Вы тут

Карнавал культур планеты: паважаем мінулае і будуем агульную будучыню


Свет літаральна перавярнуўся - пяць кантынетаў сышліся ў Расіі. Грандыёзнаму XIX Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў афіцыйна абвясцілі старт. Паўсюль пануе атмасфера свята і разумення. Кожная краіна хоча паказаць свае лепшыя бакі. Не выключэнне і беларуская дэлегацыя, якая адказна рыхтавалася да гэтай маштабнай падзеі на працягу некалькіх месяцаў. Пра тое, што адбываецца ў іншым сусвеце, у які ўжо паспеў ператварыцца Сочы, у матэрыяле карэспандэнта "Звязды".


Сочы збліжае

У працэсе пералёту з Мінска ў Сочы ў складзе беларускай дэлегацыі мне трапілася на вочы інтэрв'ю ў бартавым часопісе Белавія аб украінскім настаўніку, які расказваў як крок за крокам становіцца амерыканцам. Чытаў яго пад музыку дуэта кітаянкі Бэй Бэй Хэ ў пары з амерыканцам Шонам Лі, паралельна разглядаючы прыгажосці японскай гары Фудзіяма, якія знаходзіліся ў маім смартфоне. Усё гэта суправаджалі ландшафты Расіі за акном ілюмінатара. У такой сітуацыі на ​​розум мімаволі прыходзяць думкі пра плюсы і мінусы касмапалітызму, мультыкультурнае грамадства і пра тое, як не страціць сваю ўласную беларускую ўнікальнасць і ідэнтычнасць ва ўсёй гэтай разнастайнасці. У фае гатэлю, дзе ўжо паспела змяшацца ў карнавльнай абстаноўцы моладзь з дзясяткаў краін, з'яўляецца адчуванне, што культурныя межы ўжо зніклі. Агульныя мовы - руская і англійская, а калі з імі не ўсё ў парадку, то ў ход ідуць эмоцыі, якія зразумелыя ўсім без выключэння. Але гэта на этапе знаёмства, а потым у цябе абавязкова папросяць сказаць пару слоў на беларускай мове, распавесці пра краіну, каштоўнасці і часам аб геаграфічнай лакацыі. Ты робіш тое ж самае, і гэта дазваляе зрабіць свет і людзей крыху больш зразумелымі адзін аднаму.

За пару дзён да фестывалю

У мінулую пятніцу намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко ў канцэртнай зале «Верхні горад»  выказаў пажаданні для беларускай дэлегацыі перад візітам на фестываль. Ён нагадаў усім прысутным, што яны атрымалі ўнікальную магчымасць паўдзельнічаць у прэстыжным міжнародным мерапрыемстве, якое абяцае стаць найбуйнейшай падзеяй у сферы маладзёжнага ўзаемадзеяння. «Форум аб'яднае лідэраў з розных краін і сфер, моладзь, якая дасягнула поспехаў у навуцы, творчасці, спорце, педагогіцы, інфармацыйных тэхналогіях, лепшых прадстаўнікоў студэнцтва. Фестываль -- гэта пляцоўка для дыялогу і зносін, дзе магчыма набыць новых знаёмых з розным светапоглядам. Але, каб стварыць свет будучыні, усім вам, незалежна ад нацыянальнай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці неабходна працаваць разам», — падкрэсліў Васіль Жарко.

Намеснік прэм'ер-міністра таксама акцэнтаваў увагу на тым, што культурная праграма фестывалю, дыскусійныя пляцоўкі дазволяць абмеркаваць і сумесна выпрацаваць шляхі супрацьстаяння тым выклікам, з якімі сёння сутыкаецца чалавецтва. «Моладзь -- гэта актыўная частка грамадства з новымі поглядамі і імкненнем зрабіць свет лепш і больш добрым. Фестываль надасць новы імпульс развіццю маладзёжнай палітыкі і падорыць багацце ўзаемадзеяння. Беларусь пакажаце менавіта вы. Вы павінны зрабіць гэта добра і адказна. Менавіта вам даверана важная місія расказаць усім пра нашу краіну, пра яе міралюбнасць», — дадаў Васіль Жарко.

