумяшчалася творчасць моладзі і дарослага пакалення. І мяне зацікавіла магчымасць паказаць, як адбываецца ўзаемадзеянне паміж вучнямі і выкладчыкамі, — расказаў Алесь Квяткоўскі. — Калі я сачу за студэнтамі і бачу, што ў іх ёсць агеньчык, звязаны з класічным малюнкам, класічным жывапісам, з’яўляецца жаданне іх падштурхоўваць. На выстаўцы дэманструецца цыкл пейзажаў, створаны студэнтамі падчас творчых падарожжаў па рэгіёнах краіны. У 2013 годзе мы паехалі ў вёску Вішнева ў Валожынскі раён, на радзіму Шымона Перэса. Убачылі Цімкавічы і не змаглі там не памаляваць. Сёлета ездзілі ў Валожын, дзе я нарадзіўся, і адтуль таксама прывезлі шмат твораў, пэўныя з якіх — экспанаты сённяшняй выстаўкі. І, ведаеце, моладзь цікавіцца такімі вандроўкамі. Многія ў мяне пытаюцца, чаму я езджу па вёсках, на што марную час. А я адказваю, што для мяне гэта свята душы — пабываць там, дзе нарадзіліся знакамітыя людзі, якія дапамаглі развівацца культуры Беларусі. Я задаволены, што атрымалася захапіць гэтым моладзь: хочацца, каб студэнты палюбілі жывапіс праз краіну.

Творы маладых мастакоў, якія можна ўбачыць на выстаўцы, сведчаць, што аўтары спрабуюць адысці ад традыцыйнасці і шукаюць індывідуальны падыход да творчасці. Гэта заўважна і па каларыстычнасці, і па кампазіцыйнасці твораў. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі творы, якія былі напісаны падчас вандровак. Ёсць работы аўтараў, якія, на думку Алеся Квяткоўскага, дэманструюць пошукі ў сучасным мастацтве.

— Мне вельмі падабаецца творчасць Ірыны Броўкі, якая скончыла ўніверсітэт гадоў пяць таму. Яе карціны не класічныя, а больш сарыентаваныя на сучаснасць і актуальнасць, — падкрэсліў Алесь Квяткоўскі. — Безумоўна, гэта новы подых у мастацтве. Работы Яўгена Чыхунова, які наогул ніколі не вучыўся мастацтву, маюць адметную эстэтыку. Яго прыцягвае алейны жывапіс, і я ўжо даўно такога смелага рэалізму не бачыў. Акварэльныя творы мастачкі віцебскай школы Наталлі Прахарэнкі закранаюць глыбінёй, гармоніяй. Тут многа аўтараў, творчасць якіх схіляе задумацца пра жыццё і тое, што вакол нас.

Вікторыя АСКЕРА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Культура

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

Упершыню ён упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.