Вы тут

Як фінансавыя ўстановы ідэнтыфікуюць кліентаў на адлегласці


Куды рухаецца рынак рознічных фінансавых паслуг, і якія найноўшыя тэндэнцыі рэгулявання ў гэтай сферы? Як развіваюцца інстытуты аддаленай ідэнтыфікацыі кліентаў — калі чалавек праводзіць фінансавую аперацыю па-за банкам? Сваім меркаваннем напярэдадні міжнароднага форуму «БанкІТ'2017» падзяліўся адзін з яго ключавых спікераў — эксперт у галіне рознічных плацяжоў, старшыня Савета Асацыяцыі ўдзельнікаў рынку электронных грошай і грашовых пераводаў Віктар Достаў.


Ад відэасувязі — да біяметрыі

— Пад уплывам новых тэхналогій у свеце з'яўляюцца розныя механізмы ідэнтыфікацыі кліентаў на адлегласці. Гэтыя спосабы вар'іруюцца ад тэхналагічна простых, такіх як відэаідэнтыфікацыя, да істотна больш складаных — біяметрычных метадаў.

Усё больш папулярнай становіцца ідэнтыфікацыя з выкарыстаннем відэасувязі. На гэта ўплывае даступнасць хуткага інтэрнэту і смартфонаў. Таксама папулярнасць гэтага метаду тлумачыцца тым, што ён з'яўляецца вельмі нізказатратным для кліентаў, не патрабуе інвестыцый з боку дзяржавы і лёгка маштабуецца. Аператары праходзяць спецыяльны інструктаж і выкарыстоўваюць шырокі спіс пытанняў, які дазваляе пацвердзіць асобу кліента, а пры нізкай якасці сувязі працэс ідэнтыфікацыі спыняецца.

Што цікава, у розных краінах падыходы да ідэнтыфікацыі з дапамогай відэасувязі таксама розныя. Напрыклад, у Іспаніі кліент загадзя дасылае сканы дакументаў, інфармацыя правяраецца па іншых крыніцах, а падчас сеанса сувязі праводзіцца апытанне кліента.

У Швейцарыі падчас сеанса відэасувязі кліента апытваюць і просяць паказаць ІD-дакумент з галаграмай. А ў якасці дадатковага пацвярджэння асобы выступае першы плацёж з рахунку, адкрытага кліентам у іншым банку.

Без пашпарта, але з адбіткамі пальцаў

Хуткарослым сегментам у ідэнтыфікацыі з'яўляецца біяметрыя. Па адбітках пальцаў і здымку радужнай абалонкі вока верагоднасць памылкі пры высвятленні асобы складае 0,057%. Гэта значна лепш, чым пры ідэнтыфікацыі «твар у твар» — з асабістай прысутнасцю кліента!

Цудоўным прыкладам біяметрыі ў дзеянні з'яўляецца сістэма Aadhaar у Індыі. У гэтай краіне ў вялікай колькасці людзей наогул няма пашпартоў. Прынцып работы сістэмы заключаецца ў тым, што ў пункце рэгістрацыі збіраецца інфармацыя пра імя, месца і дату нараджэння чалавека. Фіксуецца біяметрыя — адбіткі ўсіх пальцаў на руках, здымкі радужнай абалонкі вока. Затым грамадзяніну выдаецца нумар Aadhaar (пры неабходнасці, яго можна раздрукаваць дома).

Вынікі работы гэтай сістэмы ўражваюць: з 2009 года зарэгістравана ўжо больш за 1 млрд чалавек, а штомесячны прырост базы складае 14 млн чалавек. На сёння сістэма Aadhaar — гэта найбуйнейшая біяметрычная база даных у свеце.

Як працуе індыйская фінансавая сістэма? У банку кліент паведамляе ўсе асабістыя даныя, у яго здымаецца біяметрыя. Усе звесткі правяраюцца праз цэнтральную базу даных. Цэнтральная база дае банку адказ — супадае інфармацыя кліента або не. Фактычна, кліенту не патрэбныя ніякія дакументы. Зразумела, што далейшы крок у выкарыстанні гэтай канструкцыі — аказанне паслуг на адлегласці, ужо без асабістай прысутнасці кліента ў банку.

