Вы тут

Як у Маладзечанскім раёне пералічвалі жыхароў


На працягу двух тыдняў, з 2 па 13 кастрычніка, у Маладзечанскім раёне, што на Міншчыне, праходзіў пробны перапіс насельніцтва. Гэта важны падрыхтоўчы этап да агульнарэспубліканскага перапісу, які адбудзецца ў 2019 годзе.


— Пробны перапіс дазволіў ацаніць метады правядзення, тэхналогію збору інфармацыі, даступнасць пытанняў, наколькі яны актуальныя і карэктныя, — адзначае намеснік начальніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці, начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Аксана Паляшчук.

Напярэдадні пробнага перапісу праведзена вялікая падрыхтоўчая і тлумачальная работа. Да людзей звярнуліся Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, старшыня Маладзечанскага райвыканкама, выпушчаны календары для розных узроставых груп. У тым ліку для дзяцей малодшых класаў, дзе змешчана табліца множання, для старшакласнікаў — з табліцай Мендзялеева. Як вядома, дзеці — народ дапытлівы, неабыякавы да розных акцый, мерапрыемстваў. І, вядома, яны напаміналі дарослым аб іх грамадскім абавязку. Акрамя таго, на адрас кожнага апытанага была накіравана інфармацыйная лістоўка з указаннем даты пробнага перапісу і тэлефонаў, па якіх можна ўдакладніць прозвішча перапісчыка.

У Маладзечанскім раёне каля 137 тысяч жыхароў, перапісам было ахоплена 15 тысяч гараджан і вяскоўцаў. З сельскай мясцовасці выбралі два сельсаветы — Лебедзеўскі і Цюрлёўскі. У цэлым у спіс увайшлі шэсць населеных пунктаў: аграгарадок Лебедзева, вёскі Вытрапаўшчына, Насілава, Каледзіно, Мянюткі, Цюрлі. Гэта крыху больш як 3 тысяч чалавек. Астатнія — 11 тысяч з невялікім — жыхары вызначаных вуліц Маладзечна.

Разам з тым працавалі і спецыяльна абсталяваныя стацыянарныя ўчасткі.

— Не кожны чалавек захоча прымаць перапісчыкаў на сваёй жыллёвай плошчы, камусьці было зручней па дарозе з работы, у абедзенны перапынак зайсці на стацыянарны ўчастак. І такіх было шмат, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта Таццяна Бабук. — Акрамя таго, тым, каго перапісчыкі не засталі дома, у паштовую скрыню кідалі паведамленне, што яны могуць патэлефанаваць і прызначыць час сустрэчы або прыйсці на ўчастак. Шмат званкоў паступіла на «гарачую» лінію. Вельмі важна і тое, што апытальныя лісты прадугледжвалі дзве мовы — беларускую і рускую. Кожны рэспандэнт мог выбраць той варыянт, які яму бліжэйшы.

— Перапіс вялі толькі работнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі. Паколькі нам трэба было адчуць, што не так, што трэба выправіць. На кожнага перапісчыка прыпадала па 750 чалавек. А на галоўным рэспубліканскім перапісе насельніцтва будуць задзейнічаны работнікі арганізацый, дзяржаўныя служачыя, студэнты, беспрацоўныя, па жаданні — пенсіянеры, — дадала Аксана Паляшчук.

Асноўнае адрозненне цяперашняга перапісу — адмова ад папяровых лістоў і картаграфічных матэрыялаў. Апытанне праводзілася з дапамогай планшэтных камп'ютараў, што дало магчымасць аўтаматызаваць увод даных, наладзіць сістэму кантролю на этапе збору інфармацыі, забяспечыць высокую якасць запаўнення лістоў.

Рэспандэнтам было зададзена 49 пытанняў. Адказы на іх дазволяць атрымаць падрабязную дэмаграфічную, нацыянальную, сацыяльна-эканамічную характарыстыку насельніцтва.

У апытальнік былі ўключаны пытанні, што датычацца сельскай гаспадаркі.
У прыватнасці, аб наяўнасці ў карыстанні, арэндзе, уласнасці зямельных участкаў, якія культуры на іх вырошчваюцца, колькі налічваецца дрэў, жывёл, птушак.

Здавалася б, для запаўнення ліста спатрэбіцца шмат часу. Але людзі нават здзіўляліся, што справа рухаецца так хутка. У гэтым упэўнілася і ваш карэспандэнт.

У стацыянарны пункт, што на вуліцы Ігната Буйніцкага ў Маладзечне, заходзіць жанчына. Яе ветліва запрашаюць да стала.

— Ой, дык тут не менш за паўгадзіны трэба, каб адказаць на ўсе пытанні, — захвалявалася яна.

— А вы ведаеце, што такое ідэнтыфікацыйны нумар, ці гатовы яго назваць? — цікавіцца ў наведніцы Аксана Паляшчук.

— Не, не згодная, — адказвае яна.

— У гэтым нумары змешчана лічбавая інфармацыя пра ваш пол, узрост, дату нараджэння, адрас пражывання, — тлумачыць Аксана Аляксандраўна. —
І мы гэтыя звесткі зможам загрузіць у планшэт аўтаматычна і далей прадоўжыць апытанне. Такі метад выкарыстоўваецца ва ўсіх краінах, і рэспандэнты адносяцца да яго з разуменнем.

— Нават не здагадвалася пра гэта, цяпер буду ведаць, — усміхаецца маладзіца.

Апытанне заняло літаральна некалькі мінут. Жанчына засталася задаволеная.

Усе звесткі заносіліся ў перапісны ліст у прысутнасці грамадзяніна. Гэтая інфармацыя канфідэнцыйная і будзе выкарыстана толькі ў статыстычных мэтах. Як толькі перапісчык заканчвае апытанне і падпісчык пацвярджае, што ўсё запоўнена правільна і яго ўсё задавальняе, звесткі кадзіруюцца.

Дарэчы, да беларускіх калег па вопыт прыязджалі работнікі органаў дзяржстатыстыкі Казахстана, дзе ў красавіку наступнага года пройдзе пілотны перапіс насельніцтва. Асабліва яны хацелі пабачыць, як беларусы рэагуюць на перапісчыкаў, ці ідуць ім насустрач, ці гатовыя да размовы. Іх просьбу задаволілі. Казахаў шчыра здзівілі добразычлівасць нашых землякоў, іх адказнае стаўленне да справы дзяржаўнай важнасці.

З прыватным візітам пабываў таксама прадстаўнік Расіі, дзе пробны перапіс насельніцтва плануецца ў лістападзе.

— І ўсё ж, з якімі цяжкасцямі сустрэліся перапісчыкі, — спытала напрыканцы ў Таццяны Уладзіміраўны.

— Бадай, самая галоўная цяжкасць — надвор'е. Перапісчыкам нялёгка было мераць немалыя адлегласці пад дажджом, ветрам, асабліва ў сельскай мясцовасці. Акрамя таго, даводзілася працаваць у большасці вечарам. Днём людзі на рабоце, дома толькі пенсіянеры, жанчыны ў дэкрэтным адпачынку. А ў шмат якія кватэры перапісчыкі прыходзілі па некалькі разоў, каб застаць гаспадароў дома.

Дарэчы, кожны перапісчык меў, так бы мовіць, апазнавальныя знакі. Гэта — сумка з лагатыпам пробнага перапісу са святлоадбівальным элементам, пасведчанне, якое з'яўлялася сапраўдным пры наяўнасці пашпарта, планшэт для апытання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Канфідэнцыйна, для статыстыкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.