Вы тут

Крыху празаічнай восені і жменя паэтычных радкоў


Браму мараў сваіх адчыняю…

Калі сталы творца адчыняе перад чытачом, прамаўляючы словамі Максіма Гарэцкага, браму скарбаў, то пачатковец — пакуль толькі браму мар. Стане іх плён скарбам ці не, пакажа час і Інстытут журналістыкі БДУ, які ладзіць літаратурны конкурс «БрамаМар» на базе кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі сваёй установы для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў усіх навучальных устаноў Беларусі. Прасякнуты тэмамі вучобы і навучання верасень прадстаўляе дзявяты нумар часопіса «Маладосць», у якім змешчаны мастацкія творы найлепшых сёлетніх «брамамараўцаў»: Ксеніі Крывецкай, Яўгена Чарнышова, Дар’і Трайдэн…

Нягледзячы на прадказальна-чаканую для дэбютанткі тэму кахання, К. Крывецкая здолела здзівіць. Апавяданне «Падполле» ўводзіць чытача ў зман з першага сказа: паколькі галоўныя героі маюць імёны, думкі, эмоцыі, сімпатыі, то ўспрымаюцца як людзі. Людзі, што жывуць у падполлі, насцярожана прыслухоўваюцца да гукаў з-за сценаў і столі-падлогі, харчуюцца недаедкамі з гаспадарскага стала… Не адразу западозрыш аўтарку ў правакацыі: падполле можа быць папросту алегорыяй, і гаворка сапраўды можа весціся пра звычайных (сучасных, спустошаных абыякавасцю наваколля, выснажаных фобіямі) людзей. Далёкасяжныя фантазіі-інтэрпрэтацыі ў двух апошніх абзацах разбіваюцца аб сцяну дакладнага вытлумачэння сэнсу. «Я так і не зразумеў, што гэта была планавая бамбёжка мясцовасці. Я не зразумеў, што крылатым машынам — самалётам — няма справы да маленечкіх кропак унізе — людзей і ўжо зусім ніякага да мікраскапічных — мышэй», — разважае маленькі Паўлік… мышаня. Правакацыя ўдалася. Зрэшты, падполле — яно такое: у кожнага сваё.

У змрачнавата-прыгнечаны свет чалавечых фобій уводзіць у сваіх празаічных тэкстах і Д. Трайдэн. Тонкія назіранні за перамяшчэннямі эмоцый па пакоях душы пакуль, праўда, застаюцца толькі накідамі. Апавяданням не стае эстэтычнай закончанасці і выразнасці думкі — не ў сэнсе структураванасці сюжэта, якая сама па сабе не ёсць выключнай вартасцю, а ў сэнсе ўсведамлення аўтаркай цэласнасці сваёй мастацкай задумы.

А вось Яўген Чыжоў, сапраўды, пяшчотна бярэ чытача за руку (за душу) і вядзе шчымлівымі, зменлівымі сцежкамі юначага кахання. Імітацыя сюжэта ствараецца паўтонамі назіранняў, перажыванняў, успамінаў галоўнага героя… Сцэна развітання на прыпынку пакідае горкі прысмак клішэ (асабліва ўлічваючы небяспечную эстэтычную заштампаванасць тэмы), аднак Я. Чыжоў відавочна валодае нейкім стылёвым сакрэтам: твор перадае ўзрушлівы настальгічны настрой героя, і яго наіўнае перажыванне трагічнай незваротнасці здольнае выклікаць сімпатыі чытачоў.

Такія розныя аўтары вершаваных нізак — Вераніка Крупіца (упершыню ў «Маладосці») і Андрэй Козел — дазваляюць напоўніцу адчуць, наколькі па-рознаму могуць гучаць паэтычныя галасы маладых творцаў. Калі «Шэрага колеру дым» вершаў В. Крупіцы роспачна сцелецца разлогамі зямнога кахання, «Мая вера, надзея і злосць» А. Козела гучыць як маніфест непрыняцця свету — людскіх стасункаў, абыякавасці і крывадушша. Нездарма ў назве нізкі апошняе прадказальнае слова — «любоў» — замененае на іншае. У паэтычных радках — рэзкіх, выразных, сапраўды злых паводле настрою (насуперак распаўсюджанай у сучаснай паэзіі метафарычна-абстрактнай інтанацыі) мы бачым героя не ў пачатку жыццёвага шляху і не на ростанях шляхоў, героя, які крочыць не «паводле» і не «насуперак» — шлях ёсць самім жыццём, у якім чалавек ніколі не ідзе насустрач самому сабе, заўсёды ў бясплённым пошуку самасці. А вось гераіня В. Крупіцы яшчэ верыць у плён пошукаў свайго сапраўднага адбітку — ці то ў вачах каханага, ці то ў люстэрку перажытага расчаравання. Глыбокія, арыгінальныя паводле паэтычнага напаўнення вобразы, на жаль, часта абрываюцца банальнымі працягамі.

«Саламяныя знічкі сноў» Касі Глухоўскай, у якіх гарманічна спалучаюцца міфалагічныя матывы і псіхалагічныя рэцэпты, уяўляюць цікавы метад вершатэрапіі: «мы не знікаем, а зведваем новы космас». Бадай, менавіта ў паэтычнай нізцы гэтай аўтаркі найболей ураўнаважанасці ў добрым сэнсе гэтага слова: выверанасць метафар, выспеленасць вобразаў.

