Вы тут

Ці ёсць жыццё ў беларускага бадмінтона?


Гэтым відам спорту займаюцца каля 320 мільёнаў чалавек у свеце, або кожны 50-ы на Зямлі. У азіяцкіх краінах бадмінтон — адзін з вядучых відаў спорту. Цяпер ён набірае абароты і ў Еўропе. Гульня з валанамі ўжо 25 гадоў уваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў, а таксама стала неад'емнай часткай праграмы Еўрапейскіх гульняў. Хоць для многіх беларусаў гэта па-ранейшаму выключна пляжны, аматарскі від спорту. Як развіваецца беларускі бадмінтон на самай справе, нам расказала намеснік старшыні Беларускай федэрацыі бадмінтона Святлана Лялькоўская.


Намеснік старшыні ў мінулым сама гуляла ў бадмінтон. Бярэ ракетку ў рукі і сёння.

— У Беларусі каля 600 спартсменаў займаецца гэтым відам спорту ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, ёсць і пэўны пласт аматараў, разам з імі гэта каля 900 чалавек. Не будзем хаваць, у Беларусі гэты від спорту не прыярытэтны, у тым ліку і з-за адсутнасці значных спартыўных вынікаў на міжнароднай арэне, таму некаторыя не ведаюць, што гэта ўвогуле спорт, і здзіўляюцца, калі даведваюцца, што ён уваходзіць у алімпійскую праграму. Сёння ў свеце 188 нацыянальных федэрацый. Калі браць Еўропу, то найбольш развіты ён у Даніі, дзе па папулярнасці займае другое месца пасля футбола. А, напрыклад, не такая ўжо вялікая краіна Англія мае 3200 бадмінтонных клубаў. Калі казаць пра азіяцкую частку, у Малайзіі па статыстыцы 2,5 мільёна людзей, якія гуляюць у бадмінтон, Кітай і Інданезія не адстаюць. Матчы міжнародных спаборніцтваў у гэтых краінах збіраюць па 15 тысяч гледачоў.

— Усё ж 600 чалавек — гэта вельмі мала для гульнявога віду спорту, што тармозіць развіццё бадмінтона ў Беларусі?

— Сёння мы маем вялікую праблему з кадрамі: у нас у краіне працуе ўсяго 33 трэнеры па бадмінтоне, з іх толькі 18 — штатныя спецыялісты. Гэта ўжо гаворыць пра многае. БДУФК не выпускае трэнераў-выкладчыкаў нашай спецыялізацыі, аддзяленне бадмінтона працавала там да 1995 года. Цяпер думаем, як аднавіць падрыхтоўку спецыялістаў па бадмінтоне, уздымалі гэтае пытанне на прэзідыуме федэрацыі. Разумею, што праблема з кадрамі цяпер ёсць практычна ва ўсіх відах спорту, усё ўпіраецца ў фінансы і невысокі статус дзіцячага трэнера.

— Ці патрэбныя нейкія асаблівыя ўмовы для залаў, дзе можна гуляць у бадмінтон?

— Падыходзіць практычна любы. Для міжнародных турніраў самага высокага ўзроўню патрэбна вышыня столі 12 метраў, для сярэдняга класа — 9 метраў. Для трэніровачнага працэсу гэтыя ўмовы не абавязковыя, 5—6 метраў цалкам дастаткова, а гэта тэхнічныя характарыстыкі практычна любой сучаснай школьнай спартыўнай залы. Да пакрыцця таксама асаблівых патрабаванняў няма, для дзяцей падыдзе звычайны паркет, на якім малюецца разметка.

У Мінску ёсць пляцоўкі на веладроме «Мінск-Арэны», у спецыялізаваным зале федэрацыі бадмінтона, Палацы спорту «Уручча», ФАК Фрунзенскага раёна. Гуляюць і ў спартыўных залах некаторых агульнаадукацыйных школ. Сітуацыя ў рэгіёнах, вядома, горшая. Добрую базу мае Брэст: там ёсць і спартсмены, і трэнеры, цяпер растуць нядрэнныя юніёры, гуляюць аматары. Ёсць аддзяленні ў Гомелі, Мазыры і Гродне. Пакуль на пачатковым узроўні наш від спорту ў Магілёве: там працуе ўсяго адзін трэнер. Сёння федэрацыя праводзіць работу па адкрыцці аддзялення ў Віцебскай вобласці, але пакуль, на жаль, зноў паўстала пытанне са спецыялістамі.

