Вы тут

Мінабароны правяло семінар з кіраўнікамі рэспубліканскіх СМІ


На семінар з кіраўнікамі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, які не першы год праводзіцца міністрам абароны, гэтым разам прадстаўнікі масмедыя ляцелі на верталётах. І не таму, што ваенны гарадок Заслонава, дзе дыслакуецца 19-я гвардзейская асобная механізаваная брыгада, недаступны для аматараў аўтатранспарту або знаходзіцца далёка ад сталіцы. Журналісцкая супольнасць атрымала ўнікальную магчымасць як мага бліжэй пазнаёміцца з новымі верталётамі Мі-8 МТВ-5, якія ў мінулым снежні паступілі на ўзбраенне беларускай арміі.


Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ звярнуў увагу на тое, што сустрэча праходзіць у вельмі няпростай інфармацыйнай абстаноўцы. Перш чым пачаць семінар, кіраўнік ваеннага ведамства выказаў глыбокія спачуванні сям'і загінулага ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча і паабяцаў, што ўсе вінаватыя, а таксама тыя, хто сваімі бяздзеяннем і абыякавасцю прывёў да такой сітуацыі, абавязкова панясуць пакаранне.

Акрамя таго, міністр абароны заклікаў бацькоў звярнуць увагу на выхаванне дзяцей. «Не толькі для арміі: у арміі мы робім усё дзеля гэтага, — удакладніў ён. — Як адносіцца старэйшы да малодшага, моцны да слабага — гэта важна. Калі вас нешта хвалюе, звярніцеся да камандзіра часці, у якой служыць ваш сын: камандзір абавязаны прыняць рашэнне, іначай не будзе займаць гэтую пасаду — я гэта гарантую. Калі не давяраеце камандзіру, ёсць іншыя сілавыя структуры. Штомесяц вядзе прыёмы міністр абароны, у тым ліку ў раёнах, абласцях: нішто не перашкаджае прыйсці і расказаць мне пра сваю праблему. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам змяніць сітуацыю».

У выніку адбыўся адкрыты дыялог міністра абароны з кіраўнікамі айчынных СМІ. Затым кіраўнік ваеннага ведамства асабіста пазнаёміў удзельнікаў семінара з вайсковай часцю. Здавалася, больш чым ён пра славутую 19-ю брыгаду (раней дывізію) не ведае ніхто. І гэта не дзіва: тут, у Заслонаве, прайшлі 11 гадоў службы Андрэя Раўкова.

Паказальныя выступленні.

Наша знаёмства са злучэннем пачалося з розыгрышу эпізоду тактычных заняткаў. Амаль рэалістычныя дзеянні мотастралковага ўзвода на блокпасту і захоп умоўных ваеннапалонных разведвальнай групай яшчэ раз прадэманстравалі баяздольнасць нашай арміі. Вайскоўцы ў любую хвіліну гатовы выканаць пастаўленую задачу, а дапамагаюць ім у гэтым сучасная ваенная тэхніка і ўзбраенне, з асноўнымі ўзорамі якой можна было дэталёва азнаёміцца.

Прадстаўнікі масмедыя на свае вочы ўбачылі, у якіх умовах жывуць байцы, якім чынам адбываецца іх медыцынскае забеспячэнне, а чым, у рэшце рэшт, харчуюцца абаронцы Айчыны, нават удалося прадэгуставаць. Удзельнікі семінара ўбачылі і ўсе сучасныя, а таксама перспектыўныя ўзоры ваеннага адзення. А з некаторымі відамі стралковай зброі кіраўнікі СМІ знаёміліся падчас практычных стрэльбаў, у якіх яны непасрэдна прымалі ўдзел.

Намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іван ЭЙСМАНТ кожны год удзельнічае ў падобных семінарах. «Па-першае, як любога мужчыну, мяне цікавіць армейская тэма, — прызнаўся ён. — Па-другое, з вопытам разумееш, што роля арміі ў дзяржаве вельмі высокая. Што бывае, калі арміі няма, мы бачым на прыкладзе суседніх і іншых краін. Падчас такіх мерапрыемстваў можна сваімі вачамі ўбачыць, як развіваецца беларуская армія».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эксклюзіўная адкрытасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.