Вы тут

Як сям'я адраджае былую веліч старажытнага фальварка на Гродзеншчыне


Адкрываючы Беларусь

Ідэя гэтага праекта лунала ў паветры. Сутнасць: убачыць рэгіёны Беларусі вачыма ўласных карэспандэнтаў «Звязды» з іншых абласцей. З аднаго боку, гэта дае магчымасць паглядзець на звыклае свежым поглядам. Зноў і зноў адкрыць для сябе сваю Радзіму. З другога — лепш даведацца не толькі пра тое, чым ганарыцца, або што жадае папулярызаваць той ці іншы рэгіён, але і адзін пра аднаго. Бо гэта добрая нагода для сустрэчы і нефармальных зносін, без якіх немагчымая ніводная сапраўдная вандроўка. Першая вобласць, якую мы абралі, — Гродзенская. І тэма вандроўкі вызначылася амаль сама сабой — турыстычны патэнцыял. Такім чынам, уласныя карэспандэнты «Звязды» з Магілёва, Брэста і Гомеля дзеляцца сёння сваімі ўражаннямі ад першай сумеснай паездкі ў адзін з самых любімых усімі беларусамі гарадоў.


Усё пачынаецца з кахання. З чаго ж яшчэ? У 1989 годзе ажаніліся Павел і Наталля, студэнты Мінскага медыцынскага інстытута, а сёння іх старэйшы сын Раман Клімук не толькі нашчадак прафесіі бацькоў — ён таксама ўрач, але і адзін з уладальнікаў аграсядзібы пад Гроднам, якая мае гучную назву Каралінскі фальварак Тызенгаўза.

Гаспадары старадаўняй сядзібы Павел і Наталля Клімукі.

Усё пачалося з веры. Некалі католік Павел абвянчаўся з праваслаўнай Наталляй. Невыпадкова, што першым будынкам на тэрыторыі, дзе цяпер агракластар, стала капліца. Ксёндз Юзэф Макарчык так блаславіў, а пара сужэнцаў яго паслухалася. Пасля гэтага значна змяніліся адносіны мясцовых да прышлых людзей. Вясковыя бабулькі рады, што цяпер не трэба на нядзельную службу ездзіць далёка. Ну а пра тое, Хто сапраўды спрыяў важнай справе, маўчу.

Так выглядае маёнтак  у нашы дні.

Насамрэч усё пачалося са студэнцкага будатрада. У сярэдзіне 80-х юны Павел разам з будучымі калегамі-медыкамі працаваў з кельняй і кіркай у руках — будаваў фермы, дамы. Так набываліся інжынерныя і арганізатарскія навыкі. Вопыт не перашкаджае і дагэтуль, таму хоць і страшна спачатку было брацца за вялікую справу адраджэння гістарычнай сядзібы, але ж ведаў, з якога боку падступіцца. Тым больш да пачатку работ на фальварку Павел Клімук ужо пабудаваў уласную клініку ў Гродне, дзе і дагэтуль займаецца прыватнай медыцынскай практыкай. Так што адраджаць запушчаную дашчэнту сядзібу пачаў з пэўным досведам.

 

А можа, усё пачалося з дружбы? Менавіта сябры заахвочвалі лёгкіх на пад'ём Наталлю з Паўлам ездзіць у вандроўкі па Беларусі. Такім чынам маладыя людзі — а іх і цяпер інакш не назавеш — сталі глыбока цікавіцца гісторыяй роднага краю. Напрыклад, яны разам працавалі на раскопках у Траецкім прадмесці. У міжнародных лагерах за мяжой жылі ў старажытных сядзібах. Там упершыню ўбачылі, як можна ў такіх пабудовах захоўваць і падтрымліваць гістарычны каларыт.

 

Не выключана, што ўсё пачалося з нашчадкаў. Іх сёння трое ў Клімукоў. Дарэчы, другі сын, Антон, цяпер набывае тую ж спецыяльнасць, што і бацькі — і ў той жа ВНУ. А вось дзевяцігадовы малодшы Сцяпан гаворыць, што будзе дырэктарам Каралінскага фальварка Тызенгаўза. Пакуль жа, калі бачыць, што недзе смецце раскідана, без напаміну і без залішняга гонару бярэцца за венік і прыбірае. Сапраўдны гаспадар, што казаць.

Усё пачалося чвэрць стагоддзя таму. Павел звярнуў увагу на маёнтак яшчэ ў 1992 годзе, калі шукаў, дзе жыць пасля заканчэння інстытута, і прыехаў па размеркаванні ў Гродна. Маладому чалавеку вельмі спадабаліся тутэйшыя мясціны. Але ў той час не склалася: участак пад дом выдзелілі ў суседніх Каробчыцах. А пра тое, як тут было ў 2003 годзе, калі Клімукі сталі ўладарамі толькі аднаго памяшкання ў сённяшнім «Радавым гняздзе» (назва галоўнага будынка ў сядзібе), нагадваюць цяпер толькі старыя фотаздымкі ды гістарычныя рэшткі брамы, пабудаванай з буту і камення ў другой палове ХVІІІ стагоддзя.

