Вы тут

Леанід Чашчын — аб праблемах і поспехах зімовых відаў спорту


 

Да Алімпійскіх гульняў у Карэі засталося каля чатырох месяцаў, воляй-няволяй і аматары спорту, і спецыялісты ў сферы спорту пачынаюць задумвацца пра тое, як складуцца для Беларусі гэтыя Гульні. Зімовыя Алімпіяды ў новым тысячагоддзі былі для нас вельмі розныя. Амерыканскі Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м прынёс толькі адну бронзавую ўзнагароду, праз чатыры гады ў Турыне ў скарбонцы краіны таксама быў усяго адзін медаль — «серабро». Алімпійскі Ванкувер стаў куды больш удачлівы, там мы заваявалі адразу тры ўзнагароды, у тым ліку і «золата», ну, а Алімпіяда ў Сочы пакуль для айчынных спартсменаў застаецца самай паспяховай — 6 узнагарод, з іх 5 — найвышэйшай пробы.


Разглядаем перспектывы зборнай Беларусі ў 2018 годзе: колькі ліцэнзій змогуць заваяваць нашы спартсмены і ў якіх відах прадставяць краіну (ахоплены толькія тыя віды, што ўваходзяць у Беларускі лыжны саюз). На гэтую тэму мы размаўлялі са старшынёй Беларускага лыжнага саюза, заслужаным трэнерам Беларусі, майстрам спорту міжнароднага класа Леанідам Чашчыным.

Лыжныя гонкі

У гэтым відзе алімпійскай праграмы спартсмены зборнай Беларусі заваявалі ўжо чатыры імянныя ліцэнзіі, яны належаць Юліі Ціханавай, Паліне Сераносавай, Міхаілу Кукліну і Юрыю Астапенку.

— Але мы разлічваем на восем алімпійскіх прапускоў, — адзначае Леанід Дзмітрыевіч. — Спадзяёмся, што алімпійскі нарматыў выканае і Сяргей Далідовіч, і Міхаіл Сямёнаў, і Валянціна Камінская. Магчымасць заваяваць ліцэнзіі ёсць у нашых спартсменаў да 20 студзеня 2018 года.

Падрыхтоўчы перыяд у лыжнікаў завяршаецца, Леанід Чашчын запэўнівае, што ён быў без зрываў, каманда забяспечана ўсім неабходным абсталяваннем, інвентаром і медыкаментамі. У сувязі з Гульнямі ў звыклую перадсезонную падрыхтоўку сёлета былі ўнесены змены. Нядаўна нацыянальная каманда вярнулася з высакагорнага Рамзау і ўжо ў нядзелю адправіцца ў Цюмень, дзе працягне падрыхтоўку да сезона разам з расійскай зборнай.

— Узровень нашых суседзяў на парадак вышэй, таму беларускай камандзе гэта будзе вельмі карысна. Да пачатку этапаў Кубка свету плануецца, што яны прымуць удзел у спаборніцтвах пад эгідай FІS, дзе трэнеры вызначаць, хто на якой дыстанцыі будзе выступаць у далейшым. У гэтым сезоне этапы Кубка свету разглядаюцца толькі як падрыхтоўка да галоўных — алімпійскіх стартаў.

Сёння і федэрацыя лыжных гонак, і Мінспорту, і Беларускі лыжны саюз працуюць шчыльна і разам, каб зрабіць усё для паспяховай падрыхтоўкі нашых спартсменаў. Ні для каго не сакрэт, што ў лыжных гонках у свеце сёння велізарная канкурэнцыя. Мы разлічваем, што на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане нашы жаночая і мужчынская каманды трапяць у фінал спрынтарскіх эстафет. Думаю, што ёсць шанц нядрэнна паказаць сябе ў мас-старце на 30 км у жанчын і ў скіятлоне ў мужчын. Галоўнае, каб нашы спартсмены там былі какурэнтназдольнымі і ніводнаму беларускаму балельшчыку не было за іх сорамна.

Фрыстайл

Айчынныя аматары спорту прывыклі, што прадстаўнікі гэтага прыгожага, небяспечнага, відовішчнага віду спорту звычайна радуюць сваімі паспяховымі выступленнямі на Алімпійскіх гульнях. Што казаць, у Сочы Ала Цупер і Антон Кушнір двойчы ўздымалі беларускі сцяг на найвышэйшую прыступку п'едэстала. Пэўныя надзеі звязваем з фрыстайлам і ў Пхёнчхане.

— Сёння ў складзе каманды — сем мужчын і пяць жанчын. У нас ужо ёсць пяць алімпійскіх ліцэнзій, плануем павялічыць гэтую лічбу. Трэнеры на чале з мэтрам, Мікалаем Казекам, працуюць над ускладненнем праграм спартсменаў. Усе яны выходзяць на досыць высокі ўзровень. Прыемна адзначыць, што сёлета ў нашых фрыстайлістаў усё ідзе планамерна, яны ўжо прарабілі велізарны аб'ём работы — па 500—600 скачкоў. Летам выступілі ў Швейцарыі, потым — у Мінску на адкрытым чэмпіянаце Беларусі.

