Вы тут

Доўла: Абіраць месца родаў — асабістая справа жанчыны


Даўней у беларускай вёсцы бабкай-павітухай была звычайна жанчына сталага веку. Яна з'яўлялася і акушэркай, і дзіцячым доктарам, і дарадчыцай парадзіхі, і памочніцай ёй па гаспадарцы ў першыя дні пасля родаў. Бабка-павітуха была вельмі паважаным чалавекам у вёсцы. Сяляне верылі ў магічную сувязь паміж павітухай і «павітымі» ёю дзецьмі. Маўляў, паводзіны бабкі могуць станоўча ці адмоўна паўплываць на здароўе і характар дзіцяці. Таму да павітух прад'яўлялі высокія патрабаванні: яны павінны былі быць веруючымі, добразычлівымі, акуратнымі, сумленнымі. Пры першым купанні бабка мела права даць немаўляці імя. Цесная сувязь дзіцяці і яго бацькоў з павітухай захоўвалася на працягу ўсяго жыцця.

Сёння ўся адказнасць за паспяховыя роды ляжыць цалкам на ўрачах-акушэрах і самой парадзісе. На змену ж бабкам-павітухам прыйшлі доўлы, гатовыя аказаць эмацыянальную, арганізацыйную і практычную падтрымку жанчыне падчас цяжарнасці, родаў і пасля. Толькі, у адрозненне ад бабак, яны не маюць права ўмешвацца ў сам працэс родаў.


Трывожнасць, прафесія, начныя «раз'езды»

— Самае складанае ў прафесіі доўлы — адрывацца ад уласнай сям'і. Праўда, датычыцца гэта толькі суправаджэння родаў. Усю астатнюю работу можна спланаваць так, як табе зручна. Многія лічаць, што вось прыйшла, за ручку парадзіху патрымала і ўсё! Куды там!? Тут галоўнае — не адлюстроўваць трывожнасць. Важна настроіцца і захоўваць адчуванне нейтральнасці і бяспекі. І гэта нягледзячы на тое, што ў мяне самой таксама могуць быць нейкія праблемы, клопаты — усё пакідаю дома. Цяжка зрывацца ноччу. Ведаеце, я не магла паехаць з дзецьмі на выхадных да бабулі ў іншы горад: «чакалі», калі тая ці іншая жанчына народзіць, — з усмешкай успамінае доўла Ліза Шэфер.

Цяпер Ліза не бярэцца суправаджаць роды. Са з'яўленнем на свет чацвёртага дзіцяці клапатлівая маці проста не можа сабе дазволіць экстранныя «раз'езды» па горадзе.

— Першыя мінімум паўгода пасля родаў ніколі не працую, бо ведаю, што гэта для мяне ўразліва, — кажа Ліза. — У нашай краіне доўлы пакуль няма ў рэестры прафесій, але ўсё да гэтага ідзе. На жаль, у большасці беларусаў доўла асацыюецца выключна з родамі. Не ведаю, чаму менавіта каля гэтай тэмы так усё раздзімаецца. Бо колькі ўсяго адбываецца да і пасля нараджэння дзіцяці!

Ліза з цеплынёй расказвае пра свой доўльскі гурток па падрыхтоўцы да родаў і жыцця з немаўляткам. Першы раз жанчына назвала сябе доўлай у 24 гады пасля таго, як другі раз стала мамай і вывучылася на кансультанта па грудным выкормліванні. А потым ужо былі спецыялізаваныя курсы для доўлы.

Свабода, міліцыя, белая варона

— Ой, яна з сынам і мужам. Цудоўна! — Ліза заўважае ў акне Лану Чаркашыну (адну з тых жанчын, якія скарысталіся доўльскімі паслугамі Лізы). — А які хлопчык ужо вялікі!

Ліза і Лана не бачыліся каля двух з паловай гадоў. Жанчыны спяшаліся падзяліцца падзеямі з жыцця, гутарылі пра падарожжы, побыт і, вядома, дзяцей.

— А ў майго Лёшкі такія «замашкі» пайшлі. Учора пасля прагулкі ў горадзе заявіў: «Давайце таксі закажам», — дзеліцца Лана.

— Ёсць у каго, — жартуе Ліза.

— Так, яшчэ засталося нешта ад таго жыцця, — крыху бянтэжыцца жанчына.

Страх расстацца з «тым» жыццём, як кажуць матулі, заўсёды пужае. І менавіта тут на дапамогу можа прыйсці доўла.

— Ліза паказала мне, што неабавязкова развітвацца са свабодай, да якой я вельмі прывязалася за 33 гады жыцця (смяецца). Яна зняла гэтае псіхалагічнае напружанне, быццам у адзін момант усё павінна стаць па-іншаму, — дзеліцца Лана. — Быў час, калі я адчувала сябе адной супраць усяго грамадства. Мы з мужам вырашылі загартоўваць сына з ранняга ўзросту. Аднойчы нясу дзіця ў слінгу, ножкі яго звісаюць (як і трэба), і тут пачынаецца з усіх бакоў: «Яму холадна. Купіце каляску!», «Яно ж захварэе. Куды вы, бацькі, гледзіце!?» На мяне нават адзін раз выклікалі міліцыю...

