Вы тут

Папоўніўся нумізматычны збор Нацыянальнага гістарычнага музея


У Нацыянальным гістарычным музеі днямі прэзентавалі манеты, набытыя праз краўдфандынг (збор грошай добраахвотнікамі ў сеціве). Гэта пенязі (дэнарыі), якія чаканіліся ў часы вялікіх князёў Альгерда, Вітаўта і Ягайлы. Акрамя таго прэзентаваны невялічкі скарб XV стагоддзя, знойдзены ў Маладзечанскім раёне.


Некаторыя ахвярадаўцы пажадалі застацца інкогніта. Аднак тыя, хто адкрыў свае імёны, атрымалі падзякі ад музея, каталогі экспанатаў, а таксама сертыфікаты на бясплатнае наведванне гістарычнага музея. Сярод іх, напрыклад, браты Андрэй і Зміцер Касцюкі.

— Праз платформу talaka мы сабралі толькі 10% сродкаў. Але дзякуючы таму, што гэта шырока асвятлялася ў інтэрнэце, аб праекце даведаліся людзі, якія і перавялі нам большую частку грошай, — адзначыў навуковы супрацоўнік нацыянальнага гістарычнага музея Раман КРЫЦУК. — Збор грошай на набыццё экспаната праз краўдфандынг — не зусім наватарскі спосаб у нашай сферы. Да гэтага па такім шляху ішоў Магілёўскі музей, які займаўся зборам сродкаў на Статут Вялікага Княства Літоўскага, «Мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча. Мы таксама вырашылі паспрабаваць, хоць і сумняваліся, — і атрымалі вельмі добры вынік.

Спецыяліст расказаў, якімі манетамі папоўнілася музейная калекцыя. Гэта імітацыя гюлістанскага данга вялікага хана Джанібека, два пенязі вялікага князя Ягайлы з выявай звера з аднаго боку і шасціканцовага крыжа з другога. Яшчэ шэсць манет — так званыя партрэтныя пенязі Ягайлы, бо на іх з аднаго боку выяўлены твар каранаванай асобы з доўгімі валасамі. Гэта адны з самых ранніх манет Вялікага Княства Літоўскага.

— Склалася так, што ў іншых краінах — Польшчы, Літве, нават Расіі, Украіне — ёсць добрыя падборкі раннелітоўскіх манет. Аднак у нас дагэтуль было толькі тры манеты, і толькі адна з іх — сапраўды сур'ёзная, якую музею ў 2010 годзе набыў спонсар, — адзначае Раман Крыцук. — Гэта тая частка гісторыі, што стала актуальнай толькі на працягу апошніх 20—25 гадоў. Зроблены даследаванні на гэту тэму. Нават ёсць асобны каталог раннелітоўскіх манет Дзмітрыя Гулецкага — найлепшая праца для тых, хто цікавіцца нумізматыкай.

Невялікі скарб з шасці манет, знойдзены ў Маладзечанскім раёне, перадалі аматары прыборнага пошуку: адзін пражскі грош і пяць пенязяў Вітаўта, таксама вельмі рэдкая манета Ягайлы, на адваротным баку якой змешчаны надпіс «Князь Ягайла». На яшчэ адной манеце з аднаго боку змешчаны звер, а з другога імітацыя кірылічнай легенды. Манета, магчыма, чаканілася ў Крэве і, магчыма, самім Альгердам.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Манетны звон

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.