Вы тут

Жанчыны ахоўваюць ачаг не толькі сваёй сям'і, але і ўсёй дзяржавы


Тыдзень цішыні (без абортаў) у бальніцах, адзіны ўрок сямейнага жыцця ў школах, фінал конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава», ІІ гарадскі форум маці ў сталіцы і 367 новых ордэнаў Маці. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы прайшлі і яшчэ адбудуцца ў Беларусі з 9 па 15 кастрычніка, калі ў краіне традыцыйна святкуюць Дзень маці (само свята мы адзначым 14 кастрычніка).


Мацярынскі форум

Учора ў сталіцы прайшоў ІІ гарадскі форум «Маці сталіцы: практыка малых і вялікіх спраў — важкі ўклад у развіццё горада». Упершыню ён адбыўся ў 2006-м, у Год маці. Сёлета больш за 450 мінчанак — яго ўдзельніц — наведалі сацыяльныя і прамысловыя ўстановы, пазнаёміліся з вопытам іх работы і абмеркавалі складаныя сацыяльныя пытанні.

— Форум — знакавае мерапрыемства не толькі для сталіцы, а і для ўсёй краіны. А ўсё, што датычыцца пытанняў сям'і, мацярынства, дзяцінства, актуальна як для нашай дзяржавы, так і для іншых краін. І важна, што яны разглядаюцца на сённяшнім пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы, дзе будзе падпісана заява аб падтрымцы кіраўнікоў дзяржаў інстытута сям'і і традыцыйных каштоўнасцяў, — расказала Наталля КАЧАНАВА, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. — Думаю, што з наступнага года гэтае мерапрыемства можна будзе пашыраць на межы ўсёй рэспублікі. Разам жанчыны — вялікая сіла, а маці — ахоўніца не толькі ачага сваёй сям'і, але і ўсёй дзяржавы.

Наталля Качанава выказала спадзяванне, што рэзалюцыі форуму будуць не толькі рэалізоўвацца на практыцы, але і стануць асновай для новых заканадаўчых ініцыятыў і дапамогуць умацаваць імідж Беларусі на міжнароднай арэне.

За адказную працу і бязмежную любоў да дзяцей падзякаваў усім жанчынам-маці Ігар ЮРКЕВІЧ, намеснік старшыні Мінгарвыканкама, які заўважыў, што «мацярынства — самы шчаслівы час, і самае лепшае, што можа падарыць жанчыне прырода».

Напрыканцы форуму ордэн Маці атрымалі 24 мінчанкі. Усяго ж з 1996 года пачэсная ўзнагарода была ўручана 643 жыхаркам сталіцы. Сёлета ў Беларусі былі прызнаны заслугі 376 шматдзетных маці.

Дэкрэт для таты

Сацыяльная падтрымка і клопат пра здароўе маці і дзяцей у краіне ўжо праяўляецца ў 11 відах дапамогі, мацярынскім капітале, бясплатным харчаванні для шматдзетных і сем'яў, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, і іншай дапамозе. Са снежня мясцовым распарадчым органам дадзена права пашыраць спектр сацыяльных паслуг у раёнах, зыходзячы з запатрабаванасці ў іх, а Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацуе стандарт іх якасці. У праект закона аб Працоўным кодэксе ўнесены нормы, якія дазволяць татам пасля нараджэння дзіцяці браць 14-дзённы адпачынак па яго доглядзе, а мамам — мець гібкі графік працы і магчымасць працаваць дыстанцыйна, асабліва калі малому ўжо споўнілася тры гады.

— На больш як 552 тысячы дзяцей у краіне, ці кожнага трэцяга малога, бацькі атрымліваюць дапамогу, у межах праграмы мацярынскага капіталу адкрыта 43 193 дэпазіты на дзяцей на суму амаль 431,93 мільёна долараў. Гэтая мера, якая будзе рэалізоўвацца да канца 2019-га, спрацоўвае. Калі ў 2010 годзе ў нашых сем'ях нарадзілася трэцімі і наступнымі 12 251 дзіця, то ў 2016-м іх было ўжо 22 223. Шматдзетных сем'яў у нас цяпер больш як 92 тысячы, і яны ўсё часцей карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі, у прыватнасці паслугай нянькі, — падкрэсліў Аляксандр РУМАК, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. — Па дапамогу гэтых спецыялістаў летась звярнуліся 1980 сем'яў, а сёлета толькі за паўгода — ужо 1881 сям'я.

Новая рэдакцыя закона аб дзяржаўных дапамогах прадугледжвае ўмацаванне сацыяльнай падтрымкі, асабліва тым, хто атрымлівае мінімальную дапамогу, напрыклад, студэнткам, якія не паспелі папрацаваць да родаў. Ім выплачваюцца даплаты, каб давесці мінімальную велічыню дапамогі да памеру звычайнай дапамогі па доглядзе дзяцей да трох гадоў, а гэта — 35% ад сярэдняга заробку, нагадаў Аляксандр Румак.

Цэнтр здароўя мужчын

У клопаце пра маці і дзяцей спецыялісты ўсё часцей задумваюцца і пра якасць жыцця мужчын. У прыватнасці, апошнія тры гады разглядаецца праблема мужчынскага бясплоддзя. Іх фізіялогія мяняецца праз тэхнагеннасць нашага грамадства, і на дзве трэціх бясплодных жанчын прыходзіцца траціна такіх жа мужчын, кажуць спецыялісты і сцвярджаюць, што ў хуткім часе ў сталіцы з'явіцца цэнтр здароўя мужчын.

— Мы сутыкаемся таксама з тым, што жанчыны нараджаюць усё пазней. Першага малога нараджаюць у 24—25 гадоў, а другога — каля 30. Аднак з узростам з усё большымі праблемамі са здароўем прыходзяць жанчыны, — занепакоена сітуацыяй Алена БОГДАН, начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы. — Нельга нараджаць дзіця толькі тады, калі ты ўсё маеш. Нездарма ёсць прымаўка ў старых, што дзіця прыходзіць у свет са сваім хлебам.


Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Беларусі: «Штогод беларусы ўсынаўляюць 500—600 дзетак, і амаль палова такіх сем'яў пры гэтым адмаўляецца ад тайны ўсынаўлення. Усё часцей усынаўляюць не толькі немаўлят, але і пяці-, сямі- і нават дзесяцігадовых дзетак. Ёсць бацькі, якія не спыняюцца на адным малым — сёлета за 9 месяцаў пяць сем'яў усынавілі ўжо другое і наступнае дзіця. Ёсць нават сем'і, якія праз усынаўленне дзетак сталі шматдзетнымі. Акрамя таго, чатыры з пяці дзетак-сірот выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях. І штогод амаль 200 сем'яў аднаўляюць свае бацькоўскія правы».

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Мацярынскі капітал

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».