Вы тут

Ці задавальняе вас гандаль у вёсках, і што неабходна палепшыць?


Тэма гандлю ў малых населеных пунктах даволі далікатная — дзесьці не хапае тавараў, дзесьці скардзяцца на цэны, а дзесьці стацыянарных крам няма наогул. Мы звярнуліся да людзей, якія займаюцца гэтым кірункам, каб высветліць, як выглядае сітуацыя на самай справе і над чым сапраўды трэба папрацаваць.


Намеснік старшыні Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта па пытаннях эканомікі Любоў КІСЯЛЁВА:

— У нас гандаль з другой паловы года пачаў працаваць нашмат лепш, аб'екты перагледзелі свае падыходы. Чаму? Таму што яны рыхтуюцца да таго, што да нас у раён прыйдзе буйная гандлёвая сетка. Ці выцесніць яна прыватнікаў? Вядома, нейкае пераразмеркаванне патокаў адбудзецца. Але частка насельніцтва, якая выязджала па пакупкі як у іншыя раёны краіны, так і ў Расію, з-за пашырэння асартыменту, напэўна, стане рабіць іх тут. Я думаю, што дзякуючы гэтаму павялічыцца таксама і таваразварот. Быў час, калі мясцовыя жыхары вярталіся дадому з камандзіровак толькі праз крамы, размешчаныя ў іншых раёнах. І цяпер сапраўды падцягнулася харчовая група. Канкурэнцыя — гэта вельмі добра, як мне здаецца. І добра гэта ў першую чаргу для пакупнікоў. Таму што кожная крама пачынае неяк прыцягваць кліента, рабіць зніжкі, арганізоўваць кірмашы.

Старшыня Сідаровіцкага сельскага выканаўчага камітэта Магілёўскага раёна Алена ПШАНІЧНАЯ:

— У населеных пунктах сельсавета гандаль нас цалкам задавальняе. Як найлепшую форму магу адзначыць аўтакрамы. Мне падабаецца разнастайны асартымент, хоць звычайна да іх ставяцца з недаверам — думаюць, напрыклад, што тавар пратэрмінаваны, — аднак гэта не так. Аўтакрама — тое месца, дзе тавар можа мяняцца нават часцей, чым у стацыянарных. Палепшыць хочацца будаўнічы напрамак — гэта продаж цэменту, шыферу і падобных рэчаў. Але і тут нашы прадаўцы знаходзяць выхад са становішча: напрыклад, у аўторак прымаюць заказ на тавар, якога ў гэты момант няма ў наяўнасці, а ўжо ў пятніцу дастаўляюць дадому. Такім чынам і крама не завальваецца, і кліент задаволены. Вось мэбля, напрыклад: ёсць каталогі, людзі выбіраюць і заказваюць. У мінулым годзе ўсе заказвалі газавыя пліты, паколькі аказалася, што яны павінны быць не старэйшыя за дзесяць гадоў. Акрамя гэтага, на нашай тэрыторыі ёсць дзве крамы мясцовага агракамбіната — там прадаюцца сала, мяса, каўбасы. Звычайна ёсць па 4—5 найменняў розных каўбас, мне здаецца, што гэтага хапае.

Старшыня Самахвалавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Мінскага раёна Уладзімір ЛОКУН:

— У нас толькі ў дзвюх вёсках з дванаццаці ёсць стацыянарныя гандлёвыя аб'екты — у Самахвалавічах, дзе мноства такіх пунктаў, і ў вёсцы Цімошкі адна крама.
У астатніх — гэта толькі выязны гандаль Мінскага райпо. Мы плануем яшчэ ў дзвюх вёсках падрыхтаваць участкі пад аўкцыён, каб на іх прыватныя арганізацыі пабудавалі дадатковыя пункты. Што да іншых вёсак, то там жыве не так шмат людзей, таму выезду аўтакрамы раз на тыдзень цалкам хапае. Прынамсі, ніхто не скардзіўся. Калі ж нехта напіша зварот, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне. Што датычыцца асартыменту, то пра гэта можна меркаваць па заўвагах насельніцтва, але да нас ніхто не звяртаўся. Раней такія выпадкі бывалі. Дарэчы, у райпо ўлічваюць пажаданні насельніцтва, пытаюцца, што прывозіць, а што не. Адзіная праблема ў нас цяпер: у адной краме мы хочам падоўжыць час працы, паколькі цяпер яна функцыянуе да трох гадзін дня. Для гэтага мы шукаем прадаўца, які будзе гатовы працаваць у іншым рэжыме работы.

Прэс-сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Таццяна ЛЯШКЕВІЧ:

— Гандаль, які забяспечвае наша арганізацыя, нас задавальняе. Мы стараемся ўлічваць усе інтарэсы: пакуль у вёсцы застанецца хоць адзін жыхар, стацыянарныя пункты і аўтакрамы будуць яго абслугоўваць. Што хацелася б палепшыць? Арганізацыя не стаіць на месцы — мы закупляем новыя аўталаўкі, пашыраем асартымент, прыслухоўваемся да пажаданняў пакупнікоў. Дарэчы, яны з цягам часу становяцца ўсё больш патрабавальнымі. Акрамя таго, мы ўстанаўліваем аплатныя тэрміналы, закупляем новае абсталяванне. Хацелася б, каб былі створаны роўныя ўмовы для гандлю. Напрыклад, прыватнікі выбіраюць для продажу тое, што выгадна ім, а мы нясём пэўную сацыяльную нагрузку. Але падкрэслю, што мы не скардзімся. У аўтакраме ёсць зацверджаны асартымент, але можна пакінуць заяўку на розныя тавары. Напрыклад, бабуля можа захацець кавун — і наступны раз яго прывязуць. Хтосьці заказвае не толькі харчовыя тавары, але і такія рэчы, як мех цэменту. Мы заўсёды адказваем на просьбы нашых кліентаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».