Вы тут

Прэм’ера з віншаваннямі для Бэлы Масумян


У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага з’явілася камедыя «Гарачыя матулечкі». Гісторыя не наша, але сучасную п’есу Д.-У. Крыстнера нібыта чакалі ў Беларусі: настолькі пазнавальныя сітуацыі, што няважна, якія імёны ў герояў ці галоўных гераінь. Чэрыл і Кладзія — маці дарослых дзяцей, якія ўжо самі стварылі сям’ю. Але жанчыны воляю лёсу (і дзяцей) аказваюцца пад адным дахам. Цешча і свякроў — у любой краіне гісторыя зразумелая: усё складана… І якім бы моцным ні было каханне Эбі і Дэна, якімі б гарманічнымі ні былі іх адносіны, мамы маюць дзіўную здольнасць на іх уплываць, бо лепш усё ведаюць. Мамы — такія мамы…


Сітуацыі жыццёвыя, а таму пазнавальныя: рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык разумеў, чым прыцягнуць гледача. Інтрыгай, дыялогамі і нават тэмай — самай чалавечай і святой: мамы і тое, што можа ствараць іх асабістае шчасце. І нават калі сыходзяцца розныя жанчыны і калі ім ёсць пра што разам паскандаліць, кожная з іх мае сваё ўяўленне і права на шчасце ў любым узросце. Дзвюх галоўных гераінь іграюць народныя артысткі Беларусі Бэла Масумян і Вольга Клебановіч.

Прэм’ерны паказ спектакля «Гарачыя матулечкі» ў тэатры імя М. Горкага атрымаўся асабліва ўрачыстым і паспяховым: міністр культуры Беларусі Юрый Бондар перадаў віншаванні ад кіраўніка краіны для народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян. Гледачы з задавальненнем далучыліся: актрысу, якая ў тэатры імя М. Горкага працуе больш за пяць дзясяткаў гадоў, ведаюць і любяць. За гады служэння ў тэатры яна ўвасобіла на роднай сцэне больш за 70 роляў. Служэнне ў тэатры — гэта не проста пафасныя словы: творчае жыццё гэтай актрысы звязанае толькі з адным калектывам. Але без уліку здымкаў у кіно, якіх, праўда, не было шмат: Бэла Масумян перш за ўсё актрыса тэатральная.

У Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага Бэла Масумян прыйшла адразу пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1961 годзе (была вучаніцай Дзмітрыя Арлова). Але не адхілялася з абранай арбіты, стаўшы зоркай рускага драматычныга тэатра Беларусі. І, гледзячы на яе, хто можа падумаць пра тое, які па ліку юбілей адзначае актрыса? Ёй 80 — і яна на сцэне. Сёння Бэла Масумян занятая амаль у дзясятку спектакляў тэатра імя М. Горкага. Нястомная працаўніца, яна можа ўвасобіць каралеву, беларускую шляхцянку, мільянершу, закаханую жанчыну, гарачую матулечку… І ўсіх тых, чые ролі ёй толькі збіраюцца прапанаваць.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?