21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзедаў пачастунак

...Вось на каго нашай вёсцы шанцуе — дык гэта на дактароў і дакторак. Узяць хоць бы цяперашнюю — Мікалаеўну: дыягназ паставіць — без розных там аналізаў і «ўзі» (яны потым толькі пацвердзяць), укол зробіць — нават не пачуеш. Ведама, практык! І добры... Але ж такіх, як Іван Іванавіч, мусіць, нідзе яшчэ не было і ўжо ці будзе.

...Працаваў ён у нас недзе з канца 40-х і да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Мог, казалі, і на падвышэнне пайсці — у раён альбо нават сталіцу. Яго клікалі. А Іванавіч адмаўляўся, бо яму і ў вёсцы добра было. Можа,  таму яшчэ, што сам ён быў чалавекам добрым, на дзіва ўраўнаважаным ды ўважлівым — і да старых, і да малых. А ўжо ж да хворых... Тым дык неяк між волі перадаваліся яго вера ў папраўку (Ранеўская нездарма казала, што калі чалавек хоча жыць — медыцына бяссільная) ды яго спакой. Доктар, здавалася, ніколі не раздражняўся, не стамляўся, хоць людзей прымаў, можна сказаць, кругласутачна: калі на ФАПе, калі дома. (Гэта ж цяпер ледзь што мы выклікаем «хуткую», а тады быў Іван Іванавіч — і за фельчара,
і за педыятра, і за стаматолага, часам, і за акушэрку...)

З найбольшай ахвотай (яго сын расказваў) бацька ездзіў да парадзіх. Што не дзіва, бо іхняя «немач» несла чаканне радасці, а то і яе саму... Доктару не грэх і пачастунак тады прыняць: сто грамаў — не больш, бо служба.

Але ж аддзячыць Івану Іванавічу (ноч-апоўнач прыязджаў на сваім «лісапеце», ад слова, па першым выкліку) хацелі не толькі родныя парадзіх. І ў многіх вяскоўцаў (каб не крыўдзіць людзей) доктар тыя сто грамаў прымаў (яны яму, вялізнаму дзядзьку, што слану шрацінка былі). Адзін толькі раз ад пачастунку адмовіўся.

Выклік тады быў з самага «таежнага тупіка»: дзеду адзінокаму кепска стала.

Доктар, што называецца, выехаў на месца, выслухаў старога, памераў ціск, зрабіў укол — сеў пачакаць, пакуль лекі падзейнічаюць. А заадно і тым часам распытаў нямоглага пра ягонае жыццё, паспачуваў.

Яшчэ і ад гэтага хворы ў хуткасці акрыяў, падняўся з ложка, затупаў па хаце. І, вядома ж, аддзячыць захацеў шаноўнаму доктару: пачаставаць яго, чым багаты.

Іванавіч стаў адмаўляцца, стары тады ў крыўду...

Што было рабіць: затрымаўся доктар у хаце. «На хвілінку, — сказаў, — не болей». А калі так, дзед мігам «нырнуў» у шафку, выцягнуў адтуль бутэльку, кінуўся шукаць недзе чарку ці шклянку. Але іх, як на ліха, ну нідзе не было (ці былі, але дужа брудныя?)...

Найчысцейшая стаяла хіба на прыпечку — адна, але з дзедавымі... зубамі.

«Гэта ж не што благое?» — падумаў, відаць, стары: жвавенька дастаў пратэзы, цераз парог выплюхнуў ваду, а саму шклянку («узор чысціні»!) з форсам выставіў на стол перад доктарам.

Сказаць, што ў гэта імгненне Іванавіч, як той казаў, выпаў у асадак, — значыць, прамаўчаць.

Гаспадар тым часам адкаркоўваў бутэльку.

— Прабачце, дзеду, але выпіць я ніяк не магу, — стаў прасіцца доктар. — Я ж зусім забыўся: да мяне зараз начальства з раёна прыедзе. Знюхае градус — з работы выганіць як піць даць... Хто ж тады лячыць вас будзе?

Дзед пачухаў патыліцу:

— Ну тады іншым разам? — спытаў ён у доктара.

— Іншым-іншым, — згадзіўся Іванавіч.

... Днямі тэлевізар казаў, што тым, хто любіць сасіскі, лепей не ведаць, як яны робяцца.

Адпаведна, тым, хто вельмі хоча выпіць, лепш не глядзець, у якую чарку і што наліваюць: як той казаў, хоць сабачына, абы вока не бачыла.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён


«Рыцарскі» паядынак

Суседскую Алесю ў нашым доме любілі ўсе: і разумніца яна, і гаспадынька, і прыгажуня. Цуд, карацей, а не дзяўчынка!

Падрасла неўзабаве, і мы ўжо не проста ёй любаваліся, але і сталі перажываць — жадаць ёй добрага жаніха.

...Трэба сказаць, што хлопцаў каля гэтай дзеўкі вілося нямала, але ж самымі закаханымі былі два — Васілёк з нейкага ваеннага вучылішча ды Ягорка — студэнт тады інстытута замежных моў. Першы (ды яшчэ ў форме...) больш прыцягваў прыгажосцю і натуральнасцю, другі — інтэлігентнасцю. Казалі, што ён не раз хваліўся сваімі перспектывамі, сваімі бацькамі. Маўляў, і яны, і сам — птушкі не абы якога палёту: што яго пасля вучобы (усё «схоплена») уладкуюць на працу ў пасольства. І гэта — як мінімум...

Карацей, у абодвух жаніхоў былі, здавалася, шанцы. «Каго ж з іх выбера Алеся?» — гадалі суседзі.

