Вы тут

«Іванаў» і разам з ім


Адзін з самых чаканых паказаў фестывалю «ТЭАРТ» прынёс не толькі гарачыя абмеркаванні, але і эмоцыі ад сустрэчы з зорным складам выканаўцаў пастаноўкі Тэатра Нацый. У спектаклі «Іванаў» паводле Чэхава галоўную ролю выконвае народны артыст Расіі і мастацкі кіраўнік тэатра Яўген Міронаў, а яго партнёры — такія зоркі, як Чулпан Хаматава, Лізавета Баярская, Віктар Вяржбіцкі, Ігар Гордзін ды іншыя — тут кожная нават маленькая роля зроблена з разуменнем: што і дзеля чаго. Гэта зададзена рэжысёрам Цімафеем Кулябіным, імя якога прыцягвае публіку, зацікаўленую сучасным тэатрам: вядомыя яго неардынарныя інтэрпрэтацыі класікі. Тэатр Нацый наогул вылучаецца ў Маскве ўменнем прыцягнуць да супрацы рэжысёраў з сусветнымі імёнамі і адметным бачаннем ды стылем. Нездарма сустрэча перад паказам пачалася з успамінаў ад Яўгена Міронава: 15 гадоў таму ён выходзіў на сцэну вялікай залы Палаца Рэспублікі ў Мінску ў ролі Лапахіна ў «Вішнёвым садзе». Гэта была пастаноўка Чэхава славутага літоўскага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса, якая доўжылася амаль 6 гадзін, пра што дагэтуль узгадвае тэатральны Мінск. Цімафей Кулябін аказаўся больш лаканічным, але яго пастаноўка запомніцца нашаму гледачу асаблівай трактоўкай ці не самага загадкавага чэхаўскага персанажа. Паказ «Іванава» ў Мінску можна разглядаць як майстар-клас: спектакль адзначаны «Залатой маскай» у Расіі. Мастацкі кіраўнік Тэатра Нацый Яўген Міронаў патлумачыў:


Сцэна са спектакля «Іванаў»

Перанос класікі ў сучаснасць

— Прэм’ера «Іванава» адбылася больш за 100 гадоў таму на сцэне гістарычнага будынка, у якім цяпер працуе Тэатр Нацый (будынак былога першага прыватнага тэатра Карша). Корш заказваў гэтую п’есу драматургу-пачаткоўцу Чэхаву, тады яна была ўспрынята неадназначна. Наш зварот да гэтай п’есы быў невыпадковы, але спатрэбілася 10 гадоў, каб мы прыйшлі да пастаноўкі.

Каб лепш зразумець Чэхава, напачатку мы паехалі ў яго сядзібу Мелехава: гэта аднапавярховы дамок, дзе жыў Чэхаў і вялікая колькасць людзей пры ім — сваякі, сваты, прыжывалкі, якія начавалі на куфрах. Фактычна камунальная кватэра. А ў яго — маленькі кабінецік.

Для мяне прататыпам Іванава стаў сам Антон Паўлавіч, яшчэ малады чалавек, які цягнуў воз сям’і, быў яе кармільцам. Нездарма яго цікавілі філасофскія тэмы пра сэнс існавання: ці так усё выбудавана ў свеце, як трэба?.. Гэта да пытання пра тое, што такое ігра ў класіку сёння: насамрэч усё знаёмае. Нам знаёмыя вельмі цесныя абставіны жыцця, у якіх пакутуе чалавек. Таму важна было вызначыцца з дэталямі і першапрычынамі таго, што адбываецца і дзе. Мы вырашылі, што гэта можа быць маленькі горад. Чым займаецца Іванаў, што рабіла Сара, яго жонка, да таго, як захварэла?.. Мы расклалі ўсё на рэчы, зразумелыя на побытавым узроўні: што ў героя адбываецца ў жыцці, колькі грошай ён вінен. Таму што пытанне грошай — у першых радках гэтай п’есы.

Івановых, што жывуць цяпер у падобных умовах, можа быць шмат, а Іванаў для мяне адзін: не ведаю прыкладаў, каб чалавек уваходзіў у такія стасункі са сваім сумленнем. Магчыма, Салжаніцын. Але для сябе я гэта так вызначаю, бо не зусім правільная аналогія: у Салжаніцына была ідэя, а ў Іванава ідэі няма, ён проста не згодны — са светам, з самім сабой. Гэта катаванне для тых, хто побач з ім, катаванне і для яго самога, але ён чэсны, ідзе да канца ў сваёй бескампраміснасці. Не ведаю, ці іграў я нешта больш складанае ў сваім жыцці. Таму што я кампрамісны ў дачыненні да жыцця. І кожным разам шукаю абгрунтаванне, чаму я — Іванаў — паступаю так жорстка. Ідзе барацьба з самім сабой, і кансэнсусу не будзе: да такой пакуты я сябе прысудзіў у гэтай ролі.