— Памятаю, як ты мне тады тэлефанавала, — падхапіла Ліза.

— Для мяне гэта быў шок, я пасля тры дні не магла выйсці з кватэры. Мяне назвалі «нездаровай маці, якая ходзіць і марозіць дзіця»! Ліза тады мяне моцна падтрымала. Я адчула, што не адна.

— І гэта ж лета было! — успамінае доўла. — Для тых, хто не ведае, слінга-шалік — гэта некалькі слаёў тканіны! Дзіця пацее ў ім заўжды!

Дрэды, хатнія роды, непрадказальнасць

— Па табе, Ліза, і не скажаш, што шматдзетная маці! — далучылася да нашай гутаркі Наталля Талай.

— І па табе таксама! — была радая бачыць сваю кліентку доўла.

— Так, але я стараюся больш такога «сталага» іміджу прытрымлівацца.

— А я вырашыла змяніцца, не гуляць у «як трэба і як прынята». Быць такой, якая ёсць. Ну вось даўно я хацела гэтыя дрэды, — указваючы на свае валасы, кажа Ліза.

— Мне здаецца, доўлу жанчына выбірае не па знешнім выглядзе, а інтуітыўна. Стыль зносін, словы, тэмы — вось гэта важна, — дадае Лана. — Мне Лізу ўвогуле на адным з форумаў для бацькоў параілі.

— А мы з ёй пазнаёміліся яшчэ да маёй трэцяй цяжарнасці праз агульных сяброў, — успамінае Наталля. — Муж на партнёрскія роды не згадзіўся, таму «падключыла» Лізу. На жаль, не ўсё атрымалася па плане: роды рэч непрадказальная (усміхаецца).

— Іншае пытанне, што доўле «падыходзяць» не ўсе. Я не магу пайсці на роды з чалавекам, які бачыць ува мне не тое, што я магу яму даць. Возьмем нават хатнія роды, на якія мяне аднойчы запрасілі як акушэрку. Так, у мяне шмат ведаў у псіхалогіі, «калямедыцынскіх», але я не ўрач! З той жанчынай я не стала працаваць, — тлумачыць Ліза. — Тут важна разумець розніцу: акушэрка сочыць за працэсам і ацэньвае роды, доўла — за жанчынай і яе эмацыянальным і фізічным камфортам.

Доўла ні ў якім разе не прапагандуе хатнія роды:

— Абіраць месца родаў — асабістая справа жанчыны. Задача дзяржавы — забяспечыць гэта права з захаваннем бяспекі для ўсіх удзельнікаў родавага працэсу. Хочацца, каб грамадскі рэзананс, які сёння выклікала тэма хатніх родаў, зрушыў праблему ў лепшы бок.

У Беларусі аказанне акушэрскай дапамогі дома незаконнае.

— Лічу, што жанчына павінна нараджаць у бяспечнай, камфортнай абстаноўцы. Асабіста я заўжды разумела, што дома нараджаць не хачу: трэба думаць, як усё арганізаваць. Я не змагла б цалкам пагрузіцца ў працэс, калі побач знаходзяцца старэйшыя дзеці і патрабуюць маёй увагі, — кажа Наталля.

Юрыдычная адказнасць, самаадукацыя, здзіўленыя позіркі

— Кожны ўрач на сваім працоўным месцы абмежаваны моцнай юрыдычнай адказнасцю за якасць медыцынскай дапамогі. Доўле ў гэтым плане крыху лягчэй. Нашы медыкі жывуць у гэтай сістэме і па-іншаму ніяк. Таму, напэўна, вось гэты дыялог «урач—доўла» пакуль у Беларусі не зусім наладжаны, — лічыць Ліза.

Доўла пастаянна ўдасканальвае свае веды. Навучанне ў асноўным праходзіць за мяжой або анлайн:

— У нашай краіне ўсе гэтыя мае сертыфікаты пакуль не прызнаныя, але не яны робяць мяне доўлай. Табе проста даюць інфармацыю. Увогуле, доўльства патрабуе шмат самаадукацыі.

— Ліза неяк расказвала, што на працягу месяца слухала пасляродавыя гісторыі матуль. Такі курс праводзіла адна амерыканская школа. І гэта вельмі каштоўна! Я адчула гэта на сабе, калі яна прыйшла да мяне на пасляродавае спавіванне, — кажа Наталля.

— А чаму на ролю доўлы не падыходзіць мама, сястра, бабуля? — пытаюся я. — Яны таксама могуць выслухаць.

— Магчыма, калі ў вас даверлівыя адносіны, тады гэта і «спрацуе». Мая сям'я глядзела на мяне і не разумела, чаго я хачу. Маўляў, нарадзіла два разы сама, зробіш гэта і трэці. Якая доўла? Навошта? Усё проста: мне таксама патрэбна ўвага! — тлумачыць Наталля.

