20 Люты, аўторак

Вы тут

Іван Броўка: На гульнях мама заўсёды п'е заспакаяльныя


Іван Броўка адкрыта і з гумарам расказвае пра сваё жыццё ў гандболе і за яго межамі.

Практычна 20 гадоў ён выступае за нацыянальную зборную, а вось у яго клубнай біяграфіі было не так шмат камандаў — мінскі СКА, «Дынама», украінскі ЗТР і нямецкі «Мельзунген». Шмат у каго менавіта з прозвішчам Броўка асацыюецца беларускі гандбол, тым не менш Івана з лёгкасцю можна занесці ў спіс самых негаварлівых (з журналістамі) спартсменаў краіны, хоць ён заўсёды быў улюбёнцам публікі. Сёння Броўка перарваў сваё маўчанне і расказаў пра галоўныя этапы сваёй кар'еры, легіянерскі лёс і пра тое, як пачынаўся яго шлях у гандболе.


— У школе, у класе 3—4-м глядзеў, як гуляюць старэйшыя хлопцы, потым трэнер і мяне запрасіў на заняткі. Прыйшоў, паспрабаваў, мне спадабалася, хоць тады мы гулялі, мусіць, ва ўсе віды спорту, — расказвае Іван. — Пасля 8 класа мяне ўжо перавялі ў іншую школу ў спецыяльны гандбольны клас.

— Бацькі актыўна прымалі ўдзел у вашым станаўленні як спартсмена?

— Яны да гэтага часу ўдзельнічаюць, ходзяць на ўсе мае гульні, што адбываюцца ў Мінску. Калі быў малады, у нас нават адбылася размова пра тое, што мне не падабаецца іх прысутнасць на трыбуне. Ведаю, што на гульнях мама заўсёды п'е заспакаяльныя, дагэтуль так і не змог нічога з гэтым зрабіць, застаецца толькі гуляць як мага лепш, каб таблетак было менш (усміхаецца). А тады, у спецкласе, моцна ўпала мая вучоба, таму бацькі былі супраць гандбола, але мне ўдалося выправіцца.

— Васьмікласнік Іван Броўка адрозніваўся чымсьці ад сваіх аднагодкаў?

— Быў маленькім, худзенькім — калі толькі гэтым. Трэніраваўся, стараўся, і з часам у мяне стала нешта атрымлівацца ў гандболе. У юным узросце нават падумаць не мог, што гэтая гульня зацягне мяне надоўга. Прафесійны ўзровень пачаўся дзесьці з 17 гадоў, калі я трапіў у СКА.

— Як гэта адбылося?

— А вось тут цікавая гісторыя. Пасля таго як мы выйгралі серабро на юніёрскім чэмпіянаце свету, планавалася, што ўсе хлопцы з нашай зборнай, а гэта, можна сказаць, «Аркатрон-2», паступяць у адну навучальную ўстанову і працягнуць гуляць разам. Але, як той казаў, штосьці пайшло не так. Самых перспектыўных забралі ў аснову «Аркатрона», а астатнім, у тым ліку і мне, сказалі: «Выбачайце, шукайце сабе клубы». Па вялікім рахунку мы аказаліся нікому не патрэбныя, многія таленавітыя хлопцы тады скончылі з гандболам, наш 80-ы год знік. І ў СКА таксама з распасцёртымі абдымкамі мяне ніхто не чакаў.

Муж сястры тады працаваў у аэрапорце, а каманда Мірановіча ляцела на нейкую гульню, Уладзімір падышоў да Спартака Пятровіча і спытаў: «Вы Броўку ведаеце?» Мірановіч адказаў станоўча, на што швагер сказаў: «Дык забірайце яго да сябе!» Яны дамовіліся, што па прылёце Уладзімір прыйдзе на трэніроўку СКА для размовы. У выніку Спартак Пятровіч дазволіў мне паспрабаваць свае сілы ў СКА.

— Першая трэніроўка з армейцамі вас, напэўна, уразіла.

— Вядома, мы тады з Андрэем Курчавым былі самыя маладыя — 17—18 гадоў, астатнім хлопцам па 22—23. Сустрэлі нас, як звычайна сустракаюць маладых, ганялі па поўнай праграме, па-спартыўнаму выхоўвалі. Заўсёды так было. Але калі працаваў, стараўся, выкладваўся на ўсе 100%, то старэйшыя цябе толькі падтрымлівалі, а вось калі сачкаваў, вядома, даставалася.

Наогул, за сваю кар'еру мне пашчасціла пагуляць з вялікімі гандбалістамі — Канстанцінам Шараваравым, Міхаілам Якімовічам, Андрэем Барбашынскім, Андрэем Парашчанкам.

— У СКА ўпершыню пачалі атрымліваць зарплату?

— Да гэтага на зборах нам давалі нейкія грошы — сутачныя, на марожанае можна сказаць. А ў 17 у СКА я атрымаў сваю першую зарплату. Здавалася, гэта такія вялікія грошы, што я не ведаў, што з імі рабіць. Мама з татам разам зараблялі прыкладна столькі ж. Пасля ўжо пачаў адкладваць на сваю першую машыну.

