Вы тут

Беларусь пачынае і выйграе


Беларусь пачынае і выйграе

На ХХІІ Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце суседнічалі руская і замежная класіка, сучасная драматургія, вулічныя спектаклі з 14 краін свету. Асаблівае месца заняла беларуская праграма. За дзевяць дзён было паказана сем спектакляў з Беларусі ў розных жанрах і формах. Чатыры з іх названыя лепшымі ў сваіх намінацыях. Тры засталіся без узнагарод па розных прычынах.


Іван Кірчук.

Каб не адкладваць на фінал сумныя думы пра некаторыя асаблівасці беларускага тэатральнага працэсу, вызначуся з імі адразу. Фестываль адкрываўся «Пінскай шляхтай» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Закрываўся сучасным балетам Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра «Весна священна ли...». Балет не быў заяўлены як конкурсны. Фарс-вадэвіль купалаўцаў таксама можна лічыць пазаконкурсным, бо створаны ён дзевяць гадоў таму, і гэта быў тады якасны творчы прадукт з зорным складам выканаўцаў, з выразным глыбінным сэнсам і стрыманым свавольствам.

Прайшоў час. Ад частай эксплуатацыі, поспеху ў публікі, пастаяннай пахвалы без аналізу, змены складу артыстаў спектакль «Пінская шляхта» ператварыўся ў канцэрт. Непрыкметна знік ансамбль. Кожны выканаўца мае свой сольны выхад і імкнецца выціснуць у публікі смех і апладысменты. Часам яны шчыра заслужаныя, як у Віктара Манаева, нязменнага прыстава Кручкова. Думаецца, прыбяры яго са спектакля — і ўсё рассыплецца. Ціха і выразна-сумна іграе свае эпізоды Аляксандр Падабед (Цюхай-Ліпскі). Стараецца прытрымлівацца ранейшага сцэнічнага малюнка Міхаіл Зуй (Грышка). Аднак усе астатнія выканаўцы, уключаючы масоўку, націскаюць на ўсе педалі і нясуцца наўскач, дзівячы безгустоўшчынай і адсутнасцю сэнсу. Асабліва крыўдна за Марту Голубеву (Марыся), Вольгу Няфёдаву (Куліна), Аляксандра Зелянко (Куторга). Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін прысутнічаў на паказе спектакля і даў інтэрв’ю, у якім сцвярджаў, што ў школе яму распавядалі «класавую хлусню. Тут няма антырасійскіх матываў, ёсць антыімперскія. Гэта вялікая розніца. Калі вы захопліваеце землі, вы павінны пазбавіць чалавека свядомасці, розуму і гістарычнай памяці». Але гледачы Брэста ўбачылі іншае, пра што спрачаліся ў кулуарах і нават у прэсе.

Відаць, усё гэта выдаткі пракату спектакля, які апынуўся без нагляду і засмуціў членаў экспертнай каманды. Яны не хавалі свайго расчаравання. Шкада, што ніхто з тэатра не застаўся паслухаць крытычных абмеркаванняў.

Не атрымаў узнагарод спектакль Гродзенскага абласнога тэатра «451° па Фарэнгейту». Знакаміты раман-антыўтопію Рэя Брэдберы пра грамадства, дзе спальваюць кнігі і аб’яўляюць па-за законам людзей, якія разважаюць, калісьці прыстасаваў для сцэны вядомы рэжысёр Адольф Шапіра. Паставіў спектакль Генадзь Мушперт, паказаўшы свет, у якім няма жыцця. Знакаміты фантаст Брэдберы быў захоплены ідэяй захавання і перадачы культуры. Праблема актуальная сёння і ва ўсе часы. На праграмцы — словы пісьменніка «Если тебе дадут линованную бумагу, пиши поперёк». Словы, адрасаваныя ўсім, хто не хоча падпарадкоўвацца вывераным правілам. Дзіўна, што таленавіты Мушперт падпарадкаваўся правілам і зрабіў асветніцкі спектакль замест бунтарскага. Аднак ёсць у ім і яркія акцёрскія работы (Людміла Волкава, Мікалай Емяльянаў, Аляксандр Калагрыў).

З задавальненнем пераходжу да фестывальных перамог беларусаў у розных намінацыях. Прынцыпова новым была прысутнасць малавядомых, не рэпертурных калектываў, скажам прасцей: тэатраў без сваіх памяшканняў і дзяржаўнага фінансавання. Паказальна, што яны заяўлялі новыя тэмы мастацтва і вострасацыяльныя праблемы. На першае месца можна паставіць спектакль «Опіум» Цэнтра візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн». Пра гэтую работу, якая стала пераможцам сярод спектакляў малой формы, «ЛіМ» пісаў ужо неаднаразова. Пастаноўку Аляксандра Марчанкі берасцейцы запатрабавалі паказаць двойчы.

