Вы тут

Пахвалі пражыты дзень


Васіль Ткачоў вядомы як аўтар шматлікіх п’ес, кніг, у тым ліку для дзяцей, публіцыст, перакладчык. Сёлета стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь за творы драматургіі, змешчаныя ў кнізе «Характары».

— Кім сябе адчуваеце ў першую чаргу: празаікам, драматургам, публіцыстам, журналістам, дзіцячым пісьменнікам, гумарыстам?

— У першую чаргу пісьменнікам. Даражу гэтым званнем. Сумна, прыкра, калі самадзейныя (ці пачаткоўцы) аўтары-графаманы — на кожным кроку і крыкліва заяўляюць, што яны пісьменнікі. Трэба быць больш сціплымі. А то «сядзіць» на тэлеэкране дваццацігадовая дзяўчына, а пад яе выявай — цітры: мадэль, спявачка, пісьменніца… Ці не замнога для адной? Ці не рана? Можна, вядома, не раздражняцца, але яны дэвальвуюць асобу пісьменніка. Аднак нельга не ўлічваць і тое, што ад перабольшвання значэння ўласнай персоны ўсяго адзін крок да недаацэнкі сапраўдных творцаў. Сам я да пісьменніцкага білета ішоў доўга. Былі кнігі, пастаноўкі ў тэатрах. Памыляўся, сумняваўся, спадзяваўся. Нават блізкія часам не разумелі неадольнай цягі да творчасці. Сёння я шчаслівы. Раблю тое, ад чаго добра на сэрцы і ў мяне, і ў маіх чытачоў. Толькі перад чытачом лічу сябе адказным.

— Часта сустракаецеся са сваімі чытачамі?

— Так. Некалі я аб’ехаў усю Гомельшчыну, пабываў у многіх школах. У той год у мяне было больш за 300 сустрэч. Па першай просьбе, а то і сам напрошваюся, спяшаюся на Рагачоўшчыну, на сваю малую радзіму. У мяне, дарэчы, ёсць монаспектакль «Клямка». Паставіць яго дапамог у свой час прафесійны тэатральны рэжысёр Багдан Арлоўскі, які, дарэчы, у розных тэатрах ажыццявіў шэсць спектакляў па маіх п’есах. Дык вось, пра «Клямку»… Я ўзяў клямку са сваёй хаты. Уяўляеце? За яе некалі бралася мама, і калі я трымаюся за клямку, то мне здаецца, што патрымаўся за яе руку і адчуў цеплыню мамінай далоні… Я апавядаю ў гэтым монаспектаклі пра тых людзей, што некалі бывалі ў маёй бацькоўскай хаце. Планую з «Клямкай» пабываць у Рагачове, Быхаве… там, дзе мае карані.

— Вы гарадскі ці вясковы пісьменнік?

— Дзяленне для творцы даволі ўмоўнае. Мяне цікавіць не прапіска, а, паўтараю, душа. І ўсё ж, бадай, як для былога вяскоўца, вясковая тэма бліжэй. У сельскім жыхары больш адкрытасці, грунтоўнасці, ён менш палітызаваны, у ім менш ідэалагічнага шалупіння, больш праніклівасці, гумару, дакладнасці ў ацэнках. Вернемся да многастаночніцтва ў творчасці. Скажу так: мне аднолькава цікавы сумежныя жанры. Не ідзе проза — бяруся за п’есы ці публіцыстыку, калі не да п’ес — на паперу кладуцца апавяданні, гумарэскі… Так, між іншым, нарадзіліся мае ранейшыя п’есы «Сівы бусел», «Вокны», «Лесвіца», «Кветкі-ягадкі», «Усміхаўся месяц белай вішні», «Шкірдзюкі займаюць абарону», «Стары і дарога», за якую, дарэчы, атрымаў некалі першую прэмію на закрытым рэспубліканскім конкурсе, і інш.

— Адна з вашых вядомых п’ес называецца «Сівы бусел». Ці ж так бывае?

— Назва твора — не проста люстэрка, якое павінна трансляваць яго змест, гэта, калі хочаце, павелічальнае шкло… Сівы бусел — метафара, канешне. Гэта салдат, які пасівеў на вайне… Упершыню гэтая п’еса была пастаўлена ў Магілёве 32 гады назад, яна сталася маім дэбютам. Потым я яе нікому больш не прапаноўваў, бо яна нейкім чынам усё ж была вучнёўская рэч… Але ж менавіта дзякуючы «Сівому буслу» я быў заўважаны на Усесаюзным семінары ў Піцундзе, п’есу пахвалілі, і яе набыло Міністэрства культуры СССР за даволі салідныя грошы, што дало мне магчымасць наогул кінуць працу ў газеце і займацца толькі літаратурнай справай. Ды не трэба ж забываць, што тады я многа друкаваўся ў нашых літаратурных часопісах, у «ЛіМе», пісаў нататкі для радыё…