— Як склаўся ваш першы легіянерскі вопыт?

— Праз 5 гадоў гульні ў СКА паўстала дзве прапановы — Славенія і Украіна. Выбраў запарожскі ЗТР, усё ж там была магчымасць пазбегнуць моўнага бар'ера, плюс з многімі ў гэтым клубе я быў ужо знаёмы. Не памятаю нават назву славенскага клуба, але ведаю, што з часам ён разваліўся, таму выбар я дакладна зрабіў правільны. У ЗТР даволі хутка ўліўся ў калектыў, нават не адчуў асабліва, што гэта іншая краіна. У камандзе былі партнёры, заўсёды гатовыя падтрымаць.

— З Германіяй усё было па-іншаму?

— Ва Украіне прапаноўвалі яшчэ застацца, я пагуляў там тры гады, але мне хацелася штосьці памяняць, да таго ж я ўсё жыццё марыў гуляць у Германіі, у Бундэслізе. Доўга размаўлялі з агентам, я быў гатовы на любыя ўмовы, нават ехаць на прагляд за свае грошы. Так і атрымалася, было 3—4 клубы для прагляду, але прыехаў у першы «Мельзунген» і застаўся там на доўгія 6 гадоў.

З пачатку было вельмі цяжка. У першую чаргу моўны бар'ер, дома тры месяцы штодня займаўся з рэпетытарам, а калі ў Германіі мяне сустрэлі ў аэрапорце і нешта пачалі расказваць, я не разумеў ні слова. Ну і, вядома, у немцаў зусім іншыя менталітэт і ўклад жыцця. Паціху ўліўся, прывык. Цяпер у мяне там засталося шмат добрых сяброў.

— А калі браць гульнявы складнік, усё атрымлівалася?

— У цэлым мне падабалася ў гэтым клубе. Калі я прыйшоў, «Мельзунген» толькі прабіўся ў Бундэслігу і рабіў там першыя крокі. Потым па вялікім рахунку заўсёды быў недзе ў сярэдзіне, а цяпер стабільна добра выступае. Адразу ў мяне не было шмат гульнявога часу, усё прыходзіла паступова, гуляў па 15 хвілін, потым 30. Але былі перыяды, калі сядзеў на лаўцы і нават на трыбуне. Гэта вельмі непрыемна, цяжка пераадолець псіхалагічна, але я неяк перажыў і дамогся таго, каб трэнер мне давяраў.

— Чаму пасля шасці гадоў у Германіі вы ўсё ж такі вырашылі паехаць?

— Было шмат спадарожных момантаў. Прыйшоў новы трэнер і пачаў будаваць іншую каманду. Мы пагаварылі з ім сумленна і адкрыта. Ён сказаў, што я падабаюся кіраўніцтву і нават яму, але ёсць немец, які будзе першым нумарам, яшчэ два маладыя будуць аспрэчваць другое месца, а я трэці ў складзе на сваёй пазіцыі. Фактычна гэта значыць, што на пляцоўку я выходзіць амаль не буду. На той момант мне было 31—32, вядома, хацелася яшчэ гуляць. Была прапанова застацца ў Германіі, я доўга думаў над гэтым. Дачка хадзіла там у дзіцячы садок, ужо цалкам размаўляла на нямецкай мове, некаторыя яе фразы не разумеў нават я, таму трэба было вырашаць, альбо мы застаёмся ў Германіі назаўжды, альбо назаўжды пераязджаем у Беларусь. Вырашылі вярнуцца, таму што заўсёды хацеў жыць у сваёй краіне, вельмі люблю Мінск. Калі вяртаўся, работнікі на мяжы мяне пазналі, убачылі перагружаную рэчамі машыну і відавочна не зразумелі мой выбар, сказаўшы: «Ваня, усе наадварот спрабуюць з'ехаць, а ты вяртаешся...»

— Так у вашай кар'еры з'явілася мінскае «Дынама». З якімі эмоцыямі ўспамінаеце той перыяд?

— Толькі са станоўчымі, мне там вельмі падабалася. Падабраўся добры калектыў, трэнерскі штаб, кіраўніцтва, але ўсё змянілася, калі прыйшоў Дэніч.

— Вы вярнуліся ў родны СКА і не гледзячы падпісалі кантракт.

— Так яно і было. Я проста спытаў, дзе падпісаць. І ў гэтым годзе кантракт не чытаў, калі падаўжалі. У нас з Паўлам Галкіным і Андрэем Крайновым быў і ёсць поўны давер.

— Вы 19 гадоў запар выступаеце за зборную. Як ставіцеся да гульняў за нацкаманду?

— Тыя пачуцці, якія адчуваеш, гуляючы за зборную, цяжка апісаць словамі. За краіну выступаць заўсёды цяжка, таму што гэта зусім іншая адказнасць.

— «Калі надзяваеш форму, ты становішся іншым чалавекам».

— Гэта мае словы (смяецца). Сапраўды, на пляцоўцы і ў жыцці я зусім розны. У гульні раблюся агрэсіўным, па-спартыўнаму злым. У жыцці я таксама, вядома, не падарунак, але, напэўна, усё ж такі менш эмацыянальны.

