Вы тут

Медыяцыя — шанц выйграць для ўсіх


З дапамогай медыяцыі — працэдуры пазасудовага пагаднення бакоў — можна будзе вырашаць школьныя канфлікты і дамаўляцца па крымінальных абвінавачваннях, дзе прадугледжана нязначнае пакаранне, а падстава для пачатку справы — заява фізічнай асобы. Пакуль у Беларусі найбольш перспектыўна медыяцыя працуе ў сферы сямейных праваадносін, бо гэта тыя канфлікты, якія людзі не вельмі хочуць агучваць у судзе, аднак і паміж сабой дамовіцца не могуць, расказаў пра магчымасці развіцця медыяцыі ў краіне міністр юстыцыі Беларусі Алег СЛІЖЭЎСКІ на міжнародным семінары «Судовая медыяцыя».


— Спосабы пазасудовага вырашэння канфліктаў існуюць даўно. Гэта і трацейскае правасуддзе, і дзейнасць былога рэспубліканскага працоўнага арбітражу, у рабоце якога назіраліся пэўныя элементы пасрэдніцтва пры вырашэнні працоўных спрэчак. Закон аб медыяцыі прыняты ў Беларусі ў 2014-м, аднак дагэтуль спектр галін, дзе яна можа прымяняцца, дастаткова вузкі, і мы працуем над яго пашырэннем, — падкрэсліў ён. — У 2018-м з дапамогай Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) пачнецца, напрыклад, пілотны праект па прымяненні медыяцыі ў некаторых школах.

Да 85% канфліктаў у краінах, дзе медыяцыя працуе даўно, вырашаюцца менавіта з яе дапамогай. Аднак казаць, што медыяцыя прымяняецца ў Беларусі паспяхова, яшчэ рана. У нашай прававой культуры і менталітэце вельмі вялікі ўзровень даверу да судовых рашэнняў. Наш чалавек, калі ўзнік канфлікт, павінен атрымаць судовае рашэнне, дакумент з пячаткай. Такое становішча, вядома, не падштурхоўвае людзей да мірнага вырашэння спрэчак праз медыяцыю, перакананы Валерый МІЦКЕВІЧ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:

— Заканадаўча замацоўваць прымяненне медыяцыі ў некаторых катэгорыях грамадзянскіх спраў памылкова. Наша задача — сфарміраваць у людзей гатоўнасць і патрэбнасць да прымірэння, — пагадзіўся з міністрам юстыцыі яго намеснік Мікалай СТАРАВОЙТАЎ. — Медыяцыя — спосаб урэгулявання спрэчкі, які дае яе ўдзельнікам унікальную магчымасць не згубіць усё, а захаваць партнёрскія адносіны.

Гаворачы пра вопыт медыяцыі ў Германіі, пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр ДЭТМАР падкрэсліў, што ў нашай краіне «трэба выкарыстоўваць нямецкае права з улікам нацыянальных асаблівасцяў Беларусі, а не капіраваць адзін да аднаго. Гэта станецца выйгрышным для абодвух бакоў».

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?