— Назвы вашых п’ес часам вельмі канкрэтныя: «Ваўчар», «Снукер», «Банкамат»…

— Гэта п’есы не ў звычайным значэнні слова, гэта — п’есы-замалеўкі, п’есы-публіцыстыка. У іх ніякіх уласных амбіцый, ніякага сацыяльнага заказу — толькі прафесійная спроба занатаваць гады сумненняў і спадзяванняў. Быў час, была эпоха, як кажуць… У Польшчу мы больш нічога з «апранашкі» не возім, як на пачатку дзевяностых мінулага стагоддзя. Але ваўчары будзяць памяць. Дарэчы, п’есу «Ваўчар» я напісаў у Ташкенце, дзе знаходзіўся з жонкай і сынам у Доме творчасці амаль месяц. Гэта было якраз перад самым развалам Саюза пісьменнікаў СССР… Вось нават і не ведаю, ці патрэбны сёння ваўчар, каб трапіць за мяжу? У той жа Узбекістан хаця б?..

— Не крыўдна, што драматурга Ткачова адкрылі не там, дзе ён жыве, не ў Гомелі, а ў Магілеве?

— Было трошкі. Супакоіў сябе тым, што ў славян гэта спакон веку, амаль што нацыянальная рыса: сваё недаацэньваць, а перад чужым — схіляць калені. Парадокс, вядома, але калі я сваю першую п’есу прынёс у Гомельскі драматычны тэатр, там здзіўлена паціснулі плячыма: хіба ў Гомелі можа хто напісаць п’есу? У Мінску ж казалі: у нас сваіх, братка Васіль, хапае драматургаў. М. Варфаламееў раіў мне наогул перабірацца ў Маскву, казаў прыкладна так: з Гомеля не праб’ешся на сцэну, усе тэатры коса глядзяць на перыферыйных аўтараў. Нават чытаць твае п’есы не стануць. Перажыў, нічога. Але ніколі не схіляўся ні перад кім. І не буду гэтага рабіць. Сёння ж мае п’есы ставяць тэатры не толькі Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Украіны, Таджыкістана. У фондах беларускага радыё ёсць два спектаклі, якімі я асабліва даражу: гэта «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж». Апошні — пра чарнобыльскую бяду, і галоўную ролю ў ім выконвае народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. На рэспубліканскім тэлебачанні запісаны спектакль «Следчы эксперымент» з удзелам народных артыстаў Марыі Захарэвіч, Генадзя Гарбука, Паўла Дубашынскага…

Ды і хіба ж не прыемна, што сваё сямідзесяцігоддзе сустракаю новымі прэм’ерамі. Так, навагоднюю казку «Храбры кравец» (напісаў яе разам з драматургам з Волагды Уладзімірам Ілюховым, мы сябруем) ставяць адначасова ў нашым Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек і ва Усходне-Казахстанскім рускім драмтэатры, што ў г. Усць-Каменагорску. А Магілёўскі драмытычны тэатр рыхтуе спектакль па камедыі «Без Ягора будзе гора» (рэжысёр з Масквы Аляксандр Дольнікаў). Даў дазвол на пастаноўку гэтага твора і ў Рыбінскім драматычным тэатры. Толькі што адбыліся прэм’еры па маіх п’есах-казках у Магілёўскім тэатры лялек і ў Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску.

Скажу шчыра: асабліва радуюся, калі спектаклі па маіх п’есах ставяць самадзейныя тэатральныя калектывы. «Народнікі», як называю іх, у год бяруць для пастаноўкі ўсяго адзін твор, доўга яго выбіраюць, безумоўна. Каб не памыліцца. Каб патрапіць у яблычак. І калі выбіраюць цябе, гэта, пагадзіцеся, ацэнка. Згодны? Асабліва запатрабаваны мае драматургічныя творы ў народных тэатрах Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Не кажучы ўжо пра Расію і Украіну.

— Хто ваш герой нашага часу?

— Тут я, як кажуць, Амерыкі не адкрыю. Радавы працаўнік, той, хто жыве ў суседнім пад’ездзе, нават на адной лесвічнай пляцоўцы: чалавек даверлівы, дасціпны, з лёгкім гумарам. Які не абцяжараны папулісцкай балбатнёй, але ніяк не ўцяміць, чаму так бывае ў жыцці: пакуль адны дакопваюцца да каранёў ісціны, іншыя ўжо і плады здымаюць. Мне цікава аналізаваць характары, паводзіны сваіх аднавяскоўцаў, суайчыннікаў, аднагодкаў, па-ранейшаму цягне да псіхалагізмаў: не што, а як і чаму. У гэтым плане характэрны раман «Дом камуны» (адзіны ў Гомелі дом, які перажыў вайну. — Заўв. аўт.).

