Вы тут

Для павышэння канкурэнтаздольнасці «Белфармацыя» паляпшае сэрвіс


Мінская аптэка №97, што па адрасе Жукоўскага, 10, корпус 1, паўгода таму перажыла рамонт. І цяпер тут не проста прыгожа (пануюць фірменныя колеры — блакітны і салатавы), але і зручна. Аптэка абслугоўвае даволі значную частку насельніцтва, але чэргі — толькі электронныя, ніякага натоўпу каля правізара не назіраецца. Бяры талончык (як у банку або паліклініцы) і не перажывай, што нехта ўклініцца.


Каб даведацца, ці ёсць у наяўнасці той ці іншы прэпарат і колькі ён каштуе, неабавязкова браць квіток і станавіцца ў электронную чаргу. Уся інфармацыя ёсць у інфакіёску: набіраеш на электронным табло назву прэпарата і бачыш, што па чым. Уведзена тут і магчымасць інтэрнэт-рэзервавання лекаў, і нават інтэрнэт-заказ — лекавы прэпарат, якога раптам не аказалася, з'явіцца на працягу аднаго-двух дзён.

Плошча ўстановы дазваляе займацца таксама прыгатаваннем розных лекаў — мазяў, кропляў, раствораў, суспензій, парашкоў — не толькі па рэцэптах, але і для тэрытарыяльна блізкіх устаноў аховы здароўя. Колькасць аптэк з аналагічнымі магчымасцямі зменшылася за апошнія гады, а камерцыйныя аптэкі і наогул не маюць умоў для такой унікальнай практыкі (патрэбны спецыялісты і асобныя памяшканні, у тым ліку стэрыльныя ўмовы). Тым часам выраб прэпаратаў паводле індывідуальных асаблівасцяў пацыента застаецца вельмі запатрабаваным.

— Мы рэгулярна праводзім тэматычныя акцыі па прафілактыцы захворванняў — вось сёння ўрачы 3-й цэнтральнай раённай паліклінікі мераюць усім ахвотным артэрыяльны ціск, даюць рэкамендацыі, — адзначае загадчыца аптэкі №97 РУП «Белфармацыя» Алена АСТАПЕНКА. — Сезоннага наплыву пакуль няма, але запас лекаў для лячэння інфекцыйных захворванняў ёсць. Наогул фактычна штомесяц з'яўляюцца новыя лекавыя сродкі, назіраецца іх пастаяннае абнаўленне.

Сёлета на рэканструкцыю, рэарганізацыю, рамонты аптэк «Белфармацыя» плануе затраціць каля 2 млн рублёў. Цягам года адкрываецца 15 новых аптэк (7 ужо працуюць) — пераважна ў раёнах-новабудоўлях, а таксама на базе арганізацый аховы здароўя, лячэбных устаноў, што, як паказвае практыка, вельмі зручна для пацыентаў. Атрымаў медыцынскую паслугу — і тут жа набыў неабходны медпрэпарат.

Наогул сацыяльны стандарт па колькасці аптэк у сталіцы даўно перавыкананы. Прадугледжвалася ў сярэднім 1 аптэка на 11,5 тысячы насельніцтва, а ўжо ў 3,5 раза больш. З 2013 года электронныя чэргі з'явіліся ў 23 найбуйнейшых аптэках «Белфармацыі». Устаноўлена 27 інфакіёскаў. З 2014 года пачала ўкараняцца сістэма інтэрнэт-рэзервавання лекаў на сайце прадпрыемства. З гэтай жа мэтай можна звярнуцца ў даведачны цэнтр па бясплатным нумары 169. З 2015 года рэалізуецца і тэставы праект электроннага рэцэпта — трымальнікам электронных картак медыцынскага абслугоўвання (выдаюцца ў паліклініцы) прапануецца зніжка не толькі на айчынныя, але і на замежныя прэпараты. Праўда, пакуль правізару неабходна падаваць і папяровы рэцэпт.

Над сэрвісам працуюць сёння, безумоўна, і камерцыйныя аптэкі. У аптэцы ЗАТ «Бераліна», што на праспекце Незалежнасці, 143, хуткасць абслугоўвання забяспечвае першы і пакуль адзіны ў краіне... аптэчны робат. Сучасная сістэма захоўвання і дастаўкі лекаў была ўстаноўлена літаральна тры гады таму. На постсавецкай прасторы такія ёсць толькі ў Маскве і Пецярбургу (па два), і ў Самары з Краснаярскам (па адным).

— Мы закладваем упакоўкі з таблетаванымі і капсульнымі формамі ў асобныя ячэйкі, пасля чаго выбіраем на камп'ютары тое, што нам неабходна, указваем колькасць упаковак. Далей робат знаходзіць іх і выкідвае ў карзіну — правізару застаецца толькі працягнуць руку, — тлумачыць дырэктар ЗАТ «Бераліна» Таццяна АРЦЕМ'ЕВА. — Гэта істотна скарачае час на пошук і вызваляе для таго, каб даць параду, растлумачэнне. Апошнім часам усё часцей пакупнікі аддаюць перавагу якасным і даступным па кошце беларускім лекам, таму мы з задавальненнем супрацоўнічаем з усімі айчыннымі фармзаводамі, маем з імі прамыя кантракты.

