Вы тут

«62 спосабы падперці галаву рукой»


Ці як перастаць мітусіцца, але не засумаваць.

У тым, што TEART — асаблівы фестываль, я змагла пераканацца досыць даўно. Памятаю, калі вучылася ва ўніверсітэце, уваход на спектаклі гэтага фэсту быў бясплатны. І ахвотных убачыць іх было вельмі шмат. Прыйшоўшы на адзін са спектакляў за 20 хвілін, трапіць унутр мне так і не ўдалося: людзі з натоўпу, якія стаялі перада мной, занялі ўсе вольныя месцы. Я мужна вырашыла дачакацца наступнага спектакля (што пачынаўся а 21-й гадзіне). Але, калі зноў натоўп рынуўся, мне ўдалося заняць два месцы толькі на перадапошніх радах. Усе ахвотныя, натуральна, не змясціліся ў зале. І, як вынік, вялікія драўляныя дзверы на ўваходзе былі... выламаныя гледачамі. Вось такая любоў да высокага мастацтва! Сёлетні TEART'17 таксама прывабны — і варты таго, каб на яго пастаноўкі «ламацца», — хіба што ўсё-такі пакідаючы ў спакоі тэатральныя дзверы.


Гэты панядзелак абяцаў быць досыць змрочным і шэрым. Спачатку нічога не прадракала яскравага вечара. Але склалася так, што я пайшла на спектакль (як пазней высветлілася, ён адбываўся ў межах фестывалю TEART). Часы змяніліся, і за квіток давялося аддаць 25 рублёў. Але ж і пастаноўка, згодна з анатацыяй, мусіла быць ну вельмі прывабнай. «Макс Блэк, ці 62 спосабы падперці галаву рукой» у Мінск з Масквы прывёз «Электратэатр Станіслаўскі». За гадзіну да пачатку вольных квіткоў ужо не было (усё-такі ажыятаж захоўваецца!). Анатацыя вабіла і абяцала нясумнае відовішча: «Спектакль, у якім артыст, гук, святло і піратэхнічныя эфекты працуюць як партнёры і суаўтары таго, што адбываецца на сцэне. Успышкі агню і фрагменты нататнікаў вялікіх мысляроў ілюструюць унутраны свет навукоўца, шлях яго азарэнняў, моманты яго адчаю...» І досыць інтрыгоўным падавалася папярэджанне: «Будзьце ўважлівыя! Пах серы, якая выкарыстоўваецца ў спектаклі, можа выклікаць алергічную рэакцыю».

Я ішла, каб убачыць гульні святла, ценяў, успышак, якія зачаруюць і прымусяць забыцца пра асеннюю аднастайнасць. І чаканні спраўдзіліся: цягам паўтары гадзіны, што ішоў спектакль, піратэхнічныя эфекты амаль не паўтараліся. Міжволі думалася: які хімік-піратэхнік дапамагаў рэжысёру ствараць гэта чараўніцтва на сцэне?

Успышкі, светлавыя сеткі з лініямі, якія то запальваліся, то гаслі. Ланцужок агню паступова перамяшчаўся па сцэне. Флуарэсцэнтнае рэчыва было дададзенае ў клетку з чучалам птушкі. Пад столлю вісела лямпа, падобная да газавай. Карычневыя бутэлькі са свечкамі ўнутры вельмі каларытна глядзеліся на піяніна. Нават недакурак досыць доўга мільгацеў, дагараючы ў металічным шуфліку пад сталом.

Нескладаная, але добра выбудаваная светлавая схема дадавала выразнасці ў гэту гульню. Падсвечаны быў не толькі герой, але і, напрыклад, невялікія акварыумы, што віселі на нябачных нітках, працягнутых са столі. Са звычайных на першы погляд драўляных скрыняў раптам пачыналі ісці акуратныя кольцы дыму. Усё, што адбывалася, было сапраўднай светлавой казкай. А ў казцы, як вядома, хочацца пабыць даўжэй. І каб цябе здзіўлялі яшчэ, і каб маленькія дзівосы не спыняліся...

Варта адзначыць і тое, што гледачы сядзелі... на сцэне. Але не ў тым сэнсе, што яны акупавалі ўскраек прасторы акцёра. Вялікая зала Палаца культуры МАЗ была па-свойму «перафармаціраваная». Гэтым разам дзейства адбывалася ў літаральным сэнсе на заводскай прасторы. На месцы ўсталявалі крэслы для гледачоў. Дзе ж адбывалася пастаноўка? Не, не ў глядзельнай зале. Артыст і рэквізіт перамясціліся ў тую частку, што звычайна схаваная і знаходзіцца па-за сцэнай. Складана было адрозніць, дзе прадметы, падабраныя сцэнографам спектакля, а дзе «родныя» заводскія рэчы. У гэтым сэнсе месца было выбрана надзвычай удалае. Для такой «перакройкі» прасторы патрэбна пэўная смеласць творчага падыходу стваральнікаў дзеі.

