Вы тут

Манаполія ці канкурэнцыя?


Спажыўцу без розніцы, абы выбар быў.

Амаль паўсюдна ў невялікіх вёсках можна ўбачыць краму, якая не працуе. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці такіх аб'ектаў амаль 300. Прычына ў асноўным адна — насельніцтва вёскі зменшылася, і тавараабарот вельмі малы. Але гэта не значыць, што вяскоўцы павінны выжываць, як хто зможа. Ім на дапамогу прыходзяць крамы на колах. Прычым колькасць мабільных гандляроў, прынамсі на Гродзеншчыне, пастаянна расце.


Са­цы­яль­ны ра­бот­нік Да­ну­та Ашур­ке­віч у кра­му да Ан­жа­лі­кі Быч­коў­скай за­хо­дзіць па па­куп­кі для сва­іх па­да­печ­ных што­дня.

Альтэрнатыўны магазін

Зарачанка — адна з невялічкіх і нават тыповых вёсак на захадзе Гродзенскага раёна. Тут дзейнічае старажытны касцёл, у былым клубе нядаўна адкрылі музей ручніка. Будынак не пустуе — сюды прыязджаюць турысты, каб убачыць сапраўдную беларускую спадчыну. Саміх жыхароў у гэты восеньскі час на вуліцы амаль няма. Васіль Рыгоравіч ідзе ад калодзежа з двума вёдрамі. Пытаюся, дзе вяскоўцы прадукты купляюць. Аказалася, што тут ёсць крама ў канцы вуліцы. Па словах пенсіянера, працуе там вельмі ветлівая жанчына. Вырашыла зайсці, даведацца, як ідзе гандаль. Але не пашанцавала. Крама аказалася на замку, а на акне аб'ява: прадавец захварэла. Васіль Рыгоравіч растлумачыў: не бяда, хутка павінна прыбыць прыватная аўтакрама.

І сапраўды, металічны фургон, трубячы, прамчаўся па вуліцы і вярнуўся назад. Вуліца адразу ажыла. На сігнал выйшлі пакупнікі. Мужчына купляе хлеб, «вітушку», просіць больш танную каўбасу. Жанчыны да абавязковага асартыменту — хлеб, малако — дадаюць нешта салодкае. Хтосьці пернікі купляе, хтосьці цукеркі-труфелі, хтосьці зефір. 10—15 хвілін прыпынку, і аўтакрама пайшла далей. За дзень, паведаміла прадавец, трэба аб'ехаць 15—17 вёсак.

Руплівы прадпрымальнік

Забяспечваць вяскоўцаў прадуктамі Мадэвуш Бялы ўзяўся 10 гадоў назад. Сам ён па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, але вырашыў паспрабаваць сябе ва ўласнай справе. Раённыя ўлады пайшлі насустрач рупліваму прадпрымальніку, які надумаў арганізаваць аўтагандаль.

Сёння можна гаварыць аб тым, што прыватная ініцыятыва ў многім стала сапраўднай палачкай-выручалачкай для вяскоўцаў. Кааператыўны гандаль часта не спраўляўся з аб'ездам вёсак, а крамы з-за нізкай выручкі папросту закрываліся.

Многія з іх і сёння стаяць занядбанымі і паціху разбураюцца. Бадай што ў кожным раёне набярэцца з дзясятак, а то і 20 такіх будынкаў.

Зразумела, што вяскоўцам была патрэбна альтэрнатыва. Мадэвуш вырашыў ісці ў нагу з часам, набраўся вопыту за мяжой і стаў укладваць сродкі ў развіццё аўтагандлю. Трэба сказаць, што прэферэнцыі бізнесмен атрымаў пры набыцці фургона, абсталяванага халадзільнымі ўстаноўкамі. Зараз у яго тры такія машыны, якія штодзень раз'язджаюць па дарогах раёна. Кожная «накручвае» за выезд да 100 кіламетраў. Дарогі значна палепшыліся, таму амаль ва ўсе месцы можна даехаць у любое надвор'е.

— Нас чакаюць, асабліва на хутарах, — прызнаецца Мадэвуш Бялы, — з жыхарамі наладжана тэлефонная сувязь. Калі мы, напрыклад, не можам прыехаць, тэлефануем старасту вёскі. Але такія сітуацыі бываюць рэдка.

Кадры вырашаюць многае

Разам са старшынёй Азерскага сельвыканкама Аленай Андрусевіч заходзім у прыдарожную краму спажывецкага таварыства ў вёсцы Стрыеўка. Гэты гандлёвы пункт з ліку выгадных для кааператараў, бо знаходзіцца ў бойкім месцы. Але арганізацыя гандлю вымушае жадаць лепшага. Прадавец Алена Яжэеўна паказвае тэрмометр — тут, як і на дварэ, дзесяць градусаў цяпла. Кажа, што ацяпленне ўключаюць у канцы лістапада. Мабыць, цяжка знайсці ахвотных працаваць у такіх умовах, бо на дзвярах вісіць аб'ява, што на працу патрэбны прадавец і яшчэ тры чалавекі — у бліжні аграгарадок. Жанчына прызнаецца, што раней працавалі ўтрох, але дзве пайшлі з-за нізкай зарплаты. Алена стараецца нарошчваць абарот, пастаянна праводзіць акцыі, але прыватны гандаль усё ж паціху, але выцясняе кааператараў.

Гаспадыня прыватнай крамы хоць і працуе на самым ускрайку вёскі, але станам работы задаволена — яе пункт не пустуе. Бацькоўскую справу працягвае некалькі гадоў і адчувае сябе на сваім месцы. Кажа, што ветлівы настрой людзі вельмі добра адчуваюць. І сапраўды, Анжаліка з увагай ставіцца да пакупнікоў і нават перарвала размову з намі, каб абслужыць кліента. Маленькая крама з багатым асартыментам пакінула добрае ўражанне, і сюды захацелася прыйсці зноў.

Некалі манапольная кааперацыя адчувае значную канкурэнцыю. І не толькі з боку прыватных гандляроў, але і ад вядомых гандлёвых сетак. Іх аўтакрамы праціскваюцца ў нішу, якая ўзнікла пасля закрыцця гандлёвых пунктаў на вёсках. Гэта прызнаюць і прадстаўнікі абласнога спажывецкага таварыства. Хоць і запэўнілі, што кадравае пытанне не стаіць востра і прадаўцоў на вёсцы хапае.

Аўтакрама — добра, але крама — лепш

Так лічаць жыхары вёскі Лакна, дзе зусім нядаўна ўзнавіў работу стацыянарны гандлёвы пункт каапсаюза. Сітуацыя няпростая. Крама хоць і запрацавала, але выручка тут мізэрная, бо вяскоўцы аддаюць перавагу аўтакраме буйнога рытэйлера. З такім падыходам спажывецкае таварыства наўрад ці пагодзіцца, і пункт зноў можа спыніць сваю дзейнасць. Тым больш што працуе ён нерэгулярна. Падчас нашага прыезду прадавец ужо тыдзень хварэла...

Але ёсць і добры прыклад у рабоце стацыянарнага пункта ў вёсцы Васілевічы, які таксама нядаўна ўзноўлены. Сюды прыязджаюць і жыхары суседніх вёсак. А хто не здужае — дапаможа сацыяльны работнік. Данута Ашуркевіч — адна з іх. За прадуктамі заходзіць штодзень. На гэты раз яна адвозіць заказы ў суседнюю вёску Кодзеўцы. Яе падшэфныя просяць купіць і мяса, і каўбасы, і крупы, і цукар. Вельмі задаволена, што ўдалося ўзнавіць работу крамы, якая доўгі час была закрыта. Прадавец Анжаліка Бычкоўская прызналася, што яе ўгаварылі стаць за прылавак. Але замяніць нават на водпуск таксама няма каму.

У любым выпадку незабяспечанымі жыхары вёскі не застануцца. Некалькі разоў на тыдзень сюды прыходзяць аўталаўкі як спажывецкага таварыства, так і прыватных гандляроў. Праўда, актуальным застаецца забеспячэнне лекамі, затое на вёсках працягнулі газ і з'явіўся інтэрнэт.Сацыяльны работнік са смехам дадае: «Бабкі злуюцца, што вельмі позна да іх дайшоў прагрэс».


Кампетэнтна

Дзяніс ПРАКОПЧЫК, першы намеснік дырэктара па гандлі і грамадскім харчаванні Гродзенскага філіяла Аблспажыўтаварыства:

— Гандлёвыя аб'екты на вёсцы працуюць у стандартным рэжыме, аб масавым закрыцці гаворка не ідзе. У год спыняюць сваю дзейнасць 1—2 аб'екты, а ўсяго ў нашай сетцы 72 крамы. У раёне працуе 8 аўтакрам. Усе яны штодзень выязджаюць строга па графіку, зацверджаным райвыканкамам. Што датычыцца кадраў, тут таксама няма праблем. Гэта звычайная штатная сітуацыя, калі прадавец захварэў ці пайшоў у водпуск. Для замены мы маем рэзерв. І наогул, жыхары вёсак пільна сочаць за работай і магазінаў і аўтакрам. Калі машына не даехала ці спазнілася крыху, адразу тэлефануюць і ў нашу арганізацыю, і ў райвыканкам, і ў сельскі савет.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».