У коштавым выражэнні сёння каля 55 працэнтаў лекаў на рынку (у аптэчнай сетцы) — айчыннай вытворчасці. Палітыка Міністэрства аховы здароўя скіраваная пры гэтым на стрымліванне і зніжэнне цэн як на айчынныя, так і на замежныя прэпараты. Перамовы з пастаўшчыкамі адбываюцца фактычна штотыдзень. Аднак трэба разумець, што кожны вытворца імкнецца зарабіць, а гэта не так лёгка на невялікім рынку з агульным штогадовым аб'ёмам усяго 636 млн долараў (у той жа Расіі рынак фармпрэпаратаў дасягае 10 млрд). Чым большы рынак, тым больш варыяцый для зніжэння цэн. Тым не менш у выніку перамоў некаторыя замежныя кампаніі пайшлі апошнім часам на тое, каб прывесці цэны на сваю прадукцыю на нашым рынку ў адпаведнасць з расійскім рынкам. Аднак ёсць і тыя, хто не пагаджаецца на зніжэнне.

Калі ўжо гаварыць пра цэны ў нас і за мяжой, у той жа Расіі, то варта разумець, наколькі ўсё ж такі наш фармрынак абаронены ад кантрафактнай прадукцыі. Набываючы лекі там — хоць бы і па самай нізкай цане на свеце, — варта задумацца: ці выйграём мы? Ці атрымліваем неабходныя гарантыі якасці і бяспекі? А на айчынным рынку — атрымліваем! Па-першае, таму, што ў нас забаронена рэалізацыя лекаў праз інтэрнэт, дзе наогул няма ніякіх гарантый. Па-другое, у ланцугу «завод — аптэка» няма трэціх асоб: пастаўкі адбываюцца непасрэдна ад вытворцаў або іх афіцыйных дыстрыб'ютараў.

— Медыцынскія прэпараты, расходныя матэрыялы, дэзынфікуючыя сродкі трапляюць, вядома, спачатку на склад, — тлумачыць генеральны дырэктар «Белфармацыі» Вячаслаў ГНІЦІЙ. — На агульнай плошчы больш за 20 тысяч кв. м размяшчаецца тавар ад больш чым 200 рэзідэнтаў Беларусі і 188 нерэзідэнтаў. Прамыя дагаворы на пастаўкі заключаны амаль з усімі вядучымі вытворцамі свету. Зараз на складзе захоўваецца каля 7,5 тысячы найменняў, з якіх каля 3,5 тысячы — лекавыя сродкі, астатняе — вырабы медтэхнікі, санітарыі, гігіены. 1,5 тысячы найменняў — айчыннай вытворчасці. Склад абслугоўвае ў першую чаргу сваю аптэчную сетку — 195 сталічных аптэк, аднак многія з 470 аптэк недзяржаўнай формы ўласнасці таксама адгружаюць прадукцыю з нашага склада. Іншыя маюць прамыя кантракты з вытворцамі. Акрамя таго, з нашага склада абслугоўваюцца і ўсе арганізацыі аховы здароўя.

Са склада «Белфармацыі» штотыдзень папаўняецца, напрыклад, аптэка 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Гэта аптэка — выключна для ўнутрыбальнічнага выкарыстання, сюды наогул нікога старонняга не пускаюць. Бо тут вытворчыя памяшканні і памяшканні для захоўвання ўсіх неабходных клініцы лекаў і матэрыялаў. Каля 60 працэнтаў гатовых лекаў у арсенале клінікі — айчынныя. Частка эксклюзіўных лекаў гатуецца спецыялістамі непасрэдна тут, у стэрыльных памяшканнях. Выкарыстоўваюцца для гэтага субстанцыі замежнай вытворчасці.

— Мы працуем па заяўках з кожнага аддзялення, — тлумачыць загадчыца аптэкі 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Яраслава МАЦВЕЕНКА. — Клініка наша буйная, разлічаная на 822 ложкі плюс 135 неанатальных ложкаў для дзяцей. Працуе ажно пяць рэанімацыйных аддзяленняў. Кожную нашу службу — нейрахірургічную, неўралагічную, акушэрска-гінекалагічную — забяспечваем неабходнымі прэпаратамі. У нас захоўваецца месячны запас лекаў, які рэгулярна папаўняецца. Такая сістэма арганізавана ва ўсіх бальніцах і некаторых дыспансерах.

Да паступлення ў рэалізацыю ўсе лекавыя прэпараты, кожная серыя павінны прайсці кантроль якасці. Акрамя таго, праверцы падвяргаюцца і лекі, якія ўжо знаходзяцца ў абароце на тэрыторыі краіны, айчыннай і замежнай вытворчасці. Займаецца гэтым складская кантрольна-аналітычная лабараторыя. Няякасныя лекі канфіскуюцца і не паступаюць у абарот. Сёлета ўжо было 22 факты канфіскацыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Аптэка як гарант. Цяпер яшчэ і камфорту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.