— Ды я і сама адчуваю гэтыя здзіўленыя позіркі «а ты ўвогуле хто?», калі першы раз заходжу ў дом да кліентаў, — кажа Ліза.

— Мама, канешне, вельмі мне дапамагала з дзіцем. Гушкала маю дачушку, гуляла з ёю. Яна добра спраўляецца з роляй бабулі, але не больш, — дадае Наталля.

Здаровая псіхіка, шакаладны браўні, стаматолаг для стаматолага

— Мужчыны цяпер часцей бяруць невялікі адпачынак пасля нараджэння дзіцяці. Цікава, якога роду пытанні пачынаюць задаваць наваспечаныя таты. Калі раней гэта было нешта накшталт «Як дзіця купаць і карміць?», дык зараз «Як мая жонка сябе адчувае?», «Як магу ёй дапамагчы?» І гэта цудоўна! Бо што патрэбна для таго, каб немаўля расло здаровым? Здаровая мама са здаровай псіхікай! Увогуле, псіхалагічны стан жанчыны пасля нараджэння дзіцяці вельмі зменлівы. Пра адсотак пасляродавых дэпрэсій мала кажуць, а ён вялікі, — дзеліцца назіраннямі Ліза.

— Задача доўлы не ў тым, каб прыйсці і пастукаць пальцам па стале перад мужам «Жонка павінна ляжаць два тыдні пасля родаў, прынось ёй гарбату ў ложак кожны дзень». Не, доўла — гэта не аб тым. Гэта пра сям'ю, пра сістэму. Я павінна дапамагчы гэтай сістэме працаваць з малым на руках. Часам быць медыятарам паміж жанчынай і мужчынам ці нават іншымі сваякамі, каб ім было прасцей у новых ролях працягваць жыццё.

Цікава, але доўла і па хатняй гаспадарцы дапаможа, і вячэру з абедам прыгатуе.

— Мы з Лізай шакаладны браўні гатавалі! — падхоплівае Лана. — Увогуле, гэта такі просты, але вельмі патрэбны акт клопату аб жанчыне.

— А ці патрэбна доўле доўла? — пытаюся я.

— Канешне, гэта як стаматолагу патрэбен стаматолаг (хоць у розных родах могуць быць розныя патрэбы нават у адной і той жа жанчыны). Я, напрыклад, не магу сама сябе за ручку патрымаць і сказаць, што ўсё добра. У другіх і трэціх родах муж вельмі добра сыграў гэтую ролю. На чацвёртых родах ён быў заняты старэйшымі дзецьмі.

У найбліжэйшай будучыні Ліза плануе перавесці свае паслугі ў анлайн-фармат. На якасць гэта не паўплывае, а каштаваць будзе крыху танней.

* * *

— Ліза, у нас захавалася відэа, дзе я ўся такая сур'ёзная ў акулярах нашу Лёшку ў слінгу і пытаюся ў цябе «Ці ўсё я правільна раблю? Мне здаецца, яму нязручна ў галоўцы». Пры гэтым дзіця спакойна спіць. Цяпер гэта выглядае абсурдам! А тады мы толькі вучыліся быць бацькамі. Дзякуй за ўсё, — апранаючыся, на бягу «кінула» Лана.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Фо­та Ан­та­ні­ны ХА­ТЭН­КІ

Кампетэнтна:

Марыя ТАКУНОВА, урач акушэр-гінеколаг, кіраўнік Школы мацярынства і жаночага здароўя «Ліра»:

— У Беларусі з 2015 года ў радзільнях партнёрам у родах можа быць толькі муж ці маці. Тым самым выключаецца магчымасць удзелу на родах доўлаў. Тлумачэнне гэтаму адно. Вакол паняцця «доўла» сярод урачоў лунае шмат гісторый аб іх актыўным удзеле ў родавым працэсе. Лічыцца, што яны могуць адгаворваць жанчын ад прапанаванай анестэзіі, сумнявацца ў неабходнасці стымуляцыі, прытрымліваючыся выключна натуральных поглядаў на роды, не дапускаючы альтэрнатыў. У большасці сваёй гэтыя гісторыі далёкія ад рэальнасці, але акушэры-гінеколагі ім вераць. А калі менавіта ўрач нясе адказнасць за жыццё і здароўе жанчыны і дзіцяці ў родах, вельмі не хочацца ўступаць у канфрантацыю і ў нейкія неадкладныя моманты даказваць абгрунтаванасць сваіх дзеянняў.

Ні для каго не сакрэт, што партнёрская дапамога можа быць вельмі эфектыўнай. Парадзіха ў прысутнасці партнёра можа лепш расслабіцца, лягчэй перажываць боль, а гэта адназначна дапамагае добраму праходжанню родаў. Многія цяжарныя хочуць узяць з сабой на роды памочніка, але мужа ў якасці партнёра не разглядаюць. Ім хочацца нейкага больш чулага, беражлівага, менавіта жаночага клопату пра сябе. Таму ў гэтай ролі цалкам можа выступіць доўла.

Загаловак у газеце: Шлях Лізы, шлях доўлы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.