Вы тут

Псіхалагічныя цукеркі Іны Бранштэйн


Жыве цяпер у Мінску, ціха і сціпла, і амаль ужо не выходзіць з кватэры з прычыны сталага ўзросту, адна жанчына. Ёй 85 гадоў, завуць Іна Бранштэйн. Інтэрнэтам не карыстаецца, а таму нават і не вельмі ўяўляе размаху сваёй папулярнасці. А між тым яе чытаюць, каментуюць і дзякуюць ёй завочна сотні і тысячы людзей у самых розных краінах свету. Калі я набрала яе імя ў сеціве, то ўбачыла артыкул пра яе ў газеце «Наш Тэхас» (ЗША), на нямецкіх сайтах, абмеркаванне, прысвечанае ёй, на форуме ў Баку і на многіх іншых рускамоўных сайтах у Расіі, Ізраілі, ЗША, Аўстраліі. Чым жа так праславілася гэтая з выгляду звычайная пажылая жанчына? І за што ёй дзякуюць зусім незнаёмыя людзі?


Аказваецца, за вершы, якія Іна Якаўлеўна пачала пісаць даволі позна, ужо пасля выхаду на пенсію. І звярнулася яна да творчасці зусім не ад добрага жыцця. «Калі нягоды зашкальваюць, тады альбо пятля, альбо гумар. Гумар — гэта выратаванне», — кажа, прыгожа грасіруючы гук «р», Іна Якаўлеўна.

Лічыць гэта парадоксам ці не, справа ваша, але трагічныя абставіны жыцця ў яе выпадку пераплавіліся ў вершаваныя радкі, якія прымушаюць усміхацца кожнага, каму трапляюцца на вочы.

«Шмат разоў даводзілася чытаць пра гэту выдатную жанчыну і чытаць гэтыя вершы, і кожны раз знаходжу нешта новае для сябе, і радуюць яны, грэюць...», — пішуць пра свае ўражанні яе чытачы. — «Якое задавальненне чытаць гэтыя вершы! Ёсць людзі, якія бачаць у лужыне бруд, а іншыя бачаць зоркі...», «Разумніца Іна! А па-іншаму і жыць не варта, асабліва на пенсіі», «Не проста задавальненне, мора пазітыву!»...

І насамрэч, яе іранічныя і ў той жа час вельмі душэўныя вершы, у якіх столькі бліскучага гумару, столькі праўды, столькі аптымізму, сагрэлі і працягваюць саграваць многіх людзей. Хоць і нарадзіліся гэтыя словы і радкі з разбітага сэрца.

«У мяне жыццё скончылася, калі памёр мой сыночак, — кажа яна, і відаць, што яе боль дагэтуль свежы, хоць з таго трагічнага моманту прайшло ўжо 23 гады.

— Медыкі сказалі: смерць з невядомай прычыны. Яму было 32. Ён скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут і інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве, застаўся там. Пісаў вершы. Ён не быў паэтам і не лічыў сябе ім: пісаў для сяброў, на абрыўках паперак. Аднойчы напісаў: «У сне я запускаў літары ў неба...» Калі ён прыязджаў з Масквы, я была абсалютна шчаслівая. Неяк прыехаў, прыйшоў позна. Раніцай зазірнула да яго — спіць. Я пайшла на працу. Вярнулася, а ён усё так жа ляжыць на канапе. Аказалася, памёр у сне... Гэта перакрэсліла ўсё маё жыццё. З таго часу я, як сказаў Шаўчэнка: «...і не знаю, чи я живу, чи доживаю, чи так по світу волочусь, бо вже не плачу й не сміюсь...» А менш чым праз два гады памёр муж...

Але вось падумайце самі, якая ўсё ж недаступная розуму штука — жыццё — і якія неспасціжныя мы, людзі. Некаторыя з нас здольныя на самыя сапраўдныя цуды. Таму што цяжка ўявіць, і далёка не ў кожнага гэта, на жаль, атрымліваецца — з самых невыносных трагедый вырасціць радкі, поўныя душэўнага цяпла. Іна Якаўлеўна стала пісаць іх, каб дапамагчы выжыць самой сабе, а аказалася, яны сталі апорай і для многіх іншых. Напэўна, дзякуючы асаблівай жыццёвай філасофіі, якая праглядаецца ў гэтых радках. Гэтая філасофія, на першы погляд, даволі простая: шукаць у штодзённым жыцці падставы радавацца, хай нават самыя маленькія. Але самая глыбокая мудрасць заўсёды простая...

«Я цяпер шаную кожны дзень. Раніцай гляджу — сонейка, і радуюся, — кажа Іна Якаўлеўна. — Прырода мяне вельмі радуе». І дадае іранічна: «Так, нават такую адзінокую старую, як я»... У кожным новым дні яна стараецца знайсці, разглядзець сваю асалоду — асалоду гэтага дня. І многія яе вершы пачынаюцца менавіта з гэтых радкоў: «Какое блаженство...».

***

У яе кватэры шмат кніг. І сярод іх — бронзавы бюст. «Гэта мой бацька, — кажа Іна Якаўлеўна, — Ён сябраваў з вядомым беларускім скульптарам Азгурам, гэты бюст — яго работа. Бацьку расстралялі ў 1937-м. Маме далі 8 гадоў лагераў як жонцы «ворага народа», мяне гадавала цётка...»

