Вы тут

Інтанацыі Смольскага


Свой першы музычны твор Дзмітрый Смольскі напісаў у 12 гадоў. Звычайна так і адбываецца з вялікімі музыкамі: яны ведаюць, чаго хочуць, яшчэ з дзяцінства, але тут усё было прадвызначана, бо бацька будучага кампазітара быў музыказнаўцам. Дзмітрый Смольскі стаў унікальным кампазітарам: голас музычнай Беларусі праз яго ўліўся ў палітру сусветнай творчасці.


У кастрычніку Дзмітрый Браніслававіч планаваў сабраць у філармоніі прыхільнікаў сваёй творчасці падчас юбілейнага канцэрта пад назвай «Настальгія»: кампазітару не так даўно споўнілася 80 гадоў. Хацеў разам з сынам ды іншымі музыкамі выканаць свае лепшыя творы, але цяпер пачуць яго можна ў запісе...

За плячыма Дзмітрыя Смольскага — гады вучобы ў некалькіх універсітэтах, выкладчыцкая дзейнасць, прафесарства і шмат узнагарод (ён кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат прэстыжных музычных прэмій), але ўсё ж асноўная дзейнасць — кампазітарская.

Спачатку Дзмітрыя Смольскага захапіла канструктыўная музыка, і гэта знайшло адлюстраванне ў некаторых творах кшталту сюіты «Гульня святла» і знакамітай сімфоніі «Актафонія». Але пасля ён звярнуўся да больш традыцыйнай музыкі: напрыклад, стварыў араторыю «Мая радзіма» на творы беларускіх паэтаў. Наогул, тэма народа, нацыі і Радзімы цікавіла кампазітара заўсёды, нездарма яго лепшыя творы так ці інакш прысвечаныя гэтым паняццям. Так, ён ствараў вакальныя цыклы на вершы Гарсія Лоркі, Цютчава, Ахматавай, Цвятаевай, але асаблівай усё роўна была і будзе араторыя «Паэт» на вершы Янкі Купалы. Потым Смольскага захапіў Караткевіч, у супрацоўніцтве з якім з’явілася неўміручая опера «Сівая легенда», паводле якой знялі аднайменную стужку, а сама пастаноўка была ўзноўлена на тэатральнай сцэне ўжо ў ХХІ стагоддзі.

Ён быў філосафам па жыцці і ў музыцы: у кожнай з яго 15 сімфоній слухач пачуе перажыванні асобы. Ён шукаў музычнае асэнсаванне жыцця, іграў складаны лёс чалавека ў грамадстве, пісаў пра псіхалагічны стан асобы. Нездарма даследчыкі ў адзін голас кажуць, што Смольскі стварыў новую беларускую музыку. Слова «арыгінальны» яму ніколі не пасавала, бо яго недастаткова, каб апісаць шматгранную мастацкую асобу кампазітара, але слухачы прыдумалі, як вылучыць яго музыку з іншай: яе называюць «інтанацыяй Смольскага», і гэта нашмат шырэй за любы прыгожы эпітэт.

Дзмітрый Смольскі, акрамя бязмежнай музычнай спадчыны, пакінуў і маладыя парасткі — больш за 70 вучняў-кампазітараў. Любоў да музыкі ён перадаў і сваім дзецям: абодва сыны Дзмітрыя Смольскага таксама знайшлі сябе ў музыцы.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

 

«Адчуваў час творчым нервам»

 

Міхаіл Казінец, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча, прафесар:

— Несумненна, Смольскі зрабіў вялікі ўнёсак у музыку другой паловы ХХ — ХХI стагоддзя. Многія сачыненні пісаў для аркестра імя Жыновіча, з якім пачаў супрацоўніцтва ў 60-я гады мінулага стагоддзя, будучы яшчэ маладым кампазітарам. Наогул, да цымбалаў ён ставіўся з вялікім творчым піетэтам. Смольскі — аўтар трох канцэртаў для цымбалаў з аркестрам (другі быў прысвечаны Жыновічу), а таксама мноства канцэртных п’ес. Да сачынення ён падыходзіў творча, часта нечакана ў рашэнні задач. Дзякуючы яго ўнёску рэпертуар цымбалістаў вельмі ўзбагаціўся.

На рэпетыцыях заўсёды быў дакладны ў пажаданнях. Скрупулёзна ставіўся да дынамікі, штрыхоў, перадачы вобразнай сферы. Ён быў чалавекам вельмі нешматслоўным, у некалькіх фразах умеў выказаць сутнасць.

Наша творчая дружба доўжылася 45 гадоў. З сыходам Дзмітрыя Смольскага пахіснуўся падмурак акадэмічнага мастацтва. Цяпер, у эпоху шоуцэнтрызму, музыка філасофскага гучання адышла на другі план — музыка, якая адлюстроўвае калізіі часу. Смольскі адчуваў час творчым нервам. Сам ён быў чалавекам вельмі сціплым, з тытанічнай сілай волі. І вялікі патрыёт. Ён вельмі любіў Беларусь.

