Вы тут

Бацькі п'юць, не ведаюць, як выхоўваць малых, ці маюць даўгі


Усё гэта падставы для таго, каб прызнаць дзяцей тымі, хто трапіў у сацыяльна небяспечнае становішча. А ад такога статусу часта недалёка і да наступнага кроку, якім дзеці з такой сям'і прызнаюцца тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і забіраюцца ад бацькоў. Перш чым прымаць радыкальныя меры, у рэгіёнах стараюцца выкарыстоўваць мясцовыя асаблівасці, каб абысціся меншымі стратамі. У Карэліцкім раёне работнікі службы па справах непаўналетніх, забраўшы дзіця ад п'яных бацькоў, стараюцца пакінуць яго ў сваякоў, не дазваляюць адключаць электрычнасць за даўгі, збіраюць інфармацыю пра звольненых. А малым, якія апынуліся пасля адабрання ў бальніцы (дзеці да трох гадоў), дапамагаюць усёй грамадой, бо ўсе ведаюць адно аднаго.


Пад ярлыком «сацыяльна небяспечны»

Указ Прэзідэнта №18 аб абароне дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, дзейнічае амаль 11 гадоў. На жаль, не заўжды атрымліваецца чаканы вынік. Магчыма, таму, што дзяцей раней забіралі больш сталых, якія ўжо ўвабралі ў сябе асацыяльныя правілы жыцця бацькоў. Ніхто не адмяняў і дзеянне генетычнай прыхільнасці да згубы ў бутэльцы. Тым не менш стараюцца выправіць усіх: і маму з татам, і дзетак, якіх забіраюць з-пад уплыву небарак-бацькоў ва ўсё меншым узросце, расказваюць у Карэліцкай камісіі па справах непаўналетніх.

Часцей за ўсё «статус» сацыяльна небяспечнай сям'я атрымлівае праз алкагалізм бацькоў, аднак гэта не азначае, што на наступны ж дзень у іх прыйдуць забіраць малых. Забраць дзяцей з сям'і можна досыць мірным шляхам, калі спецыялісты доўгі час ушчуваюць і працуюць з неўладкаванымі сем'ямі, пакуль не становіцца зусім відавочна, што без штуршка ў выглядзе адабрання малых на бацькоў не паўплываць.

— Усе свае такія сем'і мы ведаем у твар. З імі працуюць псіхолаг, педагог, старшыня сельсавета, спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра, медыкі, — расказала Вольга БАЗАР, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага раёна. — Аднак паколькі алкагалізм — справа невылечная, не заўсёды такая работа прыносіць чаканыя вынікі. Бацькі працягваюць піць, пакідаюць малых без нагляду. І мы прымаем рашэнне прызнаць, што дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Падаецца хадайніцтва школы аб адабранні дзяцей, і камісія па справах непаўналетніх разглядае ўсе абставіны разам з актамі абследавання, зафіксаванымі сігналамі аб небяспецы ў сям'і і іншымі дакументамі і прымае канчатковае рашэнне. І вось тады, пасля адабрання малых, з бацькамі працуюць больш жорстка.

Сярод праблемных сем'яў ёсць тыя, дзе дзяцей выхоўваюць бацькі з асаблівасцямі псіхічнага або фізічнага стану.

— Такія, як мы кажам, вялацякучыя сацыяльна небяспечныя сем'і ў нас могуць існаваць гадамі, — удакладніла Вольга Базар. — У іх дамах, як правіла, не прыбрана, бацькі праз свае асаблівасці не ведаюць, як у поўнай меры клапаціцца пра дзяцей. Але ж яны не п'юць, і не іх віна, што яны нечага не разумеюць, таму і няма падставы забраць у іх малых. Такім сем'ям дапамагаюць жыць і спецыялісты, і навакольныя.

Хто песні пяе, хто баіцца вярнуцца

Іншая справа, калі бацькі сыходзяць у запой. Ад таго, наколькі хутка дарослыя пакоцяцца на дно бутэлькі, залежыць і час, які пройдзе з моманту атрымання сям'ёй статусу сацыяльна небяспечнай да адабрання малых.

— Некаторых гэты статус нібыта ўзварушвае, яны выпраўляюцца. Але калі бацькі «не прасыхаюць» і іх паводзіны ў гэтым стане могуць пагражаць жыццю ці здароўю дзяцей, мы забіраем малых, — тлумачыць Вольга Базар.

Тэрмінова забіраць дзетак, калі бацькі ў запоі, прыходзіцца, як правіла, у позні час. Калі здараецца гулянка, суседзі тэлефануюць у міліцыю ці нават дырэктару мясцовай школы, каб расказаць пра дэбош. Супрацоўнік міліцыі выязджае на выклік, бачыць, што пагроза дзецям сапраўды існуе, і паведамляе пра гэта намесніку старшыні камісіі па справах непаўналетніх і спецыялісту па ахове дзяцінства, — адзін ён дзяцей не забірае.

