Вы тут

На сусветным узроўні


У гонар 20-годдзя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў сталіцы прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная прымяненню сучасных тэхналогій у лячэнні дзяцей з онка-гематалагічнымі захворваннямі, гемапатыямі, пярвічнымі імунадэфіцытамі. У рабоце секцый і круглых сталоў прымалі ўдзел спецыялісты з Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, Ізраіля.


Аказанне медыцынскай дапамогі і абслугоўвання ў цэнтры сёння на самым высокім узроўні, заўважыла падчас урачыстага прыёму кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА. Яна таксама падкрэсліла, што ўсе, хто тут працуе, робяць гэта з вялікай любоўю да пацыентаў, асобна выказала словы падзякі дырэктару РНПЦ дзіцячай анкалогіі Вользе Алейнікавай. У віншаванні кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, агучаным Наталляй Качанавай, гаворыцца, што дзейнасць установы — яркі прыклад няспыннага развіцця навукі і практыкі, што дазволіла ўзняць узровень аказання меддапамогі дзецям з цяжкімі захворваннямі на сусветны ўзровень. Словы падзякі Прэзідэнт адрасаваў усім супрацоўнікам, а таксама тым, хто стаяў каля вытокаў стварэння цэнтра: «Менавіта іх намаганнямі былі дасягнуты першыя значныя поспехі вашага згуртаванага, таленавітага калектыву. Упэўнены, вы і надалей будзеце заставацца прыкладам самаадданага служэння сваёй справе».

Сёння ў цэнтры праводзіцца лячэнне дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з усімі відамі гематалагічнай і анкалагічнай паталогіі (за выключэннем раку шчытападобнай залозы) і прыроджанымі імунадэфіцытамі, а таксама маладым людзям ва ўзросце 18—29 гадоў з вострым лімфабласным лейкозам. Паколькі лячэнне практычна любых пухлін у дзяцей мае на ўвазе хірургічны этап, то адным з ключавых падраздзяленняў цэнтра можна лічыць выдатна аснашчаны сучасны аперацыйны блок. Апошнім часам хірургічныя ўмяшанні, з аднаго боку, становяцца больш складанымі, а з другога — расце доля малаінвазіўных. З прыцягненнем у некаторых выпадках сасудзістых хірургаў, мікрахірургаў, траўматолагаў-артапедаў РНПЦ «Кардыялогія», Мінскай абласной клінічнай бальніцы, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ажыццяўляюцца складаныя ўмяшанні пры пухлінах галавы і шыі, канечнасцяў, скуры, мяккіх тканак. Расце доля малатраўматычных аперацый на грудной клетцы і брушной поласці. Выконваецца эндапратэзаванне касцей і суставаў. Усяго ў цэнтры праводзіцца каля 1000 аперацый у год, больш за палову якіх — складаныя паласныя, прыкладна кожная чацвёртая — высокатэхналагічная.

Дзякуючы сваёй практычнай і навуковай дзейнасці, цэнтр сёння вядомы далёка за межамі краіны. Варта нагадаць, што 25 гадоў таму ў Беларусі вылечвалі ад раку каля 15 працэнтаў дзяцей, а сёння размова ідзе пра 75 працэнтаў. Дарэчы, у дзяцей рак больш агрэсіўны, больш цяжкі і, разам з тым, клеткі дзіцячага арганізма больш адчувальныя да хіміятэрапіі, іх прасцей забіць. Дзесьці кожны дзясяты пацыент — замежнік, які прыехаў з краіны, дзе няма такой высокатэхналагічнай дапамогі. Гэта датычыцца найперш трансплантацыі касцявога мозгу.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.