Вы тут

«Звязда» атрымала дыплом за «Сямейную газету»


У творчай скарбонцы ўзнагарод нашай газеты — папаўненне. Учора тэматычны дадатак «Сямейная газета» атрымаў дыплом Міністэрства інфармацыі «за ўсебаковае і высокапрафесійнае асвятленне сямейнай тэматыкі» ў межах конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава».


— Мне прыемна сведчыць пра тое, што ў рэспубліканскім творчым конкурсе «Моцная сям'я — моцная дзяржава», які традыцыйна праводзяць Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз жанчын, удзельнічаюць усё болей і болей журналістаў, — адзначыў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Сёлета мы атрымалі амаль 80 работ больш чым ад 70 сродкаў масавай інфармацыі, як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных. Прычым, што радуе, публікацыі і выступленні ў эфіры прадстаўлены ва ўсёй палітры журналісцкіх жанраў.

Перад узнагароджваннем пераможцаў конкурсу прайшоў круглы стол на тэму «Аб павышэнні ролі СМІ ў рашэнні актуальных пытанняў паляпшэння здароўя жанчын, умацавання сямейных каштоўнасцяў, прапагандзе здаровага ладу жыцця». У межах дыскусіі былі ўзняты глыбокія пытанні. Шмат гаварылі не толькі пра фізічнае здароўе бацькоў і іх дзяцей, але і пра духоўнае. Таксама выступоўцы, сярод якіх дэпутаты, педагогі, медыкі, работнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей, святары, закранулі шмат праблемных момантаў. У прыватнасці, што наспела неабходнасць стварэння «бацькоўскіх універсітэтаў» і ўвядзення ўрокаў «Псіхалогія сямейных адносінаў» у школах. Пры гэтым адзначылі, што існуе вострая патрэба ў высокакваліфікаваных крызісных і сямейных псіхолагах. Выказалі заклапочанасць такімі з'явамі сучаснасці, як сужыхарства і «чайлдфры» (калі маладыя сем'і не жадаюць мець дзяцей). Паколькі набліжаецца Дзень маці, то ў цэнтры ўвагі, вядома, была жанчына. У прыватнасці, удзельнікі дыскусіі разважалі, якой павінна быць сям'я, каб жанчына была шчаслівай. І, што цікава, урэшце вывелі формулу жаночага шчасця (падрабязней пра гэта і не толькі чытайце ў найбліжэйшым нумары «Сямейнай газеты»).

Разам з тым усе выступоўцы падкрэслілі важную ролю сродкаў масавай інфармацыі ў папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў.

— Сёння сфарміравана велізарнае праблемна-тэматычнае поле для будучых выступленняў журналістаў на старонках газет і часопісаў, у тэлерадыёэфіры, у сацыяльных сетках, — рэзюмаваў Аляксандр Карлюкевіч. — Тыя тэмы і прыклады, якія агучылі падчас круглага стала, сведчаць пра зацікаўленасць грамадства ў развіцці інстытута сям'і.

Міністр інфармацыі лічыць важным, каб СМІ і далей актыўна асвятлялі сямейную тэматыку, працягвалі гадаваць парасткі дабра, маральнасці і духоўнасці ў бацьках і іх дзецях.

Надзея ДРЫЛА

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.