Падрыхтоўку да Алімпіяды вядзе Антон Кушнір, ён шмат зрабіў у плане лячэння і аднаўлення, цяпер разумее, што часу ў яго вельмі мала. Адзначым, што Антон паспяхова выступіў і ў Швейцарыі, і ў Мінску, што дазваляе з аптымізмам глядзець у будучыню.

«Залаты» скачок Антона Кушніра ў Сочы.

— Выдатна, што вярнулася і Ала Цупер, якая сапраўды доўга адсутнічала, але ўвесь час падтрымлівала сябе ў форме. Акрамя дасведчаных алімпійскіх чэмпіёнаў, у нас у камандзе ёсць і моцная моладзь, што дадае ўнутранай канкурэнцыі. На добрым узроўні выступае Станіслаў Гладчанка. Дзмітрый Мазуркевіч летась выйграў чэмпіянат свету сярод юніёраў, зразумела, што цяпер мы не ставім перад ім задачу заваяваць алімпійскі медаль, але на Гульнях ён зможа атрымаць неацэнны досвед. У жаночай камандзе радуюць вынікі Ганны Рослік і Аляксандры Раманоўскай. Самае галоўнае цяпер для нас, каб усё абыходзілася без траўм. Наогул, задача на Алімпійскія гульні ў фрыстайлістаў — гэта заваяванне дзвюх узнагарод любой вартасці, — расказвае Леанід Чашчын.

Цяпер нашы спартсмены трэніруюцца ў Беларусі, затым адправяцца на гарналыжную падрыхтоўку ў Швейцарыю і на поўнач Фінляндыі. У лістападзе пачнуцца першыя этапы Кубка свету.

Гарналыжны спорт

Плануецца, што ў гэтым відзе алімпійскай праграмы Беларусь прадставіць Марыя Шканава і Юрый Данілачкін. Яны вядуць мэтанакіраваную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам славенскага трэнера.

— Хацелася б заваяваць яшчэ адну ліцэнзію ў мужчын, таму што ў нас ёсць чатыры нядрэнныя юніёры. Выдатна разумеем, што ні пра якія медалі гаворка ісці пакуль не можа, але мы будзем імкнуцца трапіць хаця б у дваццатку наймацнейшых на Алімпійскіх гульнях.

У гэтым відзе спорту станаўленне спартсмена займае больш працяглы перыяд, чым, напрыклад, у фрыстайле. Плюс наша раўнінная краіна належыць да тых, каму развіваць гарналыжны спорт вельмі складана. Аднак добра, што ў Беларусі з'яўляецца ўсё больш гарналыжных цэнтраў.

Леанід Дзмітрыевіч адзначае, што існуе вялікая праблема з інвентаром, які каштуе дорага. Як правіла, першапачаткова ўкладваюцца бацькі, потым стараецца дапамагаць Лыжны саюз.

— Наша задача сёння — не толькі спорт вышэйшых дасягненняў, мы выдатна разумеем, што ён не можа быць без дзіцячага спорту. І вялікую ўвагу стараемся ўдзяляць менавіта гэтаму кірунку. Прафесійны спартсмен павінен сам сябе карміць, а вось для дзяцей усе ўмовы неабходна ствараць нам.

Сноўборд

У гэтым, адным з самых маладых, відзе спорту ў беларускай каманды прадстаўнікоў у Пхёнчхане не будзе.

— На цяперашні момант тут нам вельмі складана канкурыраваць, на жаль, ад краін-лідараў мы адсталі далёка. Хоць я бачу, што з'яўляюцца маладыя спартсмены і ўжо заваёўваюць медалі на Кубку Еўропы. Але на Алімпійскіх гульнях можа браць удзел толькі абмежаваная колькасць спартсменаў, бо від спорту тэхнічны. Вядома, нам не хапае трэніровак на снезе, плюс патрэбных збудаванняў, таму даводзіцца шмат трэніравацца на выездзе, што патрабуе немалых фінансавых сродкаў. Пакуль што і людзей у сноўбордзе таксама не дастаткова, хоць дзецям падабаецца гэты від спорту, таму мы спадзяёмся на інтэнсіўнае развіццё.

Скачкі з трампліна

Беларусаў у гэтым відовішчным і папулярным у свеце відзе спорту на Алімпіядзе 2018 таксама не будзе.

— Прычына простая і зразумелая: сёння ў Беларусі ўсе трампліны разбураныя, таму што ў свой час яны перасталі адпавядаць міжнародным патрабаванням. Зараз наш галаўны боль не Алімпіяда, а як пабудаваць трампліны магутнасцю К-20—40 метраў. З іх могуць скакаць практычна ўсе, таму мы хаця б змаглі правесці селекцыю дзяцей. У нас ужо ёсць трамплін, які прадаставіла Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту, але пакуль не дазваляюць усталяваць яго ў Сонечнай даліне ў Мінску. Яго з'яўленне ў сталіцы дало б выдатны штуршок да развіцця, прыцягнула б дзяцей. Да таго ж штогод Міжнародная федэрацыя скачкоў з трамплінаў праводзіць чатыры бясплатныя лагеры, але мы, на жаль, не можам адправіць туды сваіх дзяцей, таму што скачкі пачынаюцца з трамплінаў магутнасцю К-60 метраў

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З якімі надзеямі чакаем лютага

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.