— Некалі на вашай творчай вечарыне ў Мінску выступіў славуты зямляк — патрыярх беларускай літаратуры народны пісьменнік Іван Шамякін і сказаў, што ў хуткім часе Гомель будзе ганарыцца, што там жыве цікавы, самабытны пісьменнік і драматург Васіль Ткачоў…

— Я ўдзячны Шамякіну за давер і падтрымку. У літаратуры ён быў для мяне як бацька. Яго словы для мяне не столькі ацэнка, колькі літаратурны компас, рухавік у творчасці. Яно ж і праўда: чым больш аддаеш, тым больш набываеш. Увогуле, пахвала дабаўляе сілы, як, напрыклад, добрае слова вядомага беларускага драматурга Алеся Дударава на тэатральным фестывалі «Мінская вясна — 85». А спажывецкае стаўленне да творчасці абавязкова прыводзяць да галавакружэння ў адносінах да сябе. Пашанцавала мне і на іншых старэйшых таварышаў у літаратуры. Не магу не згадаць сёння драматурга Алеся Петрашкевіча, празаікаў Міхася Даніленку і Івана Сяркова, паэтаў Міколу Чарняўскага і Міхася Пазнякова, маскоўскіх драматургаў Міхаіла Варфаламеева, Валянціна Азернікава, Георгія Палонскага. Ад апошняга атрымаў вельмі карысныя парады на Усесаюзным семінары драматургаў у Піцундзе. Ён, дарэчы, аўтар сцэнарыя шырокавядомага кінафільма «Дажывём да панядзелка». Што ж да Варфаламеева і Азернікава, то яны пераклалі мае першыя п’есы на рускую мову. Пазней гэта я пачаў рабіць сам, але досвед перакладу пераняў у іх.

— А як успрымаеце крытыку ў свой адрас?

— Па-рознаму. Першая рэакцыя — балючая, другая — навошта і чаму. Потым наступае, калі можна так сказаць, трэцяя стадыя: спрабую вылучыць зерне, знайсці рацыянальнае. Ёсць і яўныя нядобразычліўцы — ды не разумеюць яны, што сваім крытыканствам проста падаграваюць мой творчы эгаізм, творчы настрой. Ды мяне асабліва і не білі… Але ж калі конь у дарозе атрымае дубца, ён і сапраўды тады лепей бяжыць. На нейкія крытыканскія замашкі заўсёды адказваў новым творам! Вось, успомніў… Да парадоксаў даходзіла. Аднойчы на маё апавяданне, надрукаванае, дарэчы, у «Літаратуры і мастацтве», адзін малады крытык накляпаў значна большы па памерах крытычны матэрыял і надрукаваў у тым жа тыднёвіку. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад старэйшага пісьменніка Міхася Даніленкі, які напісаў усяго некалькі слоў: «Нікога не слухай, апавяданне добрае».

— Хто часцей ходзіць у госці да пісьменніка: муза ці адчай?

 — Часцей за ўсе — разам. Пішаш у добрым настроі, а прачытаеш напісанае — і дзяўбуць сумненні: а ці так трэба было? Незадаволенасць прымушае больш пільна ўглядацца ў жыцце і больш умела карыстацца пісьменніцкай «цэглай» — словам. Тут, як кажуць, ты сам сабе рэжысёр: і рэдактар, і крытык. Успамінаю колішнія словы народнай артысткі рэспублікі Ніны Аляксееўны Карнеевай: «Сотні раз выходзіла на сцэну, а хвалююся як упершыню». Відаць, гэта звычайна і нармальна для творцы.

— А творы часта кладуцца ў шуфляду? У модзе сёння дэтэктывы, баевікі, серыялы… Змяніліся густы, знізілася маральная планка ці проста не хочацца абцяжарваць мазгі?.. Чаму, на ваш погляд, гвалтуем свой менталітэт?

— Думаю, што гэта часовая з’ява. Як кашаль. Абавязкова перахварэем забароненымі раней тэмамі, вернемся да літаратуры ўдумлівай, мудрай. Вечныя каштоўнасці таму і вечныя, што непадуладныя часу, ніякай кан’юнктуры, эгаістычным ваганням густу; а гэта каханне, любоў да роднай зямлі, чалавечая годнасць.

— Як вы ацанілі б сённяшні стан беларускай літаратуры?

— Як нейкае зацішша. Складваецца ўражанне, што пісьменнікі зменшылі творчую хуткасць, назапашваюць досвед, спрабуюць беспамылкова спасцігнуць, што адбываецца ў чалавечай душы на эканамічна-рынкавай блытаніне-раздарожжы; так бы мовіць, ідзе асэнсаванне ролі пісьменніка ў новай, пакуль не вядомай сістэме сацыяльна-эканамічных каардынат, інакш кажучы, назапашванне колькасці, якая з часам, упэўнены, ператворыцца ў якасць.

— Над чым працуеце ў свае семдзесят?

— Творчых планаў — толькі б часу і сіл хапіла. Хочацца стварыць такую п’есу, напісаць такі твор прозы, каб яны сталі нейкім сімвалам часу. А калі азірнуцца назад, то і зроблена нямала: выдаў 25 кніг, напісаў дзесьці 70 п’ес для дарослых і дзяцей. І амаль штодня працую над «Жыццёвінкамі». Іх ахвотна друкуюць газета «Звязда» і часопіс «Полымя». Мару некалі выдаць гэтыя карацелькі асобнай кніжкай.

 — Ваш паўсядзённы ў жыцці дэвіз?

— Пахвалі пражыты дзень. Так я некалі назваў сваю кнігу публіцыстыкі. Так і жыву…

Гутарку вёў Мікола ГУЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.