Лічбавы фармат подпісу

Электронныя подпісы (ЭП), якія шырока выкарыстоўваюцца для электроннага дакументаабароту, у тэорыі могуць прымяняцца і для аддаленай ідэнтыфікацыі. У цяперашні час на рынку з'яўляюцца электронныя подпісы на базе SІM-картаў або воблачныя подпісы (пацвярджэнне — праз SMS-коды). Але яны застаюцца мала распаўсюджанымі і, як правіла, папулярныя больш сярод юрыдычных асоб.

У той жа час прыкладам эфектыўнага выкарыстання электронных подпісаў з'яўляецца Эстонія. У гэтай краіне 98% грамадзян маюць электронныя подпісы (у выглядзе ІD-карты ці на SІM-карце). Электронны подпіс выкарыстоўваецца пераважна для атрымання дзяржаўных паслуг (у тым ліку для электроннага галасавання). Прычым 67% карыстальнікаў ужываюць такі подпіс рэгулярна. Тым не менш у сілу нейкай прававой калізіі для адкрыцця рахункаў электронны подпіс выкарыстоўваць нельга.

Дадатковае зніжэнне рызык магчыма шляхам «прывязкі» адных персаніфікаваных інструментаў да іншых. Так кліент пацвярджае, што ўжо знаходзіцца на абслугоўванні ў іншай фінансавай арганізацыі. Напрыклад, прывязка карты да электроннага кашалька ў сістэме PayPal прыраўноўваецца да поўнай ідэнтыфікацыі кліента.

Як бачым, аддаленая ідэнтыфікацыя пачынае паступова прыраўноўвацца да ідэнтыфікацыі ў асабістай прысутнасці. Пры гэтым агульнай тэндэнцыяй з'яўляецца пашырэнне пераліку давераных крыніц інфармацыі. Традыцыйна выкарыстоўваўся арыгінал дакумента (найчасцей — пашпарта). Цяпер — дзяржаўных і прыватных баз даных (бюро крэдытных гісторый, банкі, сотавыя аператары і г. д.) будзе дастаткова.

Базы, што прыраўноўваюцца да электроннага натарыята

Ёсць скандынаўская мадэль, якая крыху падобная на тую, што цяпер запускаецца ў Беларусі, — міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. У Скандынавіі, па-першае, гістарычна ўсе банкі збіраюць даныя, па-другое, усе базы даных з'яўляюцца агульнымі. Што цікава, такія базы, як правіла, выкарыстоўваюцца не толькі для фінансавых паслуг, яны прыраўноўваюцца да электроннага натарыята. Гэта значыць, вы можаце здзяйсняць нейкія здзелкі на адлегласці, напрыклад, выкарыстоўваючы ідэнтыфікацыйныя даныя, лагін і пароль, якія атрымалі ў банку.

Калі ў Скандынавіі ўсё вырасла з прыватнай ініцыятывы і толькі потым было ўхвалена дзяржавай, у Вялікабрытаніі працэс ідзе зверху ўніз. У краіне запушчаны праект GOV.UK Verіfy — для аказання фінансавых паслуг, дзе верыфікацыйныя паслугі аказваюць не толькі банкі, але таксама тэлекамунікацыйныя кампаніі, бюро крэдытных гісторый і гэтак далей. У Расіі ролю даверанага сэрвісу адыгрывае Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі. Пакуль сістэма працуе ў мэтах спрошчанай ідэнтыфікацыі, а ў перспектыве будзе дапоўнена біяметрычнымі данымі і стане выкарыстоўвацца для поўнай ідэнтыфікацыі.

Вядома, што, прыглядаючыся да розных варыянтаў, мы хочам пабудаваць нешта падобнае на скандынаўскую мадэль і адначасова на расійскую міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі, але пайсці далей і задзейнічаць яшчэ і біяметрыю. Балазе, прыклады перад вачыма ёсць.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сэрвіс без асабістай прысутнасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Эканоміка

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Праўда, эксперты кажуць, што гэта ілюзія.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.