Ён пажадаў поспехаў усім дэлегатам і перадаў у іх рукі дзяржаўны сцяг краіны.

Выбар занадта вялікі

Ужо ў нядзелю пасля грандыёзнага ўрачыстага адкрыцця, якое назвалі «Абуджэння» у лядовым цэнтры «Вялікі», і старта, які даў фестывалю Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Сочы ператварыўся ў другі, паралельны Сусвет. Арганізатары падчас цырымоніі папярэдзілі: «вы пойдзеце з гэтай залы іншымі». Так і адбылося. Кантыненты сышліся. Магу сказаць, што, калі знаходзішся на міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў, з'яўляецца ўнікальная магчымасць нефармальна пагутарыць з прадстаўнікамі больш за 180 краін. Прычым абмяняцца думкамі можна нягледзячы на міждзяржаўныя ​​канфлікты і палітычныя погляды, культурныя адрозненні. У гэтым дапамагаюць дзясяткі форумаў і мерапрыемстваў, на якіх абмяркоўваюцца праблемныя пытанні.

Актуальнымі тут з'яўляюцца тэмы будучыні навукі і глабальнай адукацыі, дзе моладзь абмяркоўвала сем вялікіх выклікаў свету і стратэгію глабальнага ўстойлівага развіцця. У топ-7, на думку памочніка Прэзідэнта Расіі па адукацыі і навуцы Андрэя Фурсенкі ўвайшлі: эканоміка, дэмаграфія, бяспека, прадукты харчавання, прастора, прырода і энергетыка. У працэсе інтэрактыўнага галасавання высветлілася, што найбольшае хваляванне ва ўдзельнікаў выклікала праблема экалогіі і знішчэння прыродных рэсурсаў (31% галасоў). У сваю чаргу пытанне харчавання заняло апошнюю пазіцыю.

А ўжо міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, які ўдзельнічаў у панэльнай дыскусіі «Глабальная палітыка і яе парадак: як абараніць свет», выказаў упэўненасць, што моладзь ўсіх краін здольная кампенсаваць тое, пра што пакуль не могуць дамовіцца палітыкі. «Трэба выкарыстоўваць фестываль і падобныя мерапрыемствы, культурны і адукацыйны абмен, каб новае пакаленне палітыкаў навучылася слухаць адзін аднаго, улічваць падыходы свайго партнёра пры прыняцці рашэнняў. Дзякуючы культурнаму адукацыйнаму абмену разумееш знутры людзей, з якімі ты будзеш ўзаемадзейнічаць», — адзначыў кіраўнік МЗС Расіі.

Мерапрыемствы па навуцы, культуры, спорту чаргуюцца ў няспынным руху. Калі ўглядаешся ў праграму фестываля, не можаш зразумець, куды табе пайсці лепш: здаць нарматывы на сусветнай пляцоўцы ГПА, паўдзельнічаць у экагонцы або наведаць агульны семінар дня па доступе да інфармацыі і мастацтву. А можа паўдзельнічаць у панэльнай дыскусіі «Трэнды будучыні: што далей»?

Дарэчы, ужо запрацаваў і беларускі стэнд на выставе, якая праходзіць у медыяцэнтры фестывалю. Уся беларуская дэлегацыя аб’ядналася ў адным жаданні стаць прыкметней. Гэта ж дапамаглі зрабіць ім і касцюмы ў нацыянальным стылі. Да нашай дэлегацыі ў час урачыстага адкрыцця з іншага канца залы падыходзілі прадстаўнікі Балгарыі, Індыі, Азербайджана, Расіі, для таго, каб проста сфатаграфавацца. Нас ужо заўважылі, а значыць - усё ў нас атрымаецца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevich@zviazda.by

г. Сочы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.