Вы тут

Перасцярогі дажджу, кітайская гарбата і ціхая прысутнасць музыкі


...З Пендэрэцкім па-беларуску

Дождж біў у шыбіны.


Кшыштаф Пендэрэцкі на канцэрце ў Мінску.

Вымываў акурат там, куды жнівеньскай раніцай не магла дацягнуцца мая рука, і цешыў сваёй няўтомнай зацятасцю і бубненнем. Вецер ганяў па шкле дробнае празрыстае проса, збіраў і рассыпаў незразумелыя канфігурацыі. Я зразумела: ён дапамагаў разгадваць маю загадку дня…

Ці надарыцца тое інтэрв’ю? А хто скажа? Дэталі не вяжуцца ў вузел. Прыкметы спрачаюцца паміж сабой як няўдалыя аксесуары з прадуманым «прыкідам». Да таго ж — дождж! Слушная прыкмета, што ісці няма чаго, што нічога не адбудзецца і ўсё пойдзе наперакос. Дождж не выпускаў мяне з дому рыхцік Бэлу Ахмадуліну ў аднайменнай яе паэме! Толькі там — Закаханы Дождж. А мой?..

Кшыштаф Пендэрэцкі — легенда польскай музыкі — адзін з самых паважаных кампазітараў сучаснасці. Ён адораны ўсімі магчымымі музычнымі прэміямі, узнагародамі, ордэнамі і званнямі, спіс якіх займае не адну старонку. Маэстра — кавалер ордэна Белага Арла — найвышэйшага і найстарэйшага дзяржаўнага адзначэння ў Польшчы, ганаровы доктар 24 універсітэтаў свету: ад Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве да Ельскага ўніверсітэта (ЗША), ганаровы сябра найбуйнейшых у свеце мастацкіх і навуковых акадэмій і асацыяцый.

Тры Філарманічныя Феі вярнулі забытую магчымасць і стварылі сваю Музычную Суботу. Тры Філарманічныя Феі завілі косы, замігцелі завушніцамі, заззялі каралямі і срэбнымі бранзалетамі. Лёгка стрэслі пыл з даўно не гранай клавіятуры, і немудрагелістыя цвічэнні склаліся ў алгарытм дзеяння, з-пад якога вёртка выбіўся джазавы шэльма-завіток. Выскачыў і ўлёгся паўкружжам на эскіз плана. Думкі ўзляцелі, завіхурыліся. Феі прагнулі высокіх вібрацый.

 Сустрэча адбылася. Побач адпачываў чорны раяль. Зялёная гарбата струменіла адмысловы водар. Маэстра не спяшаўся. Яму было ўтульна і сцішана. Стома адплывала, пазбіраўшы рэшткі ранішняй рэпетыцыі. Вечарам канцэрт. Будзе аншлаг. Кампазітар усцешаны, што 7-я сімфонія, самая любімая («карона» для ўсіх іншых сімфоній), тут, у Мінску, увасобіцца вельмі добрым аркестрам і хорам. Увечары будзе выдатнае выкананне.

Твор, прывезены ў сталіцу Беларусі, гучыць рэдка ў свеце. Патрабуе шмат укладання. На сцэне ледзь размяшчаецца поўны сімфанічны склад аркестра з новым, мінчукам невядомым, інструментам тубафонам у выглядзе выцягнутых, цыліндрычнай формы труб інструмент, прыдуманы адмыслова дзеля гэтага твора. Партытура твора замаўляе тры змяшаныя хары, асобную групу духавых інструментаў, разлічаную на гучанне з залы, чатырох салістаў і чытальніка. Маштаб гучання. Маштаб уздзеяння. Маштаб ідэі: «Сем брамаў Ерусаліма...» Кшыштаф Пендэрэцкі з асаблівым замілаваннем называе твор Сімфоніяй № 7. А можа, вакальная сімфонія? На лацінскія тэксты са Старога Запавету. Сімвалічная лічба 7. У сімфоніі 7 частак. Напісана ў 1997 годзе. У Мінску выкананне адбылося 7.10.2017 — лічбы, калі чытаць наадварот, захоўваюць сваю паслядоўнасць.

…Часам гук плавіў паветра. Акустычныя асаблівасці змянялі дынаміку гуку і тэмбру, спецыфічны акустычны эфект наплывання перапыняўся рэчытатывам нізкіх струнных. Lamento салістаў працінала шчытнае гучанне хору — патанала ў ім, усплывала. Галасы медных інструментаў распадаліся бліскавіцамі і збіраліся тугімі напятымі струнамі. Валторна лунала дэкламацыйным legato і стрымана спавядалася чысцінёй. Касмаганічнае супрацьстаянне. Поле змагання. Магутны і бясконцы дыялог непарушнага вечнага з зямным і мінучым.

