Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у Савеце кіраўнікоў дзяржаў СНД


Не першы раз гучаць крытычныя заўвагі ў бок кіруючых структур Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Учора падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падняў пытанне аб эфектыўнасці Міжпарламенцкай асамблеі арганізацыі. Але гэта не значыць, што аб'яднанне трэба руйнаваць. Наадварот, разумнае стаўленне да крытыкі — гэта выпраўленне. Тым больш, калі ёсць разуменне, што ад паспяховасці супрацоўніцтва Садружнасці краін — не толькі парламенцкага, але і гандлёва-эканамічнага — залежыць дабрабыт жыхароў СНД.


Як паведамляе БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні ў вузкім складзе Савета ў Сочы расказаў, што ўжо паспеў абмяняцца з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым меркаваннем аб рабоце асобных структур СНД, у прыватнасці Міжпарламенцкай асамблеі. Яны лічаць, што дзейнасць гэтага органа не дае патрэбнай аддачы, а на яе ўтрыманне выдзяляюцца немалыя грошы.

«Калі гэта структура не працуе, можа быць, і адмовіцца ад яе? Хоць мы прапаноўвалі надзяліць яе пэўнымі, канкрэтнымі паўнамоцтвамі. Мы там нейкія мадэльныя законы прымаем, але ні адзін з іх, напрыклад, у Беларусі, не лёг у аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства. Такога ў прынцыпе ніколі не было», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што да гэтых пытанняў неабходна падысці грунтоўна. Бо нават на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разглядаюцца не самыя актуальныя і надзённыя праблемы. «Шчыра кажучы, мы і самі тут на высокім узроўні прымаем рашэнні і не заўсёды рэалізоўваем іх. Ды і рашэнні, паглядзіце, ці нашага ўзроўню: нейкія заявы і іншае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, больш важная праблема гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, якую беларускі бок падымаў не раз, і бяспекі. «Пытанні бяспекі — яны ўжо не стукаюць у дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: ці то мы баімся паставіць гэтыя пытанні, ці то разумеем, што не можам іх вырашыць», — канстатаваў беларускі лідар.

«Робім выгляд, што ўсё ў нас добра, збіраемся, заявы робім, а па сутнасці эфектыўнасць вельмі нізкая. Можа, нам неяк вызначыць кола спецыялістаў, якія б аб'ектыўна нам прапанавалі сур'ёзную рэформу або структурызацыю ў нашай дзейнасці?» — запытаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Падобныя праблемы існуюць і ў ЕАЭС, адзначыў ён. Але там больш канкрэтны парадак дня і больш канкрэтныя рашэнні, паколькі значнасць саюза вельмі высокая. «Я пагадзіўся б з тым, каб у ЕАЭС было і парламенцкае вымярэнне, бо ёсць што там абмяркоўваць. Трэба да прытомнасці прыводзіць нашы постсавецкія структуры», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што яго пазіцыю падтрымліваюць кіраўнікі іншых краін.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прайшоў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае выразныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. «Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі», — заклікаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб'яднання — узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання. «Мы маем для гэтага добрую аснову — дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. У мінулым годзе пяццю дзяржавамі падпісаны пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе работа па яго рэалізацыі. Пад гэтым дакументам няма подпісаў асобных кіраўнікоў дзяржаў: Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — З аднаго боку, заяўляем аб адкрытасці ў гандлі, з іншага — не дапускаем адзін аднаго да закупак у дзяржсектары, які фарміруе вялікую долю рынку».

Асобнае пытанне — стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі. «Усе добра ведаюць, як ідзе работа над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так — гадамі. У праекта каардынатара няма, а Выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі лідар заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя праблемы, бо менавіта гандаль і эканоміка з'яўляюцца падмуркам любых адносін: «Рэальны рух па двух напрамках, якія я абазначыў, удыхне ў арганізацыю жыццё. У адваротным выпадку СНД так і будзе заставацца ў сферы добрых намераў. Трэба даць неабходныя даручэнні нашым кабінетам міністраў, каб узнятыя тэмы былі разгледжаны».

Па выніках пасяджэння Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД прыняў рашэнне аб размежаванні сваіх паўнамоцтваў з Саветам кіраўнікоў урадаў. Да кампетэнцыі прэзідэнтаў цяпер будуць аднесены пытанні вызначэння стратэгіі і кірункаў далейшага развіцця СНД, а таксама супрацоўніцтва ў сферах абароннай палітыкі, аховы знешніх межаў, барацьбы са злачыннасцю, процідзеяння тэрарызму і іншым выклікам і пагрозам.

Усяго парадак дня сустрэчы ўключаў 17 пытанняў. Падчас пасяджэння кіраўнікі дзяржаў падпісалі заявы аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, канвенцыі аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, згодна з якой у СНД да 2025 года будзе створана аб'яднаная сістэма паветрана-касмічнай абароны. Акрамя таго, прэзідэнты адобрылі Канцэпцыю супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Шукаць і знайсці паразуменне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.