24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

Сям'я Літвіных можа песню праспяваць, каня запрэгчы і дроў насекчы


Тры парсючкі, конь і жарабя, карова з цялушкай, тры бычкі, кураняты, індычкі плюс 60 сотак прысядзібнага ўчастка, які вясной трэба засадзіць, летам — даглядаць, а ўвосень — сабраць ураджай... З такой уласнай гаспадаркай ніякага вольнага часу тэарэтычна не павінна заставацца. Ва ўсялякім разе менавіта так падумае кожны гараджанін. Але сям'я Літвіных з вёскі Лешня Капыльскага раёна з такой пастаноўкай пытання не пагаджаецца. Летась Уладзімір і Вікторыя прынялі ўдзел у рэспубліканскім сямейным сельскагаспадарчым праекце БРСМ «Уладар сяла», але пераадолець абласны этап не змаглі — сталі толькі трэцімі. Параіліся на сямейным савеце і вырашылі — будзем удзельнічаць зноў, тым больш, што дзесяцігадовая дачка Вераніка іх падтрымала. Гэтым разам усё атрымалася: у вобласці, дзе ім давялося канкурыраваць з 19 сем'ямі, яны аказаліся наймацнейшыя. А апошнюю кропку паставілі ў Глыбокім, дзе прайшоў рэспубліканскі фінал «Уладара сяла». Менавіта на Глыбоччыне ідэя гэтага праекта і нарадзілася дзесяць гадоў таму, а потым распаўсюдзілася на ўсю краіну.


Ула­даль­ні­ка­мі га­на­ро­ва­га зван­ня «Ула­дар ся­ла» ста­ла сям'я Літ­ві­ных з Ка­пыль­ска­га ра­ёна.

Улюбёнец публікі

Сёлета праект ахапіў 478 маладых сем'яў, але ў фінале сустрэліся толькі шэсць пераможцаў абласных этапаў: сям'я ГАЙДУКОЎ з гарадскога пасёлка Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, шматдзетная сям'я МОЛАКАВЫХ з аграгарадка Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, сям'я ДАВЫДАВЫХ з аграгарадка Баршчоўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, сям'я ПАЛАВЕНЯЎ з аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, сям'я ЖЭКАНАВЫХ з аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці і прадстаўнікі Міншчыны — сям'я ЛІТВІНЫХ.

Перад журы стаяла няпростая задача — вызначыць з іх найлепшага, таго, хто і будзе насіць ганаровы тытул «Уладар сяла». Акрамя дэманстрацыі візітных картак «Вітаем па-беларуску» сем'ям трэба было прэзентаваць выставу дасягненняў сямейнай гаспадаркі, насекчы дровы, запрэгчы каня, паўдзельнічаць у вясковай эстафеце, якая ўключала конкурсы «У птушніку», «Багаты ўраджай» і «Рыбалоў», і правесці майстар-клас па прыгатаванні беларускіх дранікаў... на калодзе.

Сям'я Да­вы­да­вых: «А як на гар­мо­ні­ку зай­грае, за­спя­вае, усю вёс­ку да ха­ты збі­рае».

Для кагосьці, як, напрыклад, для сям'і Давыдавых, пераадолець творчы этап не было вялікай праблемай. Андрэй і Таццяна — настаўнікі беларускай мовы, працуюць у Баршчоўскім дзіцячым садку-базавай школе. Пазнаёміліся падчас вучобы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Таццяна паехала ўслед за мужам на яго радзіму. Школа невялікая, таму Андрэй паралельна вядзе тут і працоўнае навучанне, а Таццяна падпрацоўвае дэфектолагам. «Два настаўнікі і дома размаўляюць пра адны і тыя ж рэчы, прычым на адной мове, — смяецца Андрэй. — Я шэсць гадоў у прафесіі, жонка — пяць, ніколечкі не расчараваліся, пакуль працуем, сям'ю мацуем, зямлю мацуем, спяваем, адпачываем»... Іх дачцэ Галіне ўжо сем гадоў. Яшчэ падчас вучобы Андрэй займаўся этнаграфічнымі даследаваннямі ў Добрушскім раёне, публікаваўся з іх вынікамі ў зборніках студэнцкіх канферэнцый. Ён выдатна грае на баяне і гармоніку. Ніводнае культурна-масавае мерапрыемства ў раёне не абыходзіцца без яго ўдзелу. Плюс галава сям'і захапляецца яшчэ і гіравым спортам. Не выпадкова ў фінале іх выступленне на сцэне пад гармонік атрымалася адным з самых яркіх і запамінальных:

Анд­рэй: «...Мы на пра­сто­рах Доб­руш­ска­га краю пус­ці­лі ка­ра­ні свае на­век, там ёсць Бар­шчоў­ка, вё­сач­ка та­кая, у ёй шчас­лі­вы кож­ны ча­ла­век/ Жы­вём у вёс­цы мы, пра­цу­ем на­стаў­ні­ка­мі ў шко­ле/ Ні­коль­кі тут мы не га­ру­ем, нам вель­мі доб­ра ў вёс­цы жыць/ На го­рад мы не па­гля­да­ем, сваю жы­вё­лі­ну тры­ма­ем, ня­ма пры­чын аб чым ту­жыць/ Усе пра­дук­ты хар­ча­ван­ня ў нас свае, ка­роў­ка на­ша нам ма­ла­ко дае.../ Дык вось ска­жу я вам па сак­рэ­це: не ба­ім­ся мы ані­я­кіх ні кры­зі­саў, ні дэ­крэ­таў».