Іна Бранштэйн усё жыццё працавала ў школе настаўніцай гісторыі, пайшла на пенсію ў 80 гадоў. Ніякіх жаночых хобі ў яе ніколі не было, ніколі яна не шыла, не вязала... «Для мяне, як для мужчыны, — толькі праца», — смяецца яна. І зараз на яе працоўным стале — Бухарын і «Вайна і мір» Льва Талстога. «Мяне не цікавяць любоўныя раманы, і так было заўсёды. Нават у рамане «Вайна і мір» мяне заўсёды найбольш цікавіла вайна...» Па тэлевізары дагэтуль глядзіць толькі навіны: «А хіба ёсць яшчэ нешта цікавае?..»

Яна не памяняла сваіх поглядаў. «Захапляюся Леніным і цаню яго, што б там цяпер ні казалі пра яго, — сцвярджае Іна Якаўлеўна. — На жаль, усё, што рабілі рэвалюцыянеры ў пачатку мінулага стагоддзя, было ператворана ў процілеглае. Яны жылі для народа, каб даць шчасце людзям. Вось я гэта кажу і адчуваю, што зараз гэта гучыць амаль гумарыстычна... У мяне ёсць збор твораў Леніна, і я яго перачытваю да гэтага часу. Я лічу, што гэты чалавек вельмі паслядоўна і разумна стараўся пабудаваць справядлівае грамадства. Але, відаць, гэта наогул утопія...»

Кнігі і бюст бацькі, Якава Бранштэйна, работы З. Азгура.

І працягвае: «Ну вось чытаеш «Як гартавалася сталь» — гэта ж праўда ўсё так і было, людзі гарэлі! Была вера, надзея... Для ўсіх нас радзіма — гэта было самае дарагое, святое. А цяпер кожны сам сваё маленькае шчасце будуе. А калі не здолеў, значыць дурны, так і жыві, значыць, нічога іншага і не заслугоўваеш — вось такая філасофія цяпер. Замест веры і надзеі — камфорт. Камусьці гэтага хапае...»

Але ўсё ж хапае гэтага далёка не ўсім. Чалавек такі ўжо ад прыроды, што не можа без веры і без надзеі. І без радасці. Таму і пішуцца вершы. Нават падчас сардэчнага прыступу (у Іны Якаўлеўны мігальная арытмія). «Прыму лекі, стане крыху лягчэй — саджуся і пішу, — прызнаецца яна. — Часам раніцай уставаць неахвота, дык складаю лежачы...»

«Проста ад сэрца да сэрца — напэўна, так і трэба жыць. І радавацца таму, хто побач, і людзей радаваць, радасць дарыць», — у гэтым яе жыццёвая філасофія.

Вось і радуе яна людзей сваімі «блаженствами», якія разляцеліся па свеце дзякуючы інтэрнэту і заваявалі сэрцы чытачоў у розных краінах. І нават зборнік вершаў «Раніца сяк-такера» выпусцілі ў выглядзе кнігі яе сябры. Шмат хто называе іх своеасаблівымі «таблеткамі ад дэпрэсіі», але Іне Бранштэйн больш падабаецца называць іх «псіхалагічнымі цукеркамі» — цукеркі ж смачнейшыя за таблеткі!

***

...Так, жыццё бывае з намі жорсткае. І мы спрабуем асэнсаваць і зразумець гэтую жорсткасць і боль, які яна можа нам прыносіць. Часам нават апраўдаць... І тады з'яўляюцца выказванні накшталт «Не бойцеся пакут, яны ўзвышаюць» або «Не могуць быць прыгожымі вочы, якія не плакалі ні разу. Не можа быць жывым і любячым стэрыльнае сэрца». Але ў нашых сілах у гэтым жыцці, што б яно на нас ні абвальвала, заўважыць штосьці яшчэ. Прыгажосць, радасць, каханне... І камусьці гэта ўдаецца, як Іне Бранштэйн, напрыклад...


Трохі «блажэнстваў» ад Іны Бранштэйн

Какое блаженство подняться с асфальта

И знать, что твое небывалое сальто

Закончилось не инвалидной коляской,

А просто испугом и маленькой встряской.

Теперь вы со мной согласитесь, друзья,

Что все-таки очень везучая я.

***

Какое блаженство по рынку ходить

И новую кофту однажды купить.

Обновка — молекула мини-блаженства

В потоке природного несовершенства.

И радости разные встретятся чаще...

Не смейся над бабушкой в кофте блестящей.

***

Какое блаженство в постели лежать

И на ночь хорошую книгу читать.

Сто раз прочитаешь знакомую прозу,

И все тебе ново — спасибо склерозу.

***

Какое блаженство на стул приземлиться.

Момент... И уже не болит поясница.

А до приземленья болела, зараза.

Я села, и боль улетучилась сразу.

***

Какое блаженство на старости лет

Своими ногами идти в туалет.

А после в обратный отправиться путь

И быстренько под одеяло нырнуть.

А утром проснуться, проснуться и встать

И снова ходить, говорить и дышать.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Бачыць у лужыне... зоркі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.