Вы тут

Як у беларускай сталіцы вырашылі праблемы ЖКГ?


Пра тое, якім чынам у беларускай сталіцы вырашылі праблемы, што існавалі раней у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, расказаў старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац. Сярод прынятых мер — раздзяленне функцый заказчыка і падрадчыка, размежаванне функцый работ па тэхабслугоўванні, бягучым рамонце, прыборцы тэрыторый, а таксама стварэнне кантакт-цэнтра ЖКГ Мінска — 115.


Фота БЕЛТА

«Мы разарвалі заганны круг, калі арганізацыі ЖКГ самі, бо так склалася гістарычна, выконвалі ўсе работы, самі правяралі сябе і атрымлівалі бюджэтныя сродкі», — расказвае Андрэй Шорац, звяртаючыся да тэмы раздзялення функцый падрадчыка і заказчыка. Такім чынам раскручваўся механізм атрымання ўсё большага аб'ёму бюджэтных сродкаў без супастаўнага павелічэння аб'ёмаў рэальна выкананых работ. Таму быў створаны незалежны заказчык, які на канкурэнтнай аснове выбірