Вы тут

Сур’ёзны і кур’ёзны «Тэатральны куфар»


Маладыя выбіраюць класіку — такое ўражанне магло ўзнікнуць у таго, хто акінуў хуткім позіркам праграму сёлетняга Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны Куфар».


Калі раскласці перад сабой праграму спектакляў, заплюшчыць вочы і тыкнуць у яе пальцам, то можна трапіць у зорку сусветнай літаратуры і драматургіі: Пушкін, Чэхаў, Булгакаў, Шміт, Шэкспір. Дадаць сюды колькі жыватворных промняў ад «сонца» антычнага тэатра, а яшчэ «спадарожнікаў» — сучасных айчынных драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага і Андрэя Іванова — атрымаем сапраўдны тэатральны космас. У міжзорныя экспедыцыі выправіліся калектывы маладых аматарскіх і прафесійных тэатраў і тэатральных школ з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Балгарыі, Сербіі, Чылі і Філіпін.

Не ўсе заяўленыя калектывы апынуліся на борце «Тэатральнага Куфра», каб прадставіць класіку ў сваёй інтэрпрэтацыі. Тым не менш тэндэнцыя гульняў з класікай навідавоку. Свабоднае абыходжанне з тэкстамі вялікай літаратуры дэманстравалі спектаклі «Рамэа і Джульета — санет несмяротнага кахання» Тэатра-лабараторыі «Alma Alter» з Сафіі і «Дэман і прарок» сербскага тэатра «Vuk Karadžić» паводле «Маленькіх трагедый» Пушкіна. У апошнім два акцёры з дапамогай жалезнай скрыні паслядоўна ўвасобілі сцэнкі з «Фаўста і Мефістофеля», «Моцарта і Сальеры», у прамежках займаючы публіку пантамімай і жартаўлівымі дыялогамі. А балгарскі тэатр узяў найсумнейшую ў свеце гісторыю пра каханне і амаль пераўтварыў у камедыю (персанажы ўсё ж трагічна паміралі, як у любым нармальным шэкспіраўскім сюжэце). Выканаўцы галоўных роляў дамовіліся, што хаця яны не Рамэа і Джульета, але могуць уявіць сябе на іх месцы, што таксама прапанавалі і гледачам: узнавіць моманты першага пацалунку і прызнання каханаму ці ўспомніць першую сустрэчу. Элементы ўзаемадзеяння сталі паўнапраўнай часткай спектакля. Надараліся смешныя сітуацыі, напрыклад, калі напачатку Рамэа схіляў да жарснага пацалунку хлопца і дзяўчыну, якія аказалася братам і сястрой. Акрамя таго, акцёры выконвалі сучасныя танцы, пелі разам з гледачамі пад гітару (гледачам спадабаліся песні гурта «Любэ»), зачаравалі і гуляючы ўзялі Гран-пры фестывалю па выніках глядацкага галасавання.

Некаторыя тэатры абралі іншую, больш мінорную і разважлівую інтанацыю для размовы пра такія складаныя з’явы нашага жыцця, як лёс, памяць, страта, смерць. Цяжкае і адначасова моцнае ўражанне пакінуў спектакль «Тры…» паводле «Трох сясцёр» Чэхава ў пастаноўцы Маскоўскага драмтэатра «МАДЭРН». Тры дзяўчыны, нібыта старыя, зноў і зноў пракручваюць кінастужку ўспамінаў, адна перад адной разыгрываюць эпізоды з мінулага, размаўляюць з прадметамі як з жывымі людзьмі, што даўно сышлі разам з часам, калі былі магчымыя мары і памкненні да лепшага. Рэжысёр Андрэй Саўчанка перанёс на тэатральную сцэну эпізоды з «Нататак юнага лекара» Булгакава, каб яго героі распавялі смешныя і страшныя, забаўляльныя і павучальныя гісторыі, што сведчаць пра далікатную арганізацыю чалавечага цела і яшчэ больш тонкую прыроду яго псіхікі. Гэтая ж складаная тэма, завостраная да крайнасці, паўстае ў спектаклі тэатра «На балконе» БДУ «Любоў людзей» па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага і ўвасоблена з дапамогай простых, але трапна вынайдзеных сродкаў. У гэтую катэгорыю сур’ёзных па сваім тоне тэатральных выказванняў трапляе і спектакль-прысвячэнне Меерхольду «Чалавек, які перайшоў раку», паказаны Тэатрам дакумента Ганны Сулімы, — лірычны і адначасова жорсткі ў сваёй шчырасці гімн творчаму і жыццёваму подзвігу Майстра.

Чатырнаццаты «Тэатральны Куфар» завяршыўся, але паспеў запомніцца як фестываль сур’ёзны яшчэ з-за спроб знайсці новую форму для вечных сюжэтаў і адначасова кур’ёзны, які здзіўляе і бадзёрыць.

Паліна ПІТКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?