Вы тут

Сеанс прасвятлення


Тэлефаную хроснай дачцэ падзяліцца навінамі. «Уяўляеш, — кажу, — Чумак памёр!» А яна мне ў адказ: «Які Чумак?» Вось табе на! Дзяўчыне дваццаць сем гадоў, а ў яе ўжо гэта слова ні з чым, акрамя як хіба што назвай украінскага кетчупу, не асацыюецца. Хаця, можа, яно і добра, што так. Атрымліваецца, ужо вырасла і нарадзіла сваіх дзяцей новае пакаленне, якое не памятае і ўвогуле не ведае пра той стан агаломшанай разгубленасці, у якім у канцы 80-х жылі ўсе грамадзяне вялізнай краіны, што трашчала ўжо па ўсіх швах. Людзі, якім раптам сказалі, што дагэтуль яны жылі абсалютна няправільна і што каштоўнасці іх — ніякія не каштоўнасці, а пясок пад нагамі, шукалі апоры і паратунку. Няхай сабе ў выглядзе слоікаў з «зараджанай» вадой, якую праз тэлевізійны экран надзяліў цудадзейнай сілай чалавек у акулярах, нават імя якога гучала загадкава і прыцягальна, — Алан Чумак.


І ўсё ж, нягледзячы на відавочную абсурднасць, гэта было нават весела. Цяпер з усмешкай (а калі шчыра — дык і з нейкім лёгкім шкадаваннем) згадваюцца тыя далёкія раніцы, калі чорна-белы «Гарызонт» роў у зале на поўны гук — каб не прапусціць пачатак! Усе былі занятыя сваімі справамі, але пасля магічнага слова «Чумак!» справы кідаліся на любым этапе і ўся сям'я садзілася перад пукатым чорна-белым экранам, з якога, не гаворачы ні слова, махаў рукамі дзядзька з густой чупрынай і з калючымі вачыма, што нерухома глядзелі ў камеру з-за вялізных акуляраў. Памятаю, у суседзяў сапсаваўся тэлевізар, і яны ў поўным складзе са сваімі слоікамі прыходзілі на штодзённыя «сеансы» да нас, так што людзей набіваўся поўны пакой, сядзелі нават на падлозе. Пасля «гаючую» ваду (набраную з суседскага калодзежа) усе адпівалі маленькімі глыткамі, заміралі, прыслухоўваючыся да адчуванняў. Бадзёра казалі: «А што ты думаеш, і праўда адлягло!» ці «Ты глянь, і праўда ў вачах пасвятлела!», забываючыся ў той момант і пра пустыя паліцы ў крамах, і пра талоны з «візіткамі» (памятаеце, былі такія імянныя кніжкі, у якіх было запісана, колькі чаравікаў, шкарпэтак і маек ты можаш набыць на працягу года), і пра курс долара, ад якога раптам стала залежаць усё і які скакаў уверх як шалёны...

Потым былі новыя хвалі масавага псіхозу на адлегласці — «лекавыя» телесеансы Кашпіроўскага, серыял «Багатыя таксама плачуць», — падчас якіх жыццё ў краіне літаральна замірала. (Дагэтуль памятаю, як аўтобус у маю вёску не мог у час адправіцца з Дзяржынскай аўтастанцыі, бо не прадаваліся білеты — усе касіркі сачылі за Марыянай і Луісам-Альберта.) Пасля прыйшоў Лёня Галубкоў са сваім МММ, і гэта ўжо пацягнула нежаданыя наступствы — многім давялося шкадаваць не толькі пра дарэмна патрачаны час, але і пра страчаныя грошы, незваротна «замураваныя» ў першую фінансавую піраміду. Побач з Маўродзі Чумак і Кашпіроўскі, тэлесеансы якіх не наносілі фактычна ніякіх удараў па сямейных бюджэтах, здаваліся нявіннымі немаўлятамі. Але ж, атрымліваецца, менавіта яны паклалі пачатак гэтай дурной веры незразумела ў што і чаканню паратунку незразумела адкуль... Сапраўды, дзіўны і дзівацкі быў тады час!..

Зараз, пасля смерці амаль забытага, а для многіх ужо і зусім не вядомага Алана Чумака, шмат было напісана пра тое, што яго эпоха (як і эпоха Кашпіроўскага і іншых «лекараў») скончылася тады, калі з'явіліся нарматыўныя дакументы аб забароне падобных сеансаў. А мне падаецца, прычына ў іншым. Не стала попыту. Пакрысе пачала мяняцца псіхалогія людзей, якія зразумелі, уласны горкі досвед атрымаўшы, што час настаў іншы, што, калі хочаш жыць, — трэба круціцца самому, трэба спадзявацца на ўласныя сілы, на свае, а ні на чыесьці рукі, ногі, галаву. Што, колькі тую «зараджаную» ваду ні сёрбай, колькі перад экранам тэлевізара ні сядзі, — ні здароўя, ні поспеху ў цябе не дабавіцца. Здавалася, мы менавіта тады, у тыя няпростыя пераходныя часы, атрымалі надзейную прышчэпку ад наіўнай дурноты. І гэта, пэўна, нават добра, што нашы трыццацігадовыя ўжо не ведаюць, што Чумак — гэта не толькі кетчуп.

Але ж не! Справа тэлевізійных лекараў, пастаўленая на камерцыйныя рэйкі, жыве і квітнее. Няхай сабе не ў нас — у суседняй Расіі, але ж спадарожнікавае тэлебачанне даступнае для ўсіх ахвотных. І тут ужо не да ўсмешак: людзі пасля такіх сеансаў развітваюцца не толькі са значнымі сумамі грошай (віцебская бізнес-лэдзі перавяла нядаўна на рахункі тэлелекараў каля ста дваццаці тысяч долараў), але і з псіхічным здароўем... А пачынаецца ўсё бяскрыўдна, амаль як калісьці ў Чумака ці Кашпіроўскага: сядзіць у экране дзядзечка ці цётка, прапануе бясплатна патэлефанаваць, каб атрымаць магічную дапамогу і вырашыць якія заўгодна праблемы — са здароўем, у сям'і, у бізнесе. Тут жа чуваць, як нехта тэлефануе ў студыю — і з яго проста ў эфіры здымаюць псоту: захопленыя словы падзякі, слёзы радасці... Нават калі ў цябе ў жыцці ўсё больш-менш, як тут не паддацца спакусе і не патэлефанаваць (бясплатна!). Праблемы ж, пры жаданні, заўсёды знойдуцца... Але, як папярэджваюць спецыялісты-псіхіятры, як толькі вы здымаеце трубку, з вамі пачынаюць працаваць прафесіяналы, якія дасканала валодаюць тэхнікамі ўнушэння і гіпнозу нават на адлегласці. А пасля вы будзеце ліхаманкава прыгадваць, як, калі і, галоўнае, навошта пералічвалі на нейкія рахункі ўсе свае зберажэнні, а пасля яшчэ і ў пазыкі залезлі...

Час «дзівосаў» і дзівакоў мінуў. Цяпер ён іншы — больш прыземлены і жорсткі. «Зараджаную» ля экрана ваду ўспамінаем з усмешкай, а малодшыя і ўвогуле пра яе паняцця не маюць. Хаця, магчыма, варта прыгадаць яе смак: менавіта з яго мы пачалі вылечвацца тады ад хваробы, якая нікуды не дзелася, якая і сёння падпільноўвае кожнага, як вірус грыпу, — даверлівай дурноты.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».