— Ці дарагі гэта від спорту?

— Калі са спартыўнай формай і ракеткай не ўзнікае асаблівых праблем, то валаны каштуюць нятанна. Калі бацькі зацікаўлены ў выніку дзіцяці, то прыйдзецца ўкладвацца. Туба з валанамі прафесійнага ўзроўню, у якой 12 штук, каштуе 30—40 еўра. Наколькі іх хопіць, залежыць ад майстэрства спартсмена. Пачатковец-непрафесіянал можа «забіць» валан з аднаго ўдару. Дзеці ў асноўным пачынаюць гуляць валанамі з пластыку, а сапраўдны прафесійны валан робіцца з пёраў. Бывае, што за адзін матч спартсмены высокага класа разбіваюць і да двух каробак.

Сёння мы наогул шмат гаворым пра недастатковае фінансаванне, бо без грошай развівацца складана. Як і кожны гульнявы від спорту, бадмінтон патрабуе пастаяннай спаборніцкай практыкі. Прытым неабходна гуляць на міжнародным узроўні, а не варыцца ва ўласным соку. У нас, на жаль, юніёры і юнакі вельмі мала прымаюць удзел у сур'ёзных міжнародных стартах. Часам на чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў, юнакоў і дзяўчат мы прыязджаем, не маючы ні досведу, ні ведаў пра ўзровень і клас сваіх сапернікаў.

— Што цяпер адбываецца з нашай нацыянальнай камандай?

— Сёння ў складзе нацыянальнай каманды чатыры спартсмены. Усе дзяўчаты. Федэрацыя прыняла такое рашэнне, таму што мужчыны сёння маюць больш нізкія вынікі і, адпаведна, сусветны рэйтынг. Першая ракетка краіны Алеся Зайцава цяпер мае 104-ы сусветны рэйтынг. Каб быць на подступах і ўваходзіць у 100 лепшых спартсменаў свету, бадмінтаністу неабходна пастаянна паспяхова выступаць на міжнародных спаборніцтвах на працягу некалькіх гадоў. Мы вельмі спадзяёмся, што Алеся здолее заваяваць ліцэнзію і годна прадставіць краіну на Алімпійскіх гульнях 2020 года. Каб трапіць у Рыа, ёй не хапіла літаральна 3—4 пазіцыі. У 2012 годзе яна брала ўдзел у летняй Алімпіядзе і выступіла там годна па якасці гульні, хоць высокага месца і не заняла. Мае пэўныя спадзяванні, што ў гэтым яе падтрымаюць і нашы маладыя спартсмены, тыя, хто толькі трапіў у нацыянальную каманду і будзе імкнуцца да высокіх спартыўных вынікаў.

Першы нумар зборнай Алеся Зайцава.

— Што можна назваць самым значным дасягненнем беларускай зборнай?

— Найбольшых поспехаў на міжнароднай арэне дамаглася магіляўчанка Святлана Бялясава. Яна тройчы станавілася бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Былі ў нас і медалісты чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў: Яўген Даянаў і Таццяна Герасімовіч. Але гэта ўсё ў складзе зборных каманд СССР.

З моманту выступлення ў складзе суверэннай каманды ў нас таксама ёсць нядрэнныя вынікі. Спартсменкі з Брэста Надзея Касцючык і Вольга Конан станавіліся чэмпіёнкамі Еўропы сярод юніёраў, Улада Чарняўская і Міхаіл Коршук бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях 1996 года ў Атланце, Вольга Конан заняла высокае 9-е месца на Алімпійскіх гульнях 2008 года ў жаночай адзіночнай катэгорыі.

— Збоку часта здаецца, што ў бадмінтон прыходзяць няўдалыя тэнісісты.