Радзівілаўская кухня як інтэлектуальны клуб

Асэнсаванне скарынаўскай тэмы працягваецца ў «Нёмане» ў не зусім традыцыйным рэчышчы: п’еса Івана Штэйнера і Сяргея Зянькова «Юшка з літар друкаваных» выразна ілюструе нязменную прыхільнасць доктара філалагічных навук, прафесара Івана Штэйнера да жанравага і сутнаснага аблічча цэнтонаў. Героі, дэкарацыі, размоўны стыль, маўленчыя прыёмы — усё гэта ўспрымаецца з такім дамешкам дэжавю, што міжволі пачынаеш шукаць у памяці тэкставыя супадзенні з рознымі драматургічнымі творамі.

Дзеянне адбываецца на кухні яснавяльможнага пана Яна Радзівіла Рудога — на тое яна і «юшка». Прыдворны повар, яго жонка, дрывасек і капітан каравульнай варты па чарзе распавядаюць розныя гісторыі — з мараллю ў канцы. Малады (вядома, таленавіты і галодны) паэт Іван уважліва ўсіх слухае і раз-пораз устаўляе ў агульную плынь «буквіц» кніжныя мудрасці, а блазан прамаўляе цытатамі з кніг Скарыны… Думаецца, назву «Юшка з буквіц…» аўтары абралі менавіта для таго, каб «апраўдаць» усю разнавектарнасць сюжэтнага дзеяння і стракатасць персанажаў. Сам доктар Скарына з’яўляецца напрыканцы, каб ратаваць Івана, што страціў ад голаду прытомнасць. Ды і Іван аказваецца не проста «складальнікам хвалебных вершаў», а паслядоўнікам годнай справы першадрукара Іванам, сынам Фёдаравым. Ва ўсіх персанажаў выдатнае адчуванне гумару, усе жартуюць і нязлосна кпяць адно з аднаго. Верагодна, для аўтараў гэта быў спосаб аблегчыць такую сур’ёзную, узнятую сёлета на высокі афіцыйны ўзровень, тэму, што ўрэшце атрымалася: п’еса чытаецца лёгка, з усмешкай, гістарычны кантэкст пазнавальны. Застаецца адкрытым пытанне, наколькі гэта актуальна для сучаснага беларускага тэатра.

Кантрасты жыцця свайго і жыцця сучаснікаў на зломе стагоддзяў перадае Георгій Марчук у заключнай частцы дзённікавых запісаў розных гадоў «Час і месца». А ў дзень сённяшні нас вяртае Адам Глобус — празаічным цыклам «Смерць ад любові. Апавяданні пра захапленні» (пераклад на рускую мову Наталлі Казапалянскай). Тэма можа падацца банальнай, аднак… гаворка вядзецца пра сапраўдную, фізічную, а не метафарычную смерць і пра любоў у самым шырокім сэнсе: да бацькоў, веласіпеда, цыгарэты, машыны, чысціні, рыбкі, саду, гарэлкі і нават да кустоў… У двух выпадках, праўда, і пра каханне. Адзінаццаць кароткіх гісторый пра мужчын, якія парознаму ішлі дарогамі любові да свайго апошняга дня, па-майстэрску аб’яднаныя ў адну тэму праз адметны мастацкі ракурс. Дарожнае апавяданне «Жабракі» цікавае найперш не правакацыйнымі высновамі пра тое, што жабрацтва трэба «даўно ўзаконіць і выдаваць на жабрацтва ліцэнзіі і браць падатак», а, зноў жа, — арыгінальным мастацкім ракурсам: у барселонскіх жабраках Адам Глобус убачыў абліччы з палотнаў шэдэўраў сусветнага жывапісу.

Небяспека перакладу з блізкароднасных моў часта крыецца ў падступным падабенстве многіх лексем, у выніку чаго перакладчык нібыта «лянуецца» — атрымліваецца не мастацкі пераклад, а прыблізнае перапісванне. А менавіта таму вытрымкі з араторыі Міхася Башлакова «Шлях» у перакладзе Андрэя Цяўлоўскага пацешаць вока і сэрца аматараў паэзіі надзвычай удалым перастварэннем на рускую мову.

У сувязі з гэтым варта адзначыць артыкул Зінаіды Краснеўскай «Перакладчыкі, якім хочацца сказаць “дзякуй”», змешчаны ў раздзеле «Сусветная літаратура ў “Нёмане”». Сапраўды, як часта людзі, чытаючы творы замежнай літаратуры ў перакладзе на родную альбо прынамсі зразумелую для іх мову, звяртаюць увагу на імёны і прозвішчы перакладчыкаў, «набраныя самымі дробнымі літарамі»? Між тым ад узроўню перакладу залежыць не толькі ўражанне асобнага чытача, але і лёс твора ў міжнародным літаратурным кантэксце. Пра тых калег па слоўнай працы, якім перакладчыцы Зінаідзе Краснеўскай самой хочацца выказаць удзячнасць, — згаданы артыкул (першы ў спісе — Віктар Тапароў). Для сталых прыхільнікаў часопіса «Нёман», які ўвесь час працуе з перакладнымі творамі, тэма надзвычай актуальная.

Жана КАПУСТА

Агляд часопіса «Полымя» чакайце ў наступным нумары.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.