Яшчэ адзін важны складнік пастаноўкі — гукі. І гэта не толькі музыка. Шумы, паўторы, водгулле дамалёўвалі тканіну гісторыі. Але і ўласна прыгожыя мелодыі стваралі цэласны замкнёны свет. Герой слухаў стары прайгравальнік, а на пласцінцы, калі яна круцілася, па коле рухалася і маленькая запаленая свечка — што можа быць больш сімпатычным?..

Варта звярнуцца і да пасылу, мэсэджу, як сёння кажуць, які нёс спектакль. Дарэчы, само паняцце таго, што мастацтва павінна не толькі ставіць пытанні, але і даваць на іх адказы, у наш час страшэнна састарэла. Сучасная творчасць поўніцца... адсутнасцю ўсялякага сэнсу. І часам адзінае, што можа сказаць аўтар, — «Я так бачу», — а кожны з гледачоў (слухачоў, чытачоў) будзе высільвацца, каб убачыць нешта сваё (хаця яно, можа быць, і не закладвалася стваральнікамі).

Не буду казаць, што гэта акурат той выпадак. «Макс Блэк» — дзея пра навукоўца, які ліхаманкава перабірае ў галаве розныя тэорыі. У пэўныя моманты ён блізкі да адчаю, у іншыя — нібы акрылены, а часам прыходзіць поўны штыль.

Герой сам з сабою разважае пра тое, што калі гарыць дом, то трэба засцерагаць левую сцяну дома, які стаіць справа, і правую сцяну дома, які стаіць злева, — і занатоўвае гэта як невялічкае адкрыццё. Ён услых думае аб тым, што, калі ў раннім узросце ўдарыць збоку дзіця па галаве, яно, пазбаўленае сіметрыі, вырасце досыць крэатыўным. А ўсе праблемы ў нашым жыцці, маўляў, праз сіметрычнасць. І, вядома, яму ўдаецца вынайсці «62 спосабы падперці галаву рукой» — адкрытая далонь (жэст заспакаення сябе), кулачок (твар робіцца задуменным) — і іншыя, памножаныя, утвараюць 62 такія спосабы. Большую частку спектакля — па ходзе з запальваннем чаго-небудзь — герой абмяркоўвае падобныя тэорыі. І словы выступаюць тут хутчэй як фон, падаецца, можна не ставіцца да іх надта ўсур'ёз.

Хтосьці ўбачыў у спектаклі намёк на тое, што мы надта занятыя нейкімі важнымі рэчамі і зусім не звяртаем увагу на дробязі — а яны насамрэч таксама вельмі істотныя. І гэта нагода паразважаць над другасным, але не менш важным у жыцці. Але можна адшукаць і супрацьлеглы пасыл: мы так шмат думаем пра розныя нюансы, мітусімся, але часам трэба проста адкінуць усё — і тады надыходзіць спакой. Для мяне найбольш каштоўны момант у гэтым спектаклі — заспакаенне навукоўца. Калі пасля трывожных шуканняў ён проста ўключае музыку, запальвае свечкі, наводзіць парадак на сваім стале, мые рукі і садзіцца, каб адпачыць.

Спектакль створаны на падставе нататнікаў філосафаў Поля Валеры, Георга Ліхтэнберга, Людвіга Вітгенштэйна і Макса Блэка. І гэта яшчэ раз ілюструе, што такое філасофія. Яе мэта — проста блуканне думкі, без абавязковых прыпынкаў на важныя пытанні і адказы.

Над пастаноўкай спектакля працавалі немцы: рэжысёр Хайнер Гёбельс, які ствараў кампазіцыю і пастаноўку, і Клаус Грунберг, які прадумваў святло і сцэнаграфію. Акцёр — заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксандр Панцялееў.

Гэты спектакль сапраўды асаблівы. На такія пастаноўкі не атрымаецца хадзіць кожны дзень, нават калі вельмі захочаш, — аналагічных проста няма. «Макс Блэк, ці 62 спосабы падперці галаву рукой» — з тых твораў мастацтва, пра якія можна сказаць: «Я гэта бачыла, чула. Так, мне пашчасціла».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота з архіва арганізатараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».