Выбар зместу і формы

— Рэпертуарная палітыка тэатра зыходзіць з першапачатковай ідэалогіі Тэатра Нацый: гэта адкрытая пляцоўка без трупы. Але пры гэтым вялікая каманда. Гэта азначае, што кожны рэжысёр можа прыйсці са сваёй камандай, што вельмі часта ў нас бывае: артысты, мастакі, сцэнографы разам з рэжысёрам ажыццяўляюць свае мары. У нашага тэатра ёсць вялікая сцэна, але мы пайшлі далей, адкрылі яшчэ і малую сцэну. Вялікая сцэна прадугледжвае запаўненне залы (усё ж я спешчаны артыст у мінулым тэатра Табакова, не памятаю пустых залаў у сваім жыцці). Але ў малой сцэны свая задача — яна прызначана для эксперыментаў. Наступны крок — «Новая прастора» Тэатра Нацый, дзе адбываюцца мультыжанравыя падзеі ў галіне тэатра і не толькі: выяўляюцца і архітэктары, і скульптары, і рэжысёры кіно… Некалькі розных жанраў аб’ядноўваюцца ў праекты, якія нараджаюць новыя ідэі, сэнсы, формы.

Мы адкрытыя для любых прапаноў, і, ведаючы, што сёння адбываецца навокал, як да гэтага ставяцца маладыя рэжысёры, улічваем, пра што хацелася б зараз пагаварыць са сцэны. Часам ідэя новай пастаноўкі нараджаецца ў дыялогу з рэжысёрам, калі агучваюцца назвы п’ес. І далей мы думаем: якія з аўтараў у нас яшчэ не былі прадстаўленыя? Напрыклад, у нас наогул не было Астроўскага. І калі ўзнікла пытанне пра супрацоўніцтва з рэжысёрам Яўгенам Марчэлі, прыйшлі да думкі, што пры яго здольнасцях пановаму глядзець на такія помнікі драматургіі, як п’есы Астроўскага, — гэта той шлях, які цікава прайсці. З амерыканскім рэжысёрам-авангардыстам Робертам Уілсанам восем гадоў вялі перамовы: увесь час з іх боку было жаданне, каб мы паставілі якую-небудзь франшызу. Да гэтага ўжо мы схіляліся, але з іншага боку разумелі: толькі новая гісторыя будзе мець значэнне для нас абодвух. Узнік Пушкін. Таму што ў «Камедзі Франсэс» Уілсан ужо рабіў «Байкі Лафантэна». Ён ставіў «Трохграшовую оперу» ў Берліне, таксама Санеты Шэкспіра... Таму «Казкі Пушкіна» — невыпадковы спектакль і для яго, і для нас. З некалькімі назвамі адразу прыйшоў малады рэжысёр Максім Дзідзенка. Яго прапанова паставіць мюзікл «Цырк», асабліва ў кантэксце 100-годдзя рэвалюцыі, была цікавай і стварыла магчымасць раскрыць складаную тэму: узнік праект, у якім Інгіборга Дапкунайтэ іграе гераіню Любові Арловай з вядомага фільма. Альбо прыйшоў Дзмітрый Крымаў з некалькімі назвамі. Ён будзе рабіць «Му-му», але наогул паводле твораў Тургенева, які цікавы аўтар, але яшчэ чакаецца 200-годдзе пісьменніка. Так нараджаецца мастацтва.

Больш чым мастацтва

 — У тэатра сёння (у адрозненне ад іншых мастацтваў. — Заўв. аўт.) больш магчымасцяў. Кіно — больш цяжкая мадэль, чыста эканамічна. Каб маладому рэжысёру сабраць грошы (гэта тычыцца не толькі Расіі, але і іншых краін), трэба прайсці доўгі працэс. Цяпер у Расіі пры Міністэрстве культуры існуе сістэма грантаў, але каб іх атрымаць, трэба вытрымаць цяжкія выпрабаванні. Акрамя таго, дзяржава больш нацэлена на сур’ёзныя вялікія карціны — каб вярнуць давер гледача ў кінатэатрах. Усе кінатэатры цяпер прыватныя, пераканаць іх паказваць наша кіно даволі складана. Але я сёлета зрабіў для сябе адкрыцці ў гэтай галіне, калі быў спаршынёй журы на «Кінатаўры»: большасць фільмаў, якія мне спадабаліся, былі знятыя без дзяржаўнай падтрымкі. Узнікае нейкая паляна, дзе людзі гатовыя ўкладваць грошы і не чакаюць хуткай і вялікай аддачы.

Але тэатр — не такая дарагая мадэль. Ён дае магчымасць менавіта цяпер і вельмі хутка выказацца на актуальную тэму. Нават пры тым, што мы ў Тэатры Нацый даволі доўга рыхтуем праекты, і яны таксама не танныя. Невыпадкова тэатр цяпер у авангардзе ўсіх абмеркаванняў — і палітычных, і грамадскіх: нехта баіцца новых выказванняў, а нехта, наадварот, толькі іх і шукае, каб пачуць для сябе нешта важнае.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».