Тац­ця­на пра му­жа: «І ко­шы­кі плес­ці ўмее, якія ў на­шай вёс­цы ў кож­най ха­це ёсць, і пе­чы, груб­кі ён кла­дзе, хто ні па­про­сіць — да ўсіх ідзе, а як на гар­мо­ні­ку зай­грае, за­спя­вае, усю вёс­ку да на­шай ха­ты збі­рае». Дач­ка пра баць­ку: «Вось та­кі ў нас та­та — па­да­ру­нак, свя­та...»

І на гарадской плошчы ў Глыбокім Андрэй пастаянна збіраў вакол сябе слухачоў, выкарыстоўваючы любую паўзу. І нават спеў пад гармонік разам з Віталем Карпанавым, які трапна заўважыў, што той мог бы перамагчы ў конкурсе, якога ў фінале, на жаль, не было. Можна не сумнявацца, што калі б быў прыз глядацкіх сімпатый, то ён дастаўся б менавіта Андрэю Давыдаву...

Удалося здзівіць гледачоў у сваёй візітнай картцы і сям'і Літвіных, якія спалучылі ў выступленні рэп з народнымі мелодыямі. Між іншым, па ўмовах творчага спаборніцтва разнастайнасць жанраў у візітоўцы як раз віталася...

Сям'я Жэ­ка­на­вых: «Га­лоў­ны су­мес­ны за­ня­так для нас — вы­ха­ван­не лю­бі­май да­чуш­кі Са­фіі».

Конкурс з агеньчыкам

Конкурс «Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі» пераўтварыўся ў прэзентацыю прадметаў сямейнай творчасці, дэманстрацыю запасаў да зімы (гародніны, закатак і г. д.) і дэгустацыю страў, прыгатаваных гаспадыняй. Ад разнастайнасці і прыгажосці ўбачанага кружылася галава. Можна было паспачуваць членам журы, якім трэба было ацэньваць арыгінальнасць ідэі, мастацкае выкананне і афармленне кожнага імправізаванага «падворка». У адрозненне ад іх, госці свята проста радаваліся магчымасці пачаставацца смакоццем і цікавіліся ў гаспадынь арыгінальнымі рэцэптамі.

Бадай што самым простым для фіналістаў аказаўся конкурс «Па дровы». Распілаваць бервяно, насекчы дровы і скласці — з такой работай знаёмы, напэўны, кожны вясковец. А вось з канём «знаёмыя», як высветлілася, не ўсе. Па ўмовах муж павінен быў запрэгчы яго, а жонка — распрэгчы. За парушэнне чарговасці запрэжкі налічваліся штрафныя балы. Як прызналася пасля конкурснага выпрабавання Вольга Гайдук, для таго каб знайсці ў акрузе «аб'ект для трэніроўкі», ім давялося прыкласці пэўныя намаганні: «Гэта раней гаспадар каня быў першы чалавек на вёсцы, а на сучасным падворку конскую сілу замяніла тэхніка. Таму мы ўскочылі літаральна ў апошні вагон: патрэніравацца нам удалося ўсяго двойчы...»

Ну, а самым відовішчным, безумоўна, аказаўся апошні конкурс «Сялянскія прысмакі». Быццам бы немудрагелістая справа — насмажыць на патэльні дранікаў. Але, па-першае, дзесяць бульбін ачышчаліся жанчынамі на хуткасць, па-другое, здрабніць бульбу на тарцы, дадаць усе патрэбныя інгрэдыенты і прыгатаваць цеста для дранікаў павінен быў мужчына. Затым ад галавы сям'і патрабавалася арганізаваць імправізаваны ачаг. Усім сем'ям былі прапанаваныя аднолькавыя драўляныя калоды для распальвання з прарэзамі ў іх. Кожны павінен быў сам паклапаціцца пра тое, як падпаліць калоду: трэскамі, паперай ці рыззём. Затым трэба было пасмажыць на такой «пліце» дзесяць дранікаў, аформіць страву і накрыць стол. Ацэньваліся эстэтычнасць афармлення, акуратнасць падрыхтоўкі, смакавыя якасці і выдаткаваны час.

— Ча­мусь­ці мы вы­ра­шы­лі, што сма­жыць нам да­вя­дзец­ца на вог­ні­шчы, та­му ўзя­лі з са­бой для рас­паль­ван­ня зу­сім не тое, што трэ­ба, — пры­зна­ла­ся паз­ней Вік­то­рыя Літ­він. — А ка­лі я ўба­чы­ла ка­ло­ды і па­ці­ка­ві­ла­ся, на­вош­та яны тут (мне рас­тлу­ма­чы­лі, што мы бу­дзем на іх сма­жыць), мя­не аха­піў страх...

