Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы


У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны.

— Некалі ўсё было: і школа, і магазін, у калгасе працавалі, у лясніцтве, на чыгунцы, людзей было шмат, многа моладзі на танцы збіралася, — расказвае 82-гадовая Раіса Лебедзева. — А цяпер нас засталося трое. Яшчэ дзве суседкі аднаго са мной веку: Люба і Вольга. Вось так і жывём.


Як толькі мы са старшынёй Жамчужненскага сельскага Савета Валерыем Германам зайшлі да Раісы Уладзіміраўны і павіталіся (28 верасня. — Аўт.), гаспадыня найперш пацікавілася, ці будзе сёлета сустрэча ў Доме культуры з нагоды Дня пажылых людзей. І пачуўшы ў адказ, што такая сустрэча запланаваная на 3 кастрычніка, паведаміла, як яны ўжо рыхтуюцца да вечарыны.

Валерый Міхайлавіч заўважыў, што сельсавет вялікі, у яго склад уваходзяць дзясяткі населеных пунктаў. Таму мерапрыемстваў для пажылых людзей праводзіцца некалькі. Пенсіянеры з тых вёсак, якія раней уваходзілі ў склад калгаса з цэнтрам у Сеўруках, і збяруцца ў Сеўруках. Спонсарам вечароў выступае цяперашняя гаспадарка — ААТ «Птушкафабрыка «Дружба». На гэты дзень сельгаспрадпрыемства выдзяляе аўтобус, які праязджае па населеных пунктах і падвозіць удзельнікаў свята. Потым, зразумела, развозяць па дамах. Усе загадзя рыхтуюцца, дастаюць святочныя ўборы, некаторыя гатуюць смачныя пірагі, каб пачаставаць сяброў-знаёмых.

Да прыезду герояў дня сталы ўжо накрываюцца, прыязджаюць самадзейныя артысты, каб даць душэўны канцэрт. Ну, і ў канвертах грашовая дапамога ў гонар Дня пажылых людзей прадугледжана.

— Для нас гэта сапраўднае свята, — расказвае Раіса Уладзіміраўна. — Мы ж цэлы год не бачымся. А раней многія працавалі ў адным калгасе або жылі па суседстве, а потым раз'ехаліся, калі стварылі сем'і. Ёсць нават тыя, якія ў школе ў адзін клас хадзілі, а сёння ім ужо за семдзесят. Уяўляеце, як цікава сустрэцца, пагаварыць пра дзяцей-унукаў, расказаць навіны за год? А яшчэ любім пагаманіць пра сваю старасць, у кожнага яна розная. І самае галоўнае — успомніць, якімі былі некалі, як жылі раней. Ведаеце, гэта сустрэча — як свята нашай маладосці. Мы забываем пра ўзрост, спяваем песні ранейшых гадоў, можам і патанцаваць. Таму і чакаем дня сустрэчы.

Гэтым разам Раіса Уладзіміраўна, вядома ж, расказвала сваім сяброўкам юнацтва пра тое, што ўдалося нарэшце памяняць крыж на ўездзе ў Дзеткавічы. Гэта зроблена найперш яе клопатам. Менавіта яна тэлефанавала ў сельскі Савет, паведамляла, што стары крыж згніў, вось-вось разваліцца, тэрмінова патрабуе замены. Валерый Герман дамовіўся з мясцовым прадпрымальнікам. Ігар Дубіна на сваім прадпрыемстве зрабіў новы крыж, які і прывезлі ў вёску. Устанаўліваць галоўны вясковы атрыбут-абярэг узялася сям'я Раісы Лебедзевай. Цяпер Раіса Уладзіміраўна яго даглядае, павесіла самаробныя ручнікі, праполвае траву. Дачка яе той крыж пафарбавала. І ён дыхтоўны, трывалы, бачны здалёк.

Старшыня сельскага Савета расказаў, што Раіса Лебедзева заўсёды адрознівалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Калі паўстала пытанне аб добраўпарадкаванні могілак, яна хадзіла па дамах, размаўляла з людзьмі, потым збірала грошы, за якія ўдалося знесці вялікія дрэвы. Яшчэ колькі гадоў таму Раіса Уладзіміраўна была душой на любым святочным мерапрыемстве, бо любіць паспяваць, павесяліцца. Цяпер гады крыху бяруць сваё.

Але бабуля Рая не здаецца, гадуе курачак, садзіць агарод і бульбу. Яна нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы. Працавала і на чыгунцы, і ў калгасе. Расказала, што бацьку свайго не памятае, бо загінуў ён на вайне. Маці адна гадавала траіх дачок. Праўда, старэйшая сястра памерла ў дзень свайго 18-годдзя. Вось ёй ды сваім бацькам нядаўна памяняла помнікі на вясковых могілках.

— Такія ў мяне цяпер клопаты, — расказвае Раіса Уладзіміраўна. — Мая бабуля пражыла 96 гадоў, мама — 75, невядома, колькі мне адведзена, але ж трэба варушыцца, нешта рабіць, пакуль жывы.

У 82-гадовай жыхаркі Дзеткавічаў трое дзяцей. Уладкаваліся яны недалёка: двое ў суседняй вёсцы Палонка, адзін у Баранавічах. Усе прыязджаюць, матулі дапамагаюць па гаспадарцы, прывозяць усё неабходнае. Два разы на тыдзень у вёску заязджае аўтакрама. Да машыны ідуць дзве пенсіянеркі, трэцяя ўжо занадта слабая. «Прывозяць усё-ўсё, не горш за тыя «еўраопты», толькі б грошы былі, — гаворыць бабуля Рая. — Але ж пенсію, дзякуй богу, атрымліваем. Бульбу выкапалі, агарод прыбралі, будзем зімаваць ды вясну чакаць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Дзень пажылых людзей стаў нібы святам нашай маладосці»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».