…а размова была сцішанай і ўтульнай:

— Спадар Кшыштаф! Чалавечае жыццё — струна, па якой не так лёгка прайсці. І праходзім мы часцей навобмацак. І спадарожнік у нас адзін — інтуіцыя. Вось цяпер на вяршыні свайго жыцця, аглядаючыся і на жыццё тых, хто быў побач з Вамі, што ўсё ж павінна пераважаць у нашым жыцці? Дзе яно тое, чаму трэба аддаць перавагу, пры ўсіх нашых, такіх зразумелых, схільнасцях да ваганняў, хістанняў, збочванняў? Мы — садоўнікі свайго жыцця, так. А што ўсё ж галоўнае?

— Інтуіцыя — самае важнае ў творчасці. Без інтуіцыі няма вялікага мастацтва… Самае галоўнае — вера ў тое, што ты робіш. Аднак да гэтага ты прыходзіш занадта позна. Маё жыццё — гэта хаджэнне зігзагамі па розных сцежках-кірунках. Маё жыццё цікавае: пры ім паўстаў авангард. Авангард змяніў эстэтыку. Я застаўся верным свайму пачуццю, свайму разуменню музыкі. Адна справа — вучыцца. Ствараць — гэта ісці з глыбіні сябе. Я ніколі не лічыўся паслядоўнікам чыстага авангарда, аднак я сутыкаўся з гэтай эстэтыкай авангарда, таму што яна ў пэўны перыяд мяне фарміравала. Калі пачынаўся авангард (канец 50-х — пачатак 60-х), я быў як бы «ў авангардзе» авангарда: і створаны былі самыя авангардавыя партытуры: «Трэн памяці Хірасімы», «Паліморфія». Сваім авангардам я пракладаў шляхі іншым. І гэта музыка засталася.

— ...У працяг філасофскай тэмы: што стварала, а што руйнавала Вашае жыццё?

 — Думаю, мяне нічога ў жыцці не руйнавала, таму што я меў уласную мэту і ніколі не належаў да якіх-небудзь груповак. Я ствараў нешта новае і не сыходзіў са сваёй дарогі. Я пачаў авангард, і ён быў якраз у той час, калі ён павінен быў быць. Аднак авангардам для мяне музыка не скончылася — можа, таму, што я пачаў пісаць музыку сакральную: гэта і «Пасія», «Ютрань» і іншыя. Таксама для мяне заўсёды была важнай вера, таму што я жыў у камуністычныя часы, калі з верай змагаліся. А я насуперак гэтаму пісаў шмат музыкі сакральнай і аратарыяльнай: гэта і «Псальмы Давіда» (напісаў у 1956 годзе яшчэ студэнтам), і шмат іншых сакральных твораў, у тым ліку, вядома, «Пасія», якую лічаць пасля Баха найважнейшай музыкай у гэтым кірунку... Але камунізм у Польшчы быў толькі на паперы, вельмі лёгкі... У нас камунізм не быў такі востры, як у вас, таму што мы, палякі, заўсёды былі змагарамі, бунтаўнікамі. Нягледзячы на камуністычны рэжым, камуністы ўсё ж такі выказвалі пэўную павагу да тых, хто меў іншы погляд на жыццё. Яны крыху нават пабойваліся ўступаць з імі ў вострую канфрантацыю, асабліва з тымі, хто наўпрост не выказваўся супраць рэжыму. Вядома, такіх людзей яны часта выкарыстоўвалі як візітоўку. І тут варта сказаць пра «Варшаўскую восень»: 1956 год — вельмі напружаныя часы. Гэтым годам распачынаецца доўгая гісторыя Міжнароднага фестывалю «Варшаўская восень». Гэта быў, так бы мовіць, выхад на іншы ўзровень, у нейкі іншы свет…

— На радзіме цяжка займець прызнанне. Паводле біблейскай ісціны: няма прарока ў айчыне сваёй. Ці былі Вы прылічаны да непрызнаных і «нязручных»? Дзякуючы якім акалічнасцям прыйшло прызнанне на радзіме?

 — Трэба сказаць, што мяне ніколі не лічылі некампазітарам і неяк не прыціскалі. Таму магу сказаць, што на камуністычныя часы ў Польшчы прыпаў росквіт культуры: былі фінансавыя датацыі, нарадзіўся фестываль «Варшаўская восень» — самы вялікі ў свеце на той момант, усе прыязджалі нават у Польшчу з захаду, каб паслухаць авангард. Для літаратуры было цяжка, а для музыкі — наадварот.

— …На Беларусі ёсць цяжкасці з акадэмічнай музыкай. Музыка сучасная не ў прыярытэце. У нас шмат творчых сіл, таленавітых кампазітараў, але беларускаму кампазітару няма месца, дзе можна праявіць свой крэатыў. Са сваёй вышыні і адлегласці што б Вы маглі параіць нам?