«Адчуванні — супер!»

Тым не менш усе сем'і з пастаўленай задачай справіліся. Па-сапраўднаму дружная сям'я павінна ўмець рабіць разам усё: і песню праспяваць, і каня запрэгчы, і дроў насекчы, ну, а калі трэба, то і кашу з сякеры зрабіць, і дранікі на калодзе пасмажыць. Складаны экзамен на трываласць, гаспадарлівасць, кемлівасць і ўменне прыстасоўвацца да сітуацыі паспяхова фінішаваў. Цікава, што як толькі завяршылася конкурсная частка праекта, усяго за некалькі хвілін да абвяшчэння вынікаў фіналу спаборніцтваў пайшоў дождж.

— Ёсць народная прыкмета: дождж — заўсёды да багацця, — заўважыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, першы сакратар ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй БЕЛЯКОЎ. — З такімі працаўнікамі мы заўсёды будзем жыць заможна. Але я ўсім жадаю, найперш, багацця духоўнага...

Яшчэ колькі хвілін і абвяшчаюцца, так бы мовіць, «бронзавыя прызёры» праекта. Дыплом трэцяй ступені заваявала шматдзетная сям'я МОЛАКАВЫХ з Віцебшчыны. Іван і Дзіяна выхоўваюць чацвярых дзяцей: 12-гадовага сына Мікіту, васьмігадовую дачку Сафію і трохгадовых блізнятак Настассю і Ганну. Іван працуе механізатарам. У вольны час цікавіцца тэхнікай, займаецца будаўніцтвам, захапляецца мастацкай коўкай жалеза. Дзіяна — сацыяльны работнік у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У іх падсобнай гаспадарцы — тры парсючкі, бык, гусі, куры... Маюцца і хатнія любімцы — сабака, кот і чарапаха. Цікава, што Молакавы спрабавалі жыць у горадзе, але вярнуліся ў вёску, таму што ў горадзе няма куды прыкласці свае рукі. Як яны самі прызналіся, слова «сям'я» азначае для іх «сэнс жыцця», а асабістым рэцэптам шчаслівай сям'і яны лічаць разуменне, клопат і каханне.

Другой у фінале стала сям'я педагогаў Андрэя і Таццяны ДАВЫДАВЫХ з Гомельшчыны. Літаральна за гадзіну да фіналу завяршылася анлайн-галасаванне за сямейны відэаролік «Найлепшы сельскі падворак». Яно праходзіла ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў групе «Моладзь Беларусі», а таксама на канале BRSMvіdео відэахостынгу YоuTubе. У выніку падсумоўвання галасоў сям'я Давыдавых у ім перамагла.

А новымі ўладальнікамі ганаровага звання «Уладар сяла» стала сям'я ЛІТВІНЫХ з Міншчыны. Вікторыя працуе кіраўніком спраў Семежаўскага сельскага выканаўчага камітэта, Уладзімір — арматуршчыкам і па сумяшчальніцтве рабочым будаўнічай брыгады. Другая спроба ўдзелу ў рэспубліканскім праекце прынесла ім жаданую перамогу. Як прызналася шчаслівая Вікторыя, за колькі секунд да абвяшчэння вынікаў здавалася, што зараз выскачыць сэрца. А дзесяцігадовая Вераніка, якая ва ўсім падтрымлівала сваіх бацькоў, затаіла дыханне і заплюшчыла вочы. Але больш за ўсіх радаваўся, напэўна, галава сям'і.

— Адчуванні зараз проста супер! — прызнаўся журналістам Уладзімір. — Я спадзяваўся, верыў, і мы перамаглі!!!

Трэба дадаць, што без прызоў у гэты дзень не застаўся ніхто. Усе ўдзельнікі фіналу атрымалі сертыфікаты на 1 840 рублёў, а таксама электрычныя трымеры для догляду за газонам. А «Уладары сяла — 2017» сталі яшчэ і ўладальнікамі мотаблока. Хоць, як паказаў конкурс, яны і з канём няблага спраўляюцца...


Аса­біс­ты рэ­цэпт шчас­лі­вай сям'і Дзя­ні­са і Воль­гі ЖЭ­КА­НА­ВЫХ:

Бя­ром ся­мей­ную ча­шу, да­баў­ля­ем у яе ка­хан­не, пры­праў­ля­ем пя­шчо­тай, кло­па­там і цяп­лом.

Рэ­цэпт Ва­ле­рыя і Воль­гі ПА­ЛА­ВЕ­НЯЎ:

Цярп­лі­васць плюс зго­да, уза­е­ма­ра­зу­мен­не і, ка­неш­не, ка­хан­не.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Мінск—Глыбокае—Мінск

Загаловак у газеце: «Уладар сяла» — дружная сям'я!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Культура

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

Упершыню ён упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.