А дзяўчына і сама не ведала, цягнула час, раілася з бацькамі. І неяк (падобна, разам з імі) вырашыла абодвух запрасіць да сябе дамоў, пасадзіць за адным сталом, паглядзець на абодвух, а там...

І вось пачаліся тыя агледзіны. Без пяці хвілін дыпламат амаль нічога не есць і не п'е, усё гаворыць, дэманструе правілы добрага тону. Вася — болей маўчыць: слоўца не паспявае ўставіць ды і не дужа рвецца, усё на Алесю глядзіць, любуецца...

Праз нейкі час у застоллі, у размовах наступае так званы перакур: нехта і сапраўды ідзе на балкон пасмаліць, нехта — па патрэбе ў прыбіральню.

За стол першым вяртаецца Васіль: садзіцца, Алеся налівае яму гарбаты, на талерку сабе ён кладзе пірага (Алесіна маці напякла, пастаралася)...

Тым часам і Ягор у зале з'яўляецца, на хаду насоўкай сухія рукі трэ.

— Не ведаю, як чые, — заўважае ў бок Васіля, — а мае бацькі дык змалку прывучылі мяне рукі мыць пасля туалета.

Прагучала гэтая фраза нібыта прысуд. Маўляў, што з яго ўзяць — прастак, салдафон... І сямейка ў яго такая ж.

Але Вася з тым не згадзіўся. Сказаў:

— Разумныя ў цябе бацькі. Ды і мае не дурныя: змалку вучылі, каб на рукі не пісаў.

...Крыць будучаму дыпламату не было чым: ён толькі лыпаў вачыма ды, як той казаў, маўчаў у анучку: літаральна, бо менавіта ў яе ператварылася Ягорава насоўка.

Астатнія застольнікі таксама крыху разгубіліся: хіба што гаспадар, Алесін бацька, не стрымаўся. Ён па-мужчынску паляпаў па плячы «салдафона»: маўляў, твая ўзяла, малайчына!.. Чыстая перамога!

...Як паказаў час, такой вось, чыстай, яна і атрымалася. Пашанцавала Алесі: Васіль стаў цудоўным зяцем і цудоўным мужам.

(Што, магчыма важна, рукі пасля прыбіральні ён, вядома ж, мыў, але каб пра тое некаму расказваць... Навошта?)

Анатоль Палынскі, г. Беразіно


Веру любому зверу...

Адбылося гэта досыць даўно. Я, тады курсант Рыжскага ваеннага вучылішча, прыехаў дамоў на зімовы адпачынак. Не паспеў з усімі як след павітацца, як у хату ўваліўся сусед, дзядзька Пятро, вялікі рыбалоў-аматар. Маці, вядома ж, накрыла стол, запрасіла да яго і дзядзьку.

Пасядзелі, помню, як мае быць. Сусед захмялеў, падабрэў, назаўтра запрасіў мяне на рыбалку. Чарвякі, сказаў, яшчэ з восені ў яго назапашаны — у склепе стаяць, у вядры.

— Лесвіцу таксама з сабой вазьміце, — падказаў нам бацька. — Каля берага вада стаіць.

І вось нараніцу мы з дзядзькам ужо трымаем курс да ракі. Бачым, лёд на ёй і сапраўды трохі падтаўшы: без лесвіцы на сярэдзіну не прайсці было б.

Але ж, галоўнае, не дарэмна: рыба там добра бралася: «упадабалі» дзядзькавых чарвячкоў ладныя плотачкі, не адставалі ад іх і жыўчыкі-акунькі.

Не без таго — добрая «прыкормка» знайшлася і для нас: і хлеб у дзядзькі быў, і да хлеба: сала з цыбулькай, бутэлька гарэлкі...

Факт: мы крыху «клюнулі», потым дабавілі. Сусед, як чалавек бывалы, узяўся вучыць мяне жыццю-быццю, казаў, калі трэба жаніцца, каго варта браць («каб толькі не дурніцу!») і як яе «ў руках трымаць».

Потым дзядзька стаў дзяліцца сваім досведам, але яго, прычым на пачатку, перапыніў не тое плач, не тое крык з берага:

— Пе-ця, не лезь пад лёд! — прасіла дзядзькава жонка.

— Што яна кажа? — нічога не зразумеў сусед.

Я толькі паціснуў плячыма.

— Лёша, — ужо да мяне звярталася цётка Кацярына праз шыракаватую палоску вады паміж берагам і лёдам, — ты таксама не лезь... Богам прашу! Вы мяне чуеце?

— Чуем-чуем... Ідзі адсюль! — загадаў цётцы муж, шматзначна пакруціўшы пальцам каля скроні.

Пасля гэтага наша размова пра сямейнае жыццё неяк перастала «клеіцца», рыба таксама чамусьці не бралася, і мы з дзядзькам недзе праз гадзінку папляліся дахаты.

— Ну, як рыбалка, улоў? — спыталіся там бацькі.

Я ўзяўся расказваць — яшчэ і пра тое, што на рэчку прыходзіла суседка, прасіла, чамусьці, каб мы з дзядзькам не лазілі ў ваду...

Бацька ў адказ толькі рассмяяўся. Аказалася, што цётка Кацярына ўбачыла, што на рыбу мы пайшлі з драбінай і спачатку прыбегла да яго: спытала, навошта? Бацька вазьмі ды ляпні:

— Твой дурны, а мой яшчэ дурнейшы... Гэта ж па драбіне яны збіраюцца пад лёд у разведку лазіць: глядзець, дзе рыба ёсць, а дзе нямашака.

...Ад нашага рогату ў вокнах доўга дрыжэлі шыбы. А цётка Кацярына, можа, з год потым абмінала бацькаву хату — пакрыўдзілася.

Аляксей Галаскок, г. Ганцавічы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.