Усё пачыналася з продкаў. Калі зусім акунацца ў гісторыю, вядома, што асвойвалі гэтыя землі ў ХVІ стагоддзі ўплывовыя татарскія роды. Яны тады атрымалі прывілей на валоданне тэрыторыяй ад каралевы Рэчы Паспалітай Боны. Падчас рэканструкцыі асноўнага сядзібнага дома, які шмат разоў перабудоўваўся, знайшлі цэглу, якая па сваёй структуры і памеры была характэрная для ХV—ХVІ стагоддзяў. Усе шматлікія гаспадары маёнтка невядомыя, бо архіў згарэў, аднак дакладна вядома, што ў другой палове ХVІІІ стагоддзя фальварак належаў гродзенскаму старосту Антонію Тызенгаўзу.

Тызенгаўз усё пачаў з падаткаў. Менавіта падскарбій (міністр фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз, чалавек аўтарытарнага складу думак, прымусіў тутэйшых плаціць падаткі. І ўвогуле пачаў праводзіць шматлікія радыкальныя рэформы, якія не падтрымліваліся мясцовай шляхтай. Калі ў казне з'явіліся грошы, ён пачаў увасабляць ідэі, запазычаныя ў еўрапейскіх сталіцах. Хацеў, каб на Гродзеншчыне было лепш, чым у Парыжы ці Варшаве. За 20 гадоў ён адкрыў звыш 15 мануфактур — суконную, палатняную, панчошную, карэтную, зброевую і іншыя. Па яго ініцыятыве ў горадзе над Нёманам быў пабудаваны жылы, адміністрацыйны і культурны комплекс, заснаваны тэатр, музычная капэла, медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, музей гісторыі прыроды, закладзены самы буйны ў Еўропе батанічны сад... Гродзенскі староста паўплываў і на гісторыю вёскі Караліно, гаспадаром якой быў пэўны час. Аднак у 1780 годзе яго абвінавацілі ў растратах каралеўскай маёмасці і пазбавілі ўлады. Перажыць гэтага стары халасцяк так і не змог, і ў 52 гады, забыты і адзінокі, памёр ад сухот.

Усё пачыналася ў вёсцы Караліно наноў шмат разоў, бо пасля смерці Тызенгаўза сядзіба закладалася за даўгі і пераходзіла з адных рук у іншыя. Дарэчы, адзін з гаспадароў, Спірыдон Гансоўскі, у сваім тэстаменце падрабязна апісаў усё, што тут знаходзілася ў другой палове ХІХ стагоддзя, і нават даў парады, якую вытворчасць развіваць выгадна. Зрэшты, сённяшнія гаспадары не робяць стаўку на даход ад сядзібы, гавораць, што дагэтуль у большай ступені занятак агратурызмам — справа стратная. Сямейнае захапленне хоць занадта дарагое, але любімае, у якое ўкладзены не толькі грошы, але і душа.

З душы ўсё і пачынаецца, хоць пра матэрыяльны бок справы ніхто не забывае. Клімукі, якія асталяваліся тут надоўга, сцвярджаюць, што сёлетнія змяненні ў заканадаўстве дадуць новы подых агратурызму. Людзі, якія жывуць на вёсцы і самі клапоцяцца пра яе развіццё, цяпер змогуць мець не заўсёды стабільны, але дадатковы даход. У тым ліку ад правядзення вяселляў ці карпаратываў.

— У гэтым сектары ёсць магчымасць рэалізавацца, — адзначае Павел Клімук. — Нехта шые, нехта вяжа, хтосьці пчалярствам займаецца... Тыя, хто можа працаваць, атрымалі магчымасць і падзарабіць. Але ж гэта бізнес нестабільны, бо на яго значна ўплывае сезон, надвор'е, інфляцыя... А расходы па ўтрыманні пастаянныя. Важна спакойна працаваць і ваганні ў законах не павінны ўплываць на справы.

Патрыятызм. З яго ўсё пачынаецца? Быццам занадта ўзнёслае слова, але ж Наталля дагэтуль з цеплынёй успамінае сваю беларускамоўную школу на Брэстчыне і сачыненне па-беларуску пры паступленні ў медыцынскую ВНУ. Павел нагадвае, што ў яго першым пашпарце была напісана нацыянальнасць — паляк.