— Іван Броўка — самы вядомы гандбаліст у Беларусі?

— Не, у нас столькі алімпійскіх чэмпіёнаў! А калі казаць пра сучаснасць, то, думаю, Сяргей Рутэнка па-за канкурэнцыяй.

— А па тым, як вас вітаюць трыбуны, здаецца, што вы.

— Проста Сяргей не так доўга гуляў у Беларусі. Заўсёды вельмі прыемна, калі за мяне хварэюць, праяўляюць сімпатыю. Дзякуй за гэта. Да мяне і з крытыкай падыходзяць, выдатна на гэта рэагую, можа нават лепш, чым на пахвалу.

— Пасля матчаў вы заўсёды першым стараецеся пакінуць пляцоўку.

— Так, проста я не люблю падвышаную ўвагу да сябе, за гады сваёй кар'еры я да яе так і не прывык.

— І вельмі рэдка размаўляеце з журналістамі...

— Гэта звязана з маім характарам, не люблю выносіць асабістае і спартыўнае жыццё на паказ. Хаця я спрабаваў сябе ў ролі журналіста ў сумесным праекце з футбольным клубам БАТЭ, можна сказаць, пабываў у вашай «шкуры», разумею, што непрыемна чуць адмову, але не магу нічога з сабой зрабіць.

— Ёсць мара ў гандболе, якую вам пакуль так і не ўдалося спраўдзіць?

— Я выдатна разумею, да чаго вы хіліце. У кожнага спартсмена ёсць гэтыя мары — Алімпійскія гульні, Ліга чэмпіёнаў. Але трэба рэальна глядзець на рэчы, калі яны дасягальныя і калі не. Бывае так, што мары застаюцца толькі марамі.

— Ці былі моманты, калі хацелася завяршыць кар'еру?

— Часам пасля няўдалых гульняў хочацца гэта зрабіць, але трэба памятаць, што пасля дрэнных матчаў заўсёды здараюцца добрыя, а пасля іх гуляць хочацца яшчэ больш.

— Што сёння ўтрымлівае вас у гандболе?

— Я раблю тое, што люблю, думаю, без яго мне будзе складана.

— Неяк казалі, што сакрэт вашага даўгалецця ў спорце — гэта добрае аднаўленне. Які адпачынак для вас самы лепшы?

— Безумоўна, гэта час, праведзены з сям'ёй. Дома мы стараемся як мага менш размаўляць пра гандбол, таму што яго і так вельмі шмат у маім жыцці, хоць, вядома, без такіх гутарак не абыходзіцца.

— Хто сёння вашыя сябры?

— Я ўмею знаходзіць агульную мову з людзьмі — і з дарослымі, і з маладымі, таму маю зносіны не толькі са спартсменамі. З гандбалістаў у добрых адносінах з Сяргеем Рутэнкам, Андрэем Курчавым, які цяпер у Германіі, з Аляксандрам Пацыкайлікам.

— Што значыць для вас 37?

— Падвышаная тэмпература цела або спякота на вуліцы (смяецца), але гэта дакладна не мой узрост. Пасля дрэннай гульні адчуваю сябе на ўсе 55, а на самай справе, вядома, я не адчуваю сябе на свае гады. Вядома, сёння я аднаўляюся даўжэй, чым маладыя гульцы, трэнеры гэта разумеюць і ідуць мне насустрач, дзесьці больш даюць адпачыць. Дзякуй ім за гэта.

— Што б вы сказалі сабе 18-гадоваму?

— Нічога. Мне здаецца, у сваёй кар'еры я рабіў правільны выбар, у тым ліку дзякуючы старэйшым таварышам, прымаў верныя рашэнні.

Біяграфічная даведка

Прафесійную гульнявую кар'еру Іван Броўка пачаў у 17-гадовым узросце ў мінскім СКА. У чэрвені 2002 года ў рангу найлепшага бамбардзіра беларускага першынства падпісаў кантракт з украінскім ЗТР. У складзе запарожцаў тройчы станавіўся чэмпіёнам Украіны. Улетку 2005-га перайшоў у стан пачаткоўца элітнага дывізіёна чэмпіянату Германіі — клуба «Мельзунген». Пасля шасці сезонаў, праведзеных у сераднякоў нямецкай Бундэслігі, вярнуўся на радзіму, дзе выступаў за сталічныя «Дынама» і СКА (з сакавіка 2014 года).

У нацыянальнай зборнай дэбютаваў 21 кастрычніка 1998 года ў матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету — 1999 супраць зборнай Славеніі. Удзельнік трох чэмпіянатаў свету (2013, 2015, 2017) і трох чэмпіянатаў Еўропы (2008, 2014, 2016). У 2000 годзе стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага першынства Еўропы.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

За каго аддаць свой голас, якога кандыдата лепей абраць у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў? 

Калейдаскоп

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Беларусь на конкурсе прадставіць украінец ALEKSEEV.

Культура

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

Некалькі месяцаў таму адна з найпапулярнейшых сталічных вуліц Кастрычніцкая ўзбагацілася на яшчэ адно «тусовачнае» месца — «Ок16».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!