Вы тут

Дзе хаваецца душа горада?


Вандроўка ў любым горадзе для сапраўднага турыста пачынаецца з музеяў, тых скарбніц, дзе захоўваецца гісторыя і не толькі яна. У горада, вядома, ёсць гісторыя. А яшчэ ў яго павінна быць свая душа, свая аўра, нешта такое, што адрознівае ад іншых, акрамя архітэктуры і традыцыйных славутасцяў. У Парыжы, напрыклад, асаблівым месцам называюць набярэжную Сены, не вельмі і прыгожую, але прыцягальную, дзе любяць тусавацца мастакі, пісьменнікі, творчая моладзь. У Маскве раней такім быў Арбат, не ведаю, як цяпер. Але і ў любым іншым, нават маленькім горадзе бывае нешта такое, што адрознівае. Дык вось аднойчы я адкрыла для сябе азначэнне «такога» — калі гараджане-месцічы любяць свой горад, яно ёсць, інакш усё набліжаецца да аднароднай масы.


Памятаю, як у Парыжы мяне некалі ўразіла пажылая парыжанка на востраве Сітэ, дзе праходзяць кожную гадзіну натоўпы турыстаў. Вось прайшла чарговая група, і нехта кінуў пад ногі ўпакоўку ад марожанага. А яна падышла, падхапіла, пашукала вачыма сметніцу і, не знайшоўшы, пайшла далей, каб выкінуць паперчыну ў патрэбным месцы. Значыць, ёй не абыякавы свой горад. Значыць, у яго ёсць душа. І складаюць яе людзі. Вось такіх людзей я шукала падсвядома ў Гродне... і часам знаходзіла іх.

І першыя сярод іх — Наталля і Павел Клімукі, гаспадары сядзібы «Каралінскі фальварак Тызенгаўза». Медыкі па адукацыі і сферы дзейнасці, яны з юнацтва апантаныя гісторыяй роднага краю, разам з таварышамі аб'ехалі ўсю Беларусь у пошуках гэтай самай гісторыі. А сядзіба-фальварак стала вынікам духоўнага развіцця іх сям'і, агульнай справай жыцця сужэнцаў-аднадумцаў. Дарэчы, музей у сядзібе не проста цікавы ілюстрацыямі, гістарычнымі звесткамі, але забаўны, відовішчны. Бо там размясціліся побач раставыя лялькі палітыкаў-антаганістаў Тызенгаўза і Кацярыны ІІ. Падрыхтаванае крэсла-трон для яшчэ адной лялькі, віноўніка многіх перыпетый, у тым ліку і названага фальварка, — караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Партрэт караля і яго асабістае бюро знаходзяцца ў гісторыка-археалагічным музеі. Музеем цяпер сталі сярэднявечныя замкі — стары і новы. «Дык гэта тут быў абкам партыі?» — спытала я ў хударлявай захавальніцы фондаў. «Так», — адказала яна з усмешкай, пад якой хаваўся лёгкі налёт пагарды. Маўляў, цётка нібыта з нашых, не іншаземка, а такія звычайныя рэчы не ведае.

— Падумаеш, не ведала, — запярэчыла я ёй у думках, — якія вы тут ганарлівыя. Маючы такія замкі, ды Фарны касцёл, ды старадаўнюю Каложу, і дурань можа ганарыцца, бо ёсць чым... А я цяпер буду ведаць. А гэты замак, можа, і захаваўся добра таму, што там быў абкам.

Фарны касцёл, вядома, і сам можа прэтэндаваць на званне музея, а насупраць мог бы быць касцёл не горшы, але яго няма. І першая сустрэчная гараджанка мне расказала, што тая маладая, несумненна, таленавітая падрыўніца з Ленінграда, якая разлічыла да міліметра схему ўзрыву так, што знакамітая Фара Вітаўта злажылася, нібы падстрэленая жывая істота, дык вось, тая жанчына вельмі дрэнна скончыла. Яна памерла хворая, паралізаваная, няшчасная. Пра гэта раскажа кожны, хто любіць свой горад.

З любоўю паказвала нам аптэку-музей яго гаспадыня Вікторыя Ткачова. Найстарэйшая аптэка ў Беларусі, пабудаваная езуітамі ў 1709-м і сёння стаіць на вуліцы Савецкай ды служыць гараджанам ХХІ стагоддзя аптэкай. З гонарам паказвала нам захавальніца рэцэпты і допісы гарадзенскага фельчара, почырку якога маглі б пазайздросціць нават імператарскія пісары. Пісьмо, трэба сказаць, унікальнае па мастацтве каліграфіі. А яшчэ там ёсць гербарыі, уласнаручна аформленыя Элізай Ажэшкай. Ну і асобнае месца займаюць інструменты для анатаміравання трупаў. Менавіта такімі ўпершыню ва Усходняй Еўропе ўскрывалі сярэднявечныя медыкі цела Стафана Баторыя, які раптоўна памёр тут, у Гародні. Тут жа і правялі анатаміраванне. І хоць прычыну не ўстанавілі, пакінулі апісанне для нашчадкаў.

Складваецца ўражанне, што асобай караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя тут асабліва ганарацца. І не толькі музейныя работнікі ды спецыялісты. Памяць пра гаспадара гродзенскіх замкаў падтрымліваецца ў назвах многіх устаноў. Вось і на Савецкай плошчы ёсць утульны гандлёвы цэнтр з кавярняй пад назвай «Баторыя». Там прыпыняліся карэспандэнты «Звязды» перад ад'ездам дадому выпіць кавы. Калі ў адным з аддзелаў кафетэрыя я стала ў хвост чаргі, каб купіць бутэльку вады ў дарогу, сімпатычная і ветлівая прадавец параіла: «Прысядзьце, хутка чаргі не будзе». І так прыемна стала ад мімалётнага маленечкага знаку ўвагі, што захацелася прыехаць сюды яшчэ...

Дарэчы, раю вам абавязкова пабываць у Музеі гісторыі рэлігіі і Музеі харальнай сінагогі, куды я завітала год таму. Там цікавыя як самі музеі, так і іх будынкі. У першым выпадку гэта былы палац Храптовічаў, у другім — самая прыгожая па архітэктуры сінагога, якую даводзілася бачыць, яе яшчэ называюць найпрыгажэйшай у Еўропе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».