Вы тут

Яго дэвіз: ні хвіліны без справы!


Даволі часта мне даводзіцца чуць ад маладых людзей, што ім сумна, няма чым заняцца. Разам з тым на пытанне «а што ты робіш, каб нешта змяніць?», яны адказваюць: «нічога асаблівага, вось ляжу ў ложку». Яўген Валодчанка да такіх не адносіцца — хлопец ні хвіліны не сядзіць на месцы без справы.


У 2015 годзе ён скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Акрамя таго, што Яўген атрымаў адукацыю ветэрынарнага ўрача, ён яшчэ паступіў і ў Акадэмію МУС, каб атрымаць дыплом юрыста. «Не ведаю, як складзецца маё далейшае жыццё, але я хацеў бы паспрабаваць папрацаваць у ідэалагічным аддзеле ў праваахоўных органах», — расказвае хлопец.

Малады спецыяліст вучыўся па мэтавым накіраванні, таму пасля заканчэння навучальнай установы вярнуўся ў родную вёску. Хлопец працаваў галоўным ветэрынарам у КСУП «Новы Шлях», што знаходзіцца ў аграгарадку Ігаўка Добрушскага раёна. «Жывёлы мне заўсёды вельмі падабаліся», — дзеліцца Яўген.

Многія маладыя спецыялісты не маюць жадання пасля навучання вяртацца ў родныя мясціны, а Яўгена Валодчанку гэты факт не напалохаў. Хлопец адразу ж знайшоў агульную мову са сваімі калегамі. Жэня ў калектыве быў самым маладым, але да яго ставіліся як і да ўсіх, з павагай. Так атрымалася, што Яўген адпрацаваў у КСУП «Новы Шлях» толькі паўтара года і зразумеў, што гэта не тое, чым ён хоча займацца. Хлопец вырашыў звольніцца і выплаціць прадпрыемству грошы. Акурат тады выйшла пастанова Савета Міністраў №998, на падставе якой выдаткі на сацыяльную падтрымку — стыпендыі, бясплатнае харчаванне — не трэба было кампенсаваць пры адмове ад размеркавання. Гэта значна паменшыла суму, якая засталася для выплаты. «Я вырашыў уладкавацца на іншую работу, не па спецыяльнасці, пайшоў у БРСМ», — расказвае Яўген. Там ён працаваў паўгода, затым быў прызваны ў армію.

Яўген Валодчанка — чалавек актыўны. У яго графіку вельмі мала вольнага часу. Малады, пазітыўны, харызматычны хлопец у якасці хобі вядзе розныя мерапрыемствы: дні нараджэння, вяселлі, вечарыны і іншыя. Ні адна добрушская «тусоўка» не абыходзіцца без удзелу Жэні. Для маладога чалавека гэтая дзейнасць з'яўляецца другім маленькім жыццём, без якога ён ужо не ўяўляе сябе.

Калі Жэню ўсё ж удаецца знайсці вольны ад работы і заняткаў у Акадэміі час, хлопец займаецца праектам «АutоАngеls». Яўген з'яўляецца адным са стваральнікаў гэтага маладзёжнага руху сярод аўтааматараў Добруша. Група маладых людзей прыдумвае розныя мерапрыемствы, акцыі, конкурсы, флэшмобы. Напрыклад, на Новы год хлопцы стварылі святочную ёлку з сапраўдных машын, а ўключаныя фары былі падобныя на агеньчыкі. Ёлку вельмі добра было бачна з высокіх будынкаў.

І падобнага кшталту мерапрыемстваў шмат. То «Міс Вясна», то «Самая прыгожая пара Добруша» і іншыя. Маладыя людзі знаходзяць шмат спосабаў, каб зацікавіць жыхароў раёна. І ўсё гэта нездарма. З кожным разам да суполкі далучаюцца ўсё новыя ўдзельнікі, а мерапрыемствы набываюць большыя маштабы.

Нядаўна хлопец пераехаў жыць у Гомель, працуе вядучым мерапрыемстваў і карпаратываў. Яўген завёў свой блог на YоuTubе, дзе абмяркоўвае падзеі, якія адбываюцца ў краіне, асвятляе тэмы, што хвалююць людзей.

Яшчэ ў Добрушскім раёне Жэня разам з аднадумцамі некалькі гадоў дапамагаў сацыяльнаму прытулку ў аграгарадку Насовічы. Маладыя людзі ладзілі акцыі «Твары дабро», з дапамогай якіх збіралі для яго маленькіх насельнікаў канцылярскія тавары, цацкі, салодкія пачастункі. «Я хачу і ў Гомелі аб'яднаць неабыякавых людзей, якія гатовы дапамагаць дзіцячым дамам і ездзіць у госці да хлопчыкаў і дзяўчынак», — падзяліўся сваімі планамі на будучыню Яўген.

Марына ЛЯШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».