— Я нарадзіўся ў мястэчку Ясная Паляна Калінінградскай вобласці, якое раней мела назву Тракенен. Там вывелі знакамітую Тракененскую пароду коней. Па чутках, радавая сядзіба, дзе я жыў у былой стайні, пераробленай пад кватэры, магла належаць генерал-фельдмаршалу Паўлюсу. Калі мне было шэсць гадоў, бацькі вярнуліся сюды, на радзіму. Мы тут усе рознай крыві, але ж добра дамаўляемся адно з адным. Я кайфую ад фізічнай працы. На мне фінансаванне, рэстаўрацыя і дызайн. Наталля адказвае за кухню, гаспадарку і прыборку. Прыём гасцей — справа Рамана. Антон вельмі нам дапамагаў, пакуль у інстытут не паступіў, ён адзін выкошваў усе газоны. А тэрыторыя ў нас між тым — 2,5 га. Плюс абкошваем вакол сядзібы. Малодшы Сцяпан тут вырас — ён можа правесці экскурсію па сядзібе.

Усё пачынаецца з усмешкі. Пра гэта добра ведаюць гаспадары, асноўная спецыяльнасць якіх — стаматалогія. Аднак важна не толькі ствараць усмешку штучна, але і дэманстраваць шчыра і часцей. Напрыклад, ёсць вялікая мара пабачыць усмешлівых мытнікаў і памежнікаў. А яшчэ пачуць, як яны з гасцямі размаўляюць па-англійску. Да таго ж, калі замежнікі, якія пачалі карыстацца пяцідзённым бязвізам, будуць менш часу марнаваць на мяжы, радасці ўсім прыбавіцца.

— Сюды, да нас у сядзібу, прыязджаюць розныя людзі: навукоўцы, пісьменнікі, мастакі, — гаворыць Наталля. — Пяць гадоў запар мы праводзім тут пленэр творцаў з розных краін. У якасці падзякі яны нам пакідаюць свае карціны — так ствараецца наша мастацкая галерэя. Для нас важныя стасункі з людзьмі культуры. Гэта і нам дае вельмі многа. Мне ўсё роўна, якую пасаду займае чалавек. Важна, каб ён адсюль павёз станоўчы эмацыянальны настрой.

З бязвізу і настальгіі таксама пачынаецца многа. Гаспадары аграсядзібы, якая знаходзіцца на адлегласці дзесяці кіламетраў ад Польшчы, гавораць, што грамадзяне суседняй краіны пратапталі сюды сцяжынку. Тым больш што многіх з іх, як і нашчадка апошняга дасавецкага ўладара сядзібы Козел-Паклеўскага, звязвае з Гродзеншчынай гісторыя ўласных продкаў. З 1921 па 1939 год гэта была польская тэрыторыя, і ў многіх адтуль ёсць сваякі па гэты бок мяжы. Між тым і літоўцы, якім да Гродна рукой падаць, праяўляюць цікавасць і ўпэўнена адкрываюць для сябе новую Беларусь. Дапытлівыя расіяне час ад часу наязджаюць.

Шлях да фальварка пачынаецца з запыту ў інтэрнэт. За стасункі з наведвальнікамі ў фальварку адказны Раман Клімук. Сусветнае павуцінне — яго вотчына, і такім віртуальным чынам ён актыўна падтрымлівае цікавасць да сядзібы. Старэйшы з сыноў арганізоўвае адпачынак гасцей:

— Часцей за ўсё пра нас даведваюцца праз інтэрнэт ці тых, хто тут ужо пабываў. Мы імкнёмся захаваць дух фальварка. Ён не толькі ў архітэктуры пабудоў, але і ў шматлікіх легендах, якія спадарожнічаюць сапраўднай старажытнай гісторыі. Напрыклад, ноччу некаторыя чуюць тут гукі клавесіна. У нашай сядзібе ёсць падземны ход, які вядзе ў пакой, дзе недаступна мабільная сувязь. Дарэчы, гавораць, што некалі там праходзілі таямнічыя сходы масонаў. Адным з іх быў і Тызенгаўз. Тут і стайня з коньмі, і музей быту, і млын — воданапорная вежа па сумяшчэнні, карэты, більярды, корт, лазні, сажалкі... У Караліно каля 300 гадоў таму была менавіта гасцявая сядзіба, і мы цяпер працягваем традыцыю — адусюль прымаем гасцей.

 

 

Такім чынам, усё пачынаецца з любові. Да сваякоў, да справы, да зямлі, да сядзібы — да радзімы ўрэшце. Усё пачынаецца з адказнасці за тое, што цэніш. З гонару, што табе пашанцавала рэалізоўвацца менавіта тут, менавіта такім, звыш дадзеным чынам.

— Важна мець прагу жыць, — у адзін голас гавораць Клімукі і шчыра ўсміхаюцца. — Усё толькі пачынаецца. І працяг будзе абавязкова, бо планаў развіцця Каралінскага фальварка Тызенгаўза безліч.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛІ

Загаловак у газеце: Прага жыць змяняе асяроддзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».