— Ніякай сувязі бадмінтона з тэнісам і настольным тэнісам няма. У нас абсалютна іншая тэхніка, у рабоце задзейнічаны іншыя групы мышц, іншае перасоўванне па пляцоўцы. Дзецям, што займаюцца бадмінтонам, наадварот, трэнеры забараняюць гуляць у тэніс і настольны тэніс. Ламаць і перарабляць нашмат складаней, чым навучыць з нуля. Як бы дзіўна ні гучала, але тэхнічна бадмінтон бліжэй за ўсё да валейбола.

— Ці праўда, што бадмінтон уваходзіць у тройку самых энергазатратных гульнявых відаў спорту?

— Так, за матч спартсмен прабягае да 10 км і скача ў вышыню каля 1 км. Хуткасць палёту валана часам дасягае больш за 400 км у гадзіну, патрэбна імгненная рэакцыя. Бадмінтаніст працуе на пульсе 200 удараў у хвіліну. Такое сустрэнеш далёка не ва ўсіх відах спорту.

Бадмінтон выдатна падыходзіць для людзей, якія не вельмі любяць займацца ў трэнажорнай зале, але хочуць быць спартыўнымі. Гэта спорт, які дае выдатную псіхалагічную разгрузку, паляпшае зрок, прымушаючы працаваць сятчатку вока, бо бадмінтаніст увесь час глядзіць за набліжэннем і выдаленнем валана ў высакахуткасным рэжыме.

— Чым трэба валодаць дзіцяці, каб пачаць займацца бадмінтонам?

— У секцыю бадмінтона набіраюць дзяцей з шасці гадоў. На пачатковым этапе займацца можа практычны кожны. Але калі казаць пра спорт прафесійны, то, вядома, бадмінтон патрабуе і ўстойлівасці да фізічных нагрузак, і высокіх каардынацыйных магчымасцяў, і псіхалагічнай устойлівасці. Што датычыцца антрапаметрыі, то ў нашым відзе спорту нават сярод элітных спартсменаў сустракаюцца гульцы і рознага росту, і рознага целаскладу.

— На ваш погляд, у чым сакрэт татальнага лідарства ў свеце бадмінтона азіяцкіх спартсменаў?

— Безумоўна, у іх традыцыях. Гэты від спорту развіваецца ў азіяцкіх краінах ужо вельмі даўно і мае велізарную папулярнасць. Масавасць дазваляе з мноства выбіраць самых таленавітых і годных. Бадмінтону ў азіяцкіх краінах надаецца вялікая ўвага. Дастаткова ўспомніць Алімпіяду 2008 года, дзе менавіта бадмінтаністу было даверана ганаровае права на цырымоніі адкрыцця вынесці алімпійскі сцяг.

Трэба сказаць, што і Еўропа не стаіць на месцы. Не так даўно, упершыню ў гісторыі, прэзідэнтам Сусветнай федэрацыі бадмінтона быў абраны еўрапеец — першы алімпійскі чэмпіён, датчанін Поль-Эрык Хеер. Вядучыя еўрапейскія спартсмены ўсё часцей становяцца пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў.

Мы вельмі спадзяёмся, што ІІ Еўрапейскія гульні ў Беларусі прыцягнуць увагу да нашага віду спорту, дадуць імпульс да развіцця, бо бадмінтон вельмі цікавы, відовішчны, хуткасны. Мы будзем гуляць на прыгожай, сучаснай пляцоўцы Falcon Club, гэта будзе сапраўднае свята для нашага віду спорту.

— Колькі беларускіх бадмінтаністаў будзе прадстаўлена на Еўрагульнях у 2019 годзе?

— Як краіна-гаспадыня мы маем магчымасць прадставіць сваіх спартсменаў ва ўсіх пяці катэгорыях: адзіночная (жаночая, мужчынская), парная (жаночая, мужчынская) і змяшаная. Наогул, адбор на Еўрагульні будзе праходзіць па аналогіі з першымі гульнямі ў Баку — па сусветным рэйтынгу. Мяркуецца, што ў спаборніцтвах возьмуць удзел 160 спартсменаў — 80 жанчын і столькі ж мужчын.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Святлана Лялькоўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».