— Часцей за ўсё мы ўжо ведаем, пра якую сям'ю ідзе гаворка, калі атрымліваем начны выклік, — каменціруе Вольга Дзмітрыеўна. — Мы ведаем і іх сваякоў і стараемся перш за ўсё адвезці дзіця да той жа бабулі, калі ўпэўнены ў яе паводзінах і ў тым, што яна гатовая паклапаціцца пра ўнука да прыняцця канчатковага рашэння.

Раней усіх адабраных у начны ці нерабочы час дзяцей адпраўлялі ў дзіцячае аддзяленне Карэліцкай раённай бальніцы. Апошні час дзеці да трох гадоў трапляюць на нейкі перыяд у бальніцу, старэйшыя — адразу ў сацыяльна-педагагічны цэнтр раёна, дзе працуе прытулак.

— Пра дзетак, што трапляюць у бальніцу, у нас клапоціцца не толькі медперсанал, але і матулі, якія разам са сваімі там ляжаць. У прытулак такія малыя прыязджалі ўжо з клункамі адзення, цацак, прадуктаў, — згадвае спецыяліст. — За гады дзеяння ўказа ў нас лічаныя адзінкі трапілі ў інтэрнаты. Як правіла, дзяцей прымаюць у сем'і тут, у раёне. Было і такое, што адна з былых дырэктараў прытулку сама ўзяла ў сям'ю хлопчыка таго ж узросту, што і ўласны сын. Цяпер той малы даўно вырас, але дагэтуль падтрымлівае сувязь з прыёмнай маці.

Дзеці, якіх пасярод ночы вывозяць з бацькоўскага дому, рэагуюць па-рознаму, і далёка не ўсе чапляюцца за матуліну спадніцу.

— Здараецца, што дзіця забярэш з сям'і, дзе сварка, лямант, сам у стрэсе выйдзеш адтуль, а малы сядзе ў машыну і песні спявае, бо адчуў сябе ў бяспецы, — успамінае Вольга Базар. — А параўнальна нядаўна мы забралі пяцярых дзяцей са шматдзетнай сям'і другі раз за крыху больш чым год. Пасля першага здарэння бацькі ўзяліся за розум, не пілі, наведвалі ў цэнтры малых, і дзяцей вярнулі. А пасля так запілі, што не змаглі спыніцца, цяпер маці ў ЛПП, і бацькі пазбаўлены правоў. Дзеці баяліся, як бы іх зноў не вярнулі бацькам. Да гэтай гісторыі падключыліся сваякі, і, напэўна, дзяцей аддадуць ім пад апеку.

Адключым газ!

У апошні час з'яўляецца шмат артыкулаў, дзе канстатуюць, што дзяцей забралі ў бацькоў праз запазычанасць за «камуналку» і адключаныя камунікацыі. У Карэліцкім раёне, настойвае спецыяліст, такога не здарыцца.

— Нам звоняць і з мясцовых электрасетак, і з гаргаза, кажуць, што маюць падставу адключыць свет ці газ. Але без нашага дазволу яны не маюць права зрабіць гэта ў сем'ях, дзе на выхаванні ёсць дзеці, — запэўнівае Вольга Базар. — Штомесяц мы атрымліваем спісы даўжнікоў і працуем з імі. Калі лічым, што акрамя цяжкага матэрыяльнага становішча ёсць іншыя прычыны непакоіцца, забіраем дзяцей і дазваляем адключыць камунікацыі. Калі ж не — дапамагаем працаўладкавацца, каму яшчэ можна — аказваем матэрыяльную дапамогу. Нават калі яны на заробкі ў Расію з'язджаюць, а пасля з пустымі кішэнямі вяртаюцца, угаворваем іх былое кіраўніцтва прыняць назад на працу. Да апошняга з імі працуем.

Усім арганізацыям і прадпрыемствам раёна прадпісана адразу паведамляць ва ўстанову адукацыі, дзе вучацца дзеці, пра звальненне бацькоў з небяспечных сем'яў. У кастрычніку, дарэчы, у даўжнікі, здараецца, трапляюць нават звычайныя шматдзетныя сем'і, якія тлумачаць, што збіралі дзяцей у школу, вось на «камуналку» і не хапіла.

У Карэліцкім раёне не высяляюць даўжнікоў у памяшканні меншых памераў, каб розніцай пакрыць даўгі. На гэта некалькі прычын. Па-першае, у Карэлічах недастаткова падменнага жылля. Па-другое, кватэра ці дом, дзе яны пражываюць, настолькі занядбаныя, што наўрад ці нехта захоча іх арандаваць.

За бягучы год з сем'яў Карэліцкага раёна забралі 26 дзяцей. На 1 кастрычніка 11 дзяцей прызнаны тымі, каму патрабуецца дзяржаўная абарона. Дарослыя з 9 сем'яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Каля 50 сем'яў маюць статус сацыяльна небяспечных.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: Забраць нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.