Вы тут

Колькі каштуе ажаніцца?


Пачуць ад свайго каханага прапанову стаць яго жонкай — адзін з найлепшых момантаў у жыцці кожнай дзяўчыны. Менавіта з гэтай хвіліны пачынаюцца ўсе вясельныя клопаты, якія патрабуюць пэўных грашовых выдаткаў.


Яшчэ ўчарашнія жаніх і нявеста, а сёння — муж і жонка Уладзімір і Людміла Малярэвічы (на фота) расказалі, колькі каштавала свята маладой сям'і:

— Адразу скажу, што цэны «кусаюцца». А з сучаснымі заробкамі памочніка ўрача і інжынера збіраць грошы прыходзіцца доўга. І нават калі ў вас ужо ёсць пэўная сума, без дапамогі бацькоў не абысціся. У нас адразу ўзнікла жаданне проста распісацца. Але мары пра белую сукенку і развагі наконт таго, што вяселле бывае толькі аднойчы ў жыцці, перамаглі. І мы прыняліся за справу, — дзеліцца Людміла.

Калі справа датычыцца такога мерапрыемства як вяселле, людзі, якія прапаноўваюць свае паслугі, быццам забываюць, што жывуць у Беларусі: цэны называюць выключна ва ўмоўных адзінках. Выключэннем стаў толькі загс:

— Спярша аднеслі заяву ў загс. За роспіс трэба заплаціць дзяржпошліну ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь у залежасці ад таго, які від рэгістрацыі вы выбіраеце. Калі гэта не ўрачысты роспіс — 1 базавая, напалову ўрачысты — 2, урачысты — 3 базавыя велічыні. Самы дарагі від — гэта выязная рэгістрацыя. Яна каштуе 10 базавых. Мы абралі звычайны ўрачысты роспіс. Ён абышоўся ў 69 рублёў, — расказвае Уладзімір.

Наступным этапам для маладых стаў падбор вясельных касцюмаў. Падчас яго звычайна прыходзіцца траціць не толькі шмат грошай, але і шмат часу. І калі купіць касцюм для жаніха не выклікае асаблівых цяжкасцяў, то выбар сукенкі можа стаць сапраўднай праблемай для дзяўчыны. Трэба ж выбраць менавіта «сваю», каб адпавядала постаці, упрыгожвала, а галоўнае — падабалася самой маладой.

— Касцюм для Валодзі знайшлі хутка і заплацілі даволі танна — 450 рублёў. Сваю сукенку прымярала ў трох салонах і нарэшце знайшла такую, як і хацела: каб цана была прымальная і якасць. Брала яе напракат, каштавала гэта разам з вэлюмам і астатнімі дробязямі 790 рублёў.

Пакупка ўбрання для маладой абыходзіцца ў сярэднім у 900—1000 беларускіх рублёў.

Калі з прапанаваных варыянтаў нельга нічога выбраць, можна пашыць сукенку на заказ. Гэта паслуга будзе каштаваць ад 1000 рублёў і больш, — кажуць Малярэвічы.

Але маладой яшчэ патрэбна зрабіць макіяж і прычоску. Такія ўпрыгожванні будуць каштаваць у межах 120 рублёў. Апошнім часам пайшла тэндэнцыя рабіць пробныя макіяж і прычоску. Гэта таксама платная паслуга, якая ацэньваецца ў 80—100 рублёў.

Важным элементам на вяселлі з'яўляюцца заручальныя пярсцёнкі. Па традыцыі, яны павінны быць гладкія, без аніякіх гравіровак і ўставак, каб сямейнае жыццё было без перашкод. Маладыя кіраваліся менавіта гэтым прынцыпам.

— Нам пашчасціла, мы трапілі на 30% зніжкі, таму пярсцёнкі нам абышліся ў 570 рублёў. А калі б крыху памарудзілі, плацілі б ужо 800 рублёў, — задаволена расказвае галава сям'і.

Калі жаніх і нявеста ўжо апранутыя, застаюцца арганізацыйныя пытанні:

— Тамаду мы знайшлі за 600 рублёў, — распавядаюць Уладзімір і Людміла. — У фатографа аплата пагадзінная. За чатыры гадзіны — 160 рублёў. Паслугі відэёграфа абышліся ў 490 рублёў. Шмат грошай патрэбна на дэкор залы — 460 рублёў, фужэры і ўпрыгожаныя бутэлькі — 30, бутаньеркі — 5 рублёў за адну, бамбаньеркі — 50 рублёў, патрэбна таксама купляць прызы для гасцей — гэта каля 100 рублёў, свечкі — 28 рублёў, вясельны торт — 150 рублёў, заказ у рэстаране на чалавека — 70 рублёў, і яшчэ шмат розных дробязяў. Увогуле, мы падлічылі, што вяселле нам абышлося амаль у 8 тысяч беларускіх рублёў. Але мы ні аб чым не шкадуем. Бо памяць, якая ў нас засталася, бясцэнная.

Анастасія ГРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?