Сярод вулічных спектакляў лепшым быў названы «Залаты век, або Трыумф бога з машыны». Пляцоўная пантаміма ў стылі барока — прыгожая казка з прыгожымі касцюмамі, піратэхнічнымі эфектамі. Артысты працавалі на хадулях неймавернай вышыні пад музыку, створаную пры двары Людовіка XIV. Без слоў, але з невымоўным гумарам і выразнасцю цел, што дазволіла атрымаць зарад радасці ў канцы цяжкага працоўнага дня.

Твор унікальнага мастацкага кіраўніка тэатра «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава займеў прызнанне ў многіх як на радзіме, так і ў Еўропе. Пластычны тэатр «ІнЖэст» можа выступаць у закрытых памяшканнях і на святочных вуліцах. Ён існуе больш як 30 гадоў, паспяхова асвойваючы перфарматыўную прастору, і прыцягвае выдатным густам.

Монаспектакль на аснове беларускага фальклору «Дарожка мая» — плён Івана Кірчука, вядомага па гурце «Троіца». Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы дапамог яму з рэжысурай і сцэнаграфіяй. Наш «беларускі шаман», як часам яго называюць, паказаў сувенірны спектакль, напоўнены прадметамі, маскамі, лялькамі, народнымі інструментамі, вышыванкамі. Выканаўца з унікальнай знешнасцю ўводзіць гледачоў у транс, выконваючы этнамузыку. Нягледзячы на гучанне сарака народных песень, гэта не канцэрт, а спектакль. Нават, можна сказаць, прадукт на экспарт. Сам Іван Кірчук кажа так: «Сваёй праграмай я хацеў бы звярнуць увагу людзей да сваіх каранёў, да продкаў, таму што без іх не было б нас, не было б будучыні. Мудрасці продкаў нашых нізкі паклон».

«Сіняя-Сіняя» — маленькі шэдэўр тэатра лялек. Мабыць, упершыню лялечнікі ўдзельнічаюць у фестывалі монаспектаклем. Пастаноўшчык Ігар Казакоў пераасэнсаваў, зрабіў вельмі сучасным апавяданне Уладзіміра Караткевіча. Выдатны артыст Магілёўскага тэатра лялек Мікалай Сцешыц адзін на сцэне. Ён працуе з лялькамі, прадметамі, відэазапісамі і нават з пясочнай анімацыяй. Пясок і шкло, святло і цень, рух рук мастака і фантазія ствараюць вобразы, якія змяняюць адзін аднаго на вачах гледачоў. Так ствараецца пясочная гісторыя. Недаўгавечнасць адрознівае пясок ад іншых мастацкіх матэрыялаў. Нядоўгае жыццё гучыць у галюцынацыях выканаўцы Мікалая Сцешыца.

«25 ліпеня 1880 года. Вялікая паўночная Сахара. Іх засталося толькі двое: маленькая дзяўчынка Джаміля і Пятрок Ясюкевіч, былы паўстанец, былы беларус, былы чалавек... чалавек без ежы, без вады, без Радзімы...» Каб адцягнуць дзяўчынку ад пакут смагі, Пятрок расказвае ёй гісторыю-казку пра сваю Радзіму-вырай «Сінюю-сінюю», гісторыю страты і знаходкі.

Час і прастора распадаюцца. Усплываюць і змешваюцца карціны мінулага і міражы, утвараючы мазаіку сцэн. Знаходзячыся паміж галюцынацыяй і фізічнай рэальнасцю, герой спрабуе рэканструяваць і ўсвядоміць уласнае жыццё. Але спробы пастаянна разбіваюцца бязлітасным ворагам — пяском, што паступова захоплівае іх у палон.

Непаўторны свет спектакля, акрамя класіка беларускай літаратуры Караткевіча, рэжысёра Казакова, акцёра Сцешыца, стварыла таксама сцэнограф Таццяна Нерсісян.

Свята тэатральнага мастацтва ў Брэсце не мае канца. Паводле кіраўнікоў горада і дырэктара фестывалю Аляксандра Козака, ён будзе працягвацца, цешыць перамогамі, адкрыццямі, дазваляючы ўбачыць люстэрка жыцця ва ўсіх яго бясконцых варыяцыях.

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».