Вы тут

Беларусь — Узбекістан: перспектывы супрацоўніцтва


Падчас перамоў у Сочы Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмяняліся ідэямі аб тэмпах і перспектывах развіцця беларуска-ўзбекістанскіх адносін. Беларускі лідар таксама атрымаў запрашэнне наведаць з візітам Узбекістан у 2018 годзе. Што з сябе ўяўляе Узбекістан сёння і якія перспектывы развіцця паўнавартаснага супрацоўніцтва?


Узбекістан з'яўляецца самай населенай краінай Цэнтральнай Азіі, больш за палову насельніцтва ўсяго рэгіёна, 33 мільёны чалавек, сканцэнтравана на яго тэрыторыі. Пры гэтым па памеры тэрыторыі Узбекістана далёка адстае ад населенага ў два разы менш Казахстана. Ён мае 448,978 км2 на фоне 2 724,900 км2 у Казахстана. У той жа час і наяўнай тэрыторыі хапае, каб зрабіць Узбекістан вельмі важнай краінай Цэнтральнай Азіі, у тым ліку з-за суседства з такой важнай для лёсаў рэгіёна краінай, як Афганістан.

Нельга не адзначыць і ролю Узбекістана ў справе забеспячэння рэгіянальнай бяспекі. Размешчаная на скрыжаваннях гандлёвых шляхоў дзяржава з'яўляецца жаданым маршрутам для наркагандляроў і тэрарыстаў. Больш за тое, ісламскія экстрэмісцкія групоўкі, у тым ліку «Ісламскі рух Узбекістана» (ІРУ) і «Ісламская дзяржава» (ІД) хочуць дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і прыйсці да ўлады. Таму ў цеснай каардынацыі з зацікаўленымі краінамі Узбекістан актыўна ажыццяўляе меры па барацьбе з гэтымі выклікамі. Ажыццяўляецца таксама эфектыўнае ўзаемадзеянне ў барацьбе з іншымі сучаснымі выклікамі, транснацыянальнай злачыннасцю, а таксама ў сферы кібербяспекі.

Нельга не падкрэсліць і значэнне Узбекістана як рэсурснай базы для развіцця рэгіёна. Узбекістан з'яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў уласнага прыроднага газу для велізарнай кітайскай эканомікі і дае сваю тэрыторыю для дастаўкі прыроднай сыравіны ў Кітай з іншых краін рэгіёна. Уклад у энергетычную бяспеку КНР, вядома ж, вельмі пазітыўна ацэньваецца яе кіраўніцтвам. Гэта стварае для Узбекістана дадатковыя магчымасці па паспяховым супрацоўніцтве з Кітаем, нягледзячы на адсутнасць агульнай мяжы. У прыватнасці, у найбліжэйшыя месяцы будзе ажыццяўляцца грандыёзны праект па развіцці шаўкаводства ва Узбекістане. Кітайскія партнёры паставяць у краіну 10 мільёнаў саджанцаў тутаўніка трох сартоў, адпаведных кліматычным умовам Узбекістана.

Агульным фактарам для Беларусі і Узбекістана з'яўляецца адсутнасць выхаду да Сусветнага акіяна на ўласнай тэрыторыі. Гэта выклікае падобныя праблемы ў знешняй палітыцы і эканоміцы, паспяховае вырашэнне якіх важнае для нацыянальнай бяспекі абедзвюх краін і можа стаць дадатковым фактарам паспяховага ўзаемаразумення.

У сферы знешняга гандлю можна адзначыць пазітыўную тэндэнцыю апошняга года. У студзені—ліпені 2017 года тавараабарот дзвюх краін сур'ёзна вырас. Экспарт склаў 43 мільёны долараў (244 працэнты ад леташняга ўзроўню), імпарт таксама вырас на
18,4 працэнта. Вядома, гэта нашмат менш пікавых значэнняў 2012—2013 гадоў, калі гадавы экспарт беларускіх тавараў даходзіў да 90—95 мільёнаў долараў, але гэта ўжо крок у правільным кірунку.

Для развіцця вытворчай кааперацыі важнай можа стацца прапанова беларускага Прэзідэнта па выкарыстанні беларускіх тэхналогій у сферы перапрацоўкі бавоўны ў таварную прадукцыю на тэрыторыі Узбекістана. Цяпер беларуская прамысловасць ужо прадстаўлена на тэрыторыі краіны. У Ташкенце функцыянуе сумеснае прадпрыемства па зборцы тэхнікі «Амкадор».

Прыемна таксама адзначыць, што ў лютым наступнага года ва Узбекістане пройдуць Дні культуры Беларусі. Гэта знак цікавасці і павагі да беларускага боку, які з'яўляецца добрай асновай для нарошчвання супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. Пры гэтым адзначу, што культура самога Узбекістана значна паўплывала на сусветную цывілізацыю, з'яўляючыся адной з самых старажытных у Еўразіі. Бухара і Самарканд — прывабныя аб'екты для турыстаў усяго свету, ахвотных акунуцца ў атмасферу глыбокай гісторыі, што, несумненна, паспрыяе і развіццю турызму з Беларусі. Сур'ёзныя меры па развіцці турызму ў Беларусі, прынятыя ў апошнія гады, таксама дазволяць разлічваць на сустрэчную цікавасць з Узбекістана.

Несумненныя і перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Тысячы студэнтаў з Туркменістана, якія навучаюцца ў Беларусі, павінны стаць добрай рэкламай для прыцягнення студэнтаў і з Узбекістана.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук, прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.