Радаслава Аладава, дацэнт кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

 — У нас са Смольскім добрыя адносіны, можна сказаць, ішлі па спадчыне. Яго тата, музыказнаўца Браніслаў Сільвестравіч Смольскі, у свой час напісаў пра майго бацьку (кампазітара Мікалая Ільіча Аладава) першы вялікі разгорнуты аналітычны артыкул. Гэта было ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Яго бацька быў вельмі шматпланавы і цікавы музыка, першы ў Савецкім Саюзе напісаў вялікую кнігу пра музычны тэатр, ухапіўшы самыя архаічныя пласты. Вядома, Дзмітрый Смольскі быў далучаны да беларускага нацыянальнага мастацтва. Яго так выхоўвалі. І я лічу, што самае ўнікальнае, што ёсць у яго музыцы, — гэта пачуццё «беларускасці», глыбіннае адчуванне сваёй зямлі. Ён знайшоў выяўленне нацыянальнага не толькі праз фальклор, але і праз нейкія важныя ментальныя рэчы. У сімфоніях гэта добра праслухоўваецца.

Я была яго вучаніцай і праходзіла чытанне партытур. На ўроках мы не столькі займаліся чытаннем партытур, колькі сучаснай музыкай. Ён быў першым правадніком ідэй новага, авангарднага, і тое, што ён рабіў, не рабіў ніхто іншы. Яму было ўласціва ўнікальнае пачуццё сучаснасці, прадказанне таго, што будзе. Пачынаў ён свой творчы шлях з дадэкафоніі, выступіўшы супраць усіх. Янчанка, Картэс і Смольскі — гэта быў такі магутны кулак авангарду. І калі Дзмітрый Смольскі асвоіў гэту сістэму, тады ён рэзка пайшоў направа, напісаў оперу «Сівая легенда» ў зусім класічнай традыцыі. Гэта здавалася вельмі нечаканым. Потым у яго пачаўся перыяд новай простасці, такім чынам ён стаў практычна першым у беларускай музыцы, звязаны з неараматызмам. І нават такое спрашчэнне мовы, як высветлілася, ужо было ў трэндзе. Постмадэрнізм у беларускай музыцы — таксама ў яго, упершыню з’явіўся ў сімфоніі для электрагітары. Так што гэта быў чалавек з каласальнай творчай інтуіцыяй.

Да Дзмітрыя Браніслававіча я ставілася не толькі як да настаўніка, сябра, а перш за ўсё як да кампазітара, які мяне вельмі захапляў. Да чалавека, які адкрываў вочы на ўсё сучаснае. Да педагога, які валодае ўнікальнай харызмай. За гэта мы яму вельмі ўдзячныя.

Галіна Гарэлава, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар:

— Для Дзмітрыя Смольскага «кампазітар» — не столькі прафесія, колькі лад жыцця, спосаб мыслення, жыццёвая пазіцыя. Колькі людзей заканчваюць кампазітарскае аддзяленне і з лёгкасцю сыходзяць з прафесіі ў іншыя сферы. Смольскі нас выхоўваў, што сысці з прафесіі — значыць здрадзіць сабе. А што можа быць горш, чым здрадзіць сабе, страціць сваю асобу? Прафесію кампазітара можна параўнаць з прафесіяй танцора, які абавязкова некалькі гадзін у дзень павінен практыкавацца каля станка. Ён вучыў нас, што ў мастацтве няма, як у фізіцы, трох палажэнняў: руху назад, на месцы і руху наперад. Калі ты не рухаешся наперад, ты рухаешся назад. І сам ён увесь час працаваў, пастаянна здзіўляў.

Дзмітрый Браніслававіч перш за ўсё быў музыкам, у самым высокім і шырокім сэнсе гэтага слова. Ужо будучы вельмі хворы, ён не прапускаў ніводнай прэм’еры ў філармоніі і оперным тэатры, ні аднаго адкрыцця і закрыцця канцэртнага сезона. Бо наведванне канцэртаў — гэта таксама функцыя мастака. Ён быў заўсёднікам канцэртнай залы. І мяне гэта вельмі падкупляла.

Ён быў талерантны да студэнтаў. Мы ўсе вельмі розныя, непадобныя адзін на аднаго. Дзмітрый Браніслававіч заўсёды даваў свабоду самавыяўлення ў творчасці.

Яго аўтарытэт быў для нас, яго вучняў, абсалютна бясспярэчны. Да апошніх дзён яго меркаванне для мяне заставалася самым важным. Я яму давярала абсалютна. Ён заўсёды хварэў за нас як за прафесіяналаў. Я нават не ведаю, як словамі аддаць даніну павагі таму, хто цябе стварыў, хто табе даў жыццё ў творчасці. І цяпер яго будзе вельмі не хапаць.

Запісала Любоў СЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.