— На жаль, на гэта чалавек ніяк не ўплывае. Па-першае, павінны быць моцныя індывідуальнасці, асобы, якія б змаглі пераламіць гэтую палітычную сілу. Напрыклад, у нас была такая групоўка кампазітараў (Лютаслаўскі, Гурэцкі, крыху пазней Кілар) — суполка, якую не маглі зламаць. Гэтыя кампазітары мелі сваю эстэтыку і сваё разуменне, а таксама сваю публіку. Але варта сказаць, што ў нас не было так званага сацыялістычнага рэалізму, і я ўвогуле гэтае словазлучэнне ведаю толькі з гісторыі. У Польшчы пасля 1956 года ў кожным канцэрце выконваўся твор польскага кампазітара — вялікі ці малы. Усё залежыць ад аркестраў і канкрэтных дырыжораў. Іх выбар спрыяў таму, што сёння публіка мае патрэбу слухаць сучасную музыку, для вуха абсалютна прымальна і звычна любое авангардавае сучаснае мысленне. Лічу, што росквіт авангарда ўсё ж такі прыпадаў на пачатак 60-х гадоў, потым гэты працэс як бы сышоў. Сёння ўвогуле не ўжываюць гэтага слова. Яго няма. Так, так... у нас эпоха камунізму для музыкі прайшла досыць бязбольна.

— Пан уславіў Польшу праз музыку. Ці дастаткова быць проста таленавітым беларускім кампазітарам, каб загучаць на ўвесь свет, каб яго пачулі ў свеце?

— Сусветная слава Польшчы ў большай ступені звязана з тэатрам, які крочыў адначасова з музыкай. Тэатр быў вельмі таленавіты, авангардны, прагрэсіўны. І, зразумела, кіно. У гэты час (другая палова ХХ стагоддзя) так сталася, што ў Польшчы жылі людзі, якія польскую культуру штурханулі наперад і яна стала шырока вядомая. Але гэта лічу выпадковасцю...

— Вы ўзгадалі пра кіно… Феліні ў свой час сказаў, што для фільма дастаткова чатырох удалых кавалкаў, каб фільм лічыўся ўдалым. Для музыкі гэтага дастаткова?

— Пагаджуся з Феліні… Трэба напісаць некалькі добрых момантаў, некалькі добрых тэм, якія б заставаліся ў памяці слухача (калі ён пачынае слухаць музыку). А потым кампазітар усё гэта злучае — і вось вам, калі ласка, твор. Можа, я кажу гэта крыху банальна, але так і ёсць. Добры творца сядае і піша і нават не задумваецца, ШТО ён піша. Проста — піша. А той кампазітар, які разважае, што ён мае напісаць, альбо слухае іншыя творы для таго, каб прыдумаць нейкую сваю ідэю, лічу, не з’яўляецца вялікім майстрам.

 — Калі Вы ўпершыню чуеце выкананне свайго твора, наколькі тое, што чуеце, супадае з тым, што задумана? Ці былі калі-небудзь якія нечаканасці-здзіўленні пры першым выкананні?

 — Свае творы я чую, калі пішу. Я як бы выпісваю з галавы… Калі першы раз чую свой твор, я задаволены: я чую тое, што чуў у сабе, і лічу, што я не памыляюся, калі пішу.

— У адным інтэрв’ю пан сказаў, што музыка не можа змяніць свет. А што можа?

— Канешне, музыка не можа змяніць свет, як і ўвогуле мастацтва. Аднак музыку могуць забараняць… У Расіі быў Жданаў, які сачыў за тым, каб ніхто не сышоў з «правільнага» шляху, і пісаў нейкую іншую музыку. Але нідзе не было напісана, ні ў адным параграфе, што вось такую музыку нельга пісаць. Зразумела, у нас не было Жданава і, дзякуй богу, Сталіна, і ўвогуле ў Польшчы не было такога, каб нехта мог забараняць кампазітару пісаць музыку.

— У Вас ёсць любімыя дрэвы?

— У мяне вялікая калекцыя дрэваў. Я не магу адказаць на гэта пытанне, таму што я люблю ўсе дрэвы. Я не магу сказаць, што сасна, напрыклад, лепшая за дуб. Я збіраю розныя дрэвы, розных відаў. І яны растуць у нашым клімаце, не зважаючы на тое, што клімат у нас не вельмі добры (зімой нават бывае да мінус 20). Але мае дрэвы растуць.

— Што трэба, каб трапіць у Ваш сад?

— Для гэтага дастаткова са мной састыкавацца… Гэта ўсё адкрыта. Аднак не для ўсіх… Некаторыя людзі знішчаюць, выкопваюць, крадуць дрэвы! І такое са мной здаралася. У той жа час дрэвы, якія я саджаў 40 год таму, цяпер маюць па 15 метраў вышыні — іх ужо ніхто не скрадзе.

***

 ...Феі разляцеліся па аблоках. Шчаслівыя і радасныя. Зірнулі ў каляндар: наперадзе 17 верасня. На Вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі — сімфанічныя творы Дзмітрыя Смольскага: «Настальгія» для сімфанічнага аркестра, Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, Сімфонія № 9 для саліруючай электрагітары і сімфанічнага аркестра, «Прысвячэнне» для электрагітары і сімфанічнага аркестра. Канцэрт пазначаўся ўрачыста-юбілейным. Ператварыўся — нечакана — у канцэрт-памяць. Постаць Д. Смольскага не менш значная для Беларусі, як і постаць К. Пендэрэцкага ў Польшчы, адначасова падумалі Феі.

Ларыса СІМАКОВІЧ, кампазітар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».