Вы тут

Як у Валожынскім раёне рашаюць праблему струхлелых вясковых хат


Задачу па зносе старых і пустуючых дамоў кіраўнік дзяржавы дакументальна паставіў перад рэгіёнамі некалькі гадоў таму, падпісаўшы Указ №100. Паводле гэтага дакумента, будынкі, прызнаныя непрыдатнымі да далейшага выкарыстання, падлягаюць зносу, а зямля пасля рэкультывацыі ўводзіцца ў севазварот сельгасарганізацый. У Мінскай вобласці гэтая работа вядзецца паслядоўна і пастаянна. У населеных пунктах усё менш застаецца непрывабных, паўразбураных хацін, а на зямельных участках, дзе буяла пустазелле, зелянеюць збожжавыя і іншыя патрэбныя культуры.


З аднаго боку, знос непрыдатнага жылля паляпшае знешні выгляд вёсак. З іншага — стварае бяспеку для жыхароў. Не сакрэт, што струхлелыя збудаванні надта прыцягваюць дзяцей, якія лазяць на гарышчы, у сутарэнні старых пабудоў, падвяргаючы сваё жыццё рызыцы.

— Менавіта таму мы імкнёмся не толькі весці ўлік такога жылля, але і дзейнічаем. У 2015 годзе планавалася знесці 40 дамоў, знеслі — 47. У 2016 — 45 замест 38. Сёлета «пазбавіліся» ад 53 дамоў пры плане 50. Стараемся, так бы мовіць, ісці з апярэджаннем. Гэта дазволіла ў грамадскі севазварот уключыць дзясяткі гектараў зямлі,— расказаў старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Глінскі.

— А ці не было выпадкаў, калі пасля зносу струхлелага жылля аб'яўляліся спадчыннікі са сваімі прэтэнзіямі? — пацікавілася ў Сяргея Францавіча.

— Такі выпадак быў пяць гадоў таму. Няправільна былі аформлены дакументы пры зносе, таму па рашэнні суда давялося з бюджэту кампенсаваць уласніку страты — каля 25 млн «старых» рублёў. Хоць, зрэшты, дом нагадваў хутчэй хлеўчык — адны сцены, — працягвае Сяргей Глінскі. Цяпер усе неабходныя «паперы» ўважліва рыхтуюцца і правяраюцца на адпаведнасць заканадаўству. Калі ў дома няма ўласнікаў, то мы шукаем магчымых спадчыннікаў. І толькі пасля таго, як не ўдаецца іх знайсці або высветліцца, што яны адсутнічаюць, звяртаемся ў суд для прызнання сядзібы безгаспадарнай. Па рашэнні судовай інстанцыі яна пераходзіць ва ўласнасць сельсавета. І тады прымаецца рашэнне знесці дом, а ўчастак выставіць на аўкцыён.

Што датычыцца непасрэдна куплі дыхтоўных дамоў, гаспадары якіх памерлі, а дзеці адмовіліся ад спадчыны, то ў Валожынскім раёне такога вопыту няма. Але і тут, як сведчаць калегі з іншых раёнаў, ёсць пытанне. Дом трэба пераводзіць у разрад нежылога памяшкання або прадаваць з аўкцыёна. Перш яго павінна абследаваць камісія, а суд павінен прызнаць пабудову безгаспадарнай, тады яна пераходзіць ва ўласнасць сельсавета і ён мае права ёй распарадзіцца.

Уласнік і сам можа даць пісьмовую згоду на знос. Калі ж згоды спадчынніка няма, а дом прызнаны непрыдатным для пражывання, то ён ідзе ў камунальную ўласнасць у судовым парадку. Пры гэтым робіцца папярэдняя ацэнка і вяртанне ўласніку фактычнага кошту дома за вылікам панесеных расходаў.

У раённым бюджэце прадугледжаны сродкі для зносу старых і струхлелых дамоў. Вядома, гэта — дарагая працэдура. З улікам усіх гаспадарчых пабудоў, выкарчоўвання садовых дрэў і кустоў, рэкультывацыі ўчастка. Звычайна работамі займаецца сельгасарганізацыя, на тэрыторыі якой знаходзіцца населены пункт. Гаспадарка, як правіла, мае сваю тэхніку, рабочую сілу. Гэта дае магчымасць патанніць працэс. Будаўнічыя матэрыялы забірае для сваіх патрэб: драўніну — на дровы, камяні, шчэбень — на ўладкаванне дарогі.

Хоць, як паказвае практыка, старыя дамы пры разборцы ствараюць праблемы: перашкаджаюць рабоце шматлікія цвікі, дрот, заўважыў мой суразмоўнік.

Як сцвярджаюць спецыялісты, ідэальны варыянт пры зносе дома — перапрацоўка матэрыялаў на драбільнай устаноўцы. Але такіх машын у краіне — адзінкі. З другога боку, застаюцца элементы, якія таксама патрабуюць сродкаў на ўтылізацыю. Для раёнаў, вобласці гэта стратна. Тым не менш упарадкаванне на зямлі не спыняецца.

Што датычыцца вызвалення ўчасткаў, то не заўсёды магчыма ўвесці іх у грамадскі севазварот: далёка ад калгаснага поля. Тады іх забіраюць суседзі.

— Нядаўна знеслі тры пабудовы ў аграгарадку Сакаўшчына. Зямельныя надзелы ўзялі людзі для садаводства і агародніцтва, — кажа Сяргей Глінскі. — У наступным годзе таксама плануем знесці 50 дамоў. Але пазбаўляемся адных — з'яўляюцца іншыя. Вёска старэе, людзі паміраюць, спадчыннікі, як правіла, раз'ехаліся па гарадах. Таму гэты працэс няспынны.

Ды парадак на зямлі, нягледзячы на цяжкасці, павінен захоўвацца, лічыць старшыня раённага Савета дэпутатаў. У наступным годзе, у прыватнасці, у раёне мяркуюць знесці яшчэ 50 дамоў. Участкі карыстаюцца найбольшым попытам у аўкцыённай зоне: у Ракаўскім, Пяршайскім, Дорскім сельсаветах і Івянецкім пассавеце. Гэтыя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі знаходзяцца бліжэй да Мінска. Што датычыцца іншых сельсаветаў, то асаблівага ажыятажу вакол надзелаў не назіраецца. Справа ў тым, што тут яшчэ з часоў панскай Польшчы была распаўсюджана хутарская сістэма. Спадчыннікі выкарыстоўваюць сядзібы сваіх бацькоў найбольш пад дачы.

Дом трэба пераводзіць у нежылое памяшканне або прадаваць з аўкцыёна. Перш яго павінна абследаваць камісія, а суд прызнаць пабудову безгаспадарнай, тады яна пераходзіць ва ўласнасць сельсавета і ён мае права ёй распарадзіцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Чыя ты, нічыйная сядзіба?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».