Вы тут

У Беларусі скарэкціраваны парадак вядзення працоўных кніжак


У Беларусі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Інструкцыю аб парадку вядзення працоўных кніжак. Адпаведная пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 7 жніўня 2017 года нумар 41 апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Як растлумачылі ў галоўным юрыдычным упраўленні Мінпрацы і сацабароны, пастановай Савета Міністраў ад 13 чэрвеня 2017 года нумар 446 "Аб некаторых пытаннях прыпынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка" прадугледжана, што пры спыненні працоўнага дагавора з работнікам індывідуальнага прадпрымальніка, дзейнасць якога прыпынена або спынена ў сувязі з яго знаходжаннем ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы, следчых ізалятарах органаў дзяржбяспекі, а таксама ў выпадку вынясення яму прыгавору, звязанага з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, запіс аб звальненні работніка ўносіцца ў працоўную кніжку рэгіструючым органам па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі ІП і змацоўваецца пячаццю гэтага рэгіструючага органа. Адпаведнае дапаўненне ўнесена ў Інструкцыю аб парадку вядзення працоўных кніжак.

Унесены таксама змяненні і дапаўненні, абумоўленыя практыкай прымянення інструкцыі. У прыватнасці, пералік звестак, якія не ўносяцца ў працоўную кніжку, дапоўнены звесткамі аб рэжыме гібкага рабочага часу і аб няпоўным рабочым часе.

Інструкцыя дапоўнена нормамі, якія прадугледжваюць парадак унясення ў працоўную кніжку некаторых запісаў. Размова ідзе аб прысвоеным разрадзе па прафесіі рабочага на падставе пасведчання аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду (класа, катэгорыі) установай адукацыі асобам, якія маюць працоўныя кніжкі і не знаходзяцца ў працоўных адносінах з наймальнікам на момант залічэння ва ўстанову адукацыі. У працоўную кніжку будуць уносіць запісы спартсменам, трэнерам пры часовым пераводзе да іншага наймальніка для прадаўжэння займання прафесійным спортам. Рэгламентаваны парадак унясення ў працоўную кніжку запісу аб спыненні працоўнага дагавора (кантракта) з работнікам у выпадку смерці наймальніка - фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка.

Акрамя таго, устаноўлены асаблівы парадак выдачы работніку дубліката працоўнай кніжкі (укладыша да яе), калі наймальнік па апошнім месцы работы ліквідаваны, спынена дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка або наймальнік памёр. У гэтым выпадку дублікат працоўнай кніжкі выдаецца наймальнікам па новым месцы работы незалежна ад тэрміну, што мінуў з даты звальнення работніка. "Паводле агульнага правіла, у выпадку страты працоўнай кніжкі (укладыша да яе) звольнены работнік звяртаўся за дублікатам працоўнай кніжкі да наймальніка па апошнім месцы работы на працягу шасці месяцаў пасля яго звальнення", - растлумачылі ў міністэрстве. Падставай для выдачы дубліката працоўнай кніжкі (укладыша да яе) з'яўляюцца звесткі, якія пацвярджаюць ліквідацыю арганізацыі, спыненне дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, смерць наймальніка - фізічнай асобы і даведкі аб перыядзе работы, службы.

Пастанова ўступае ў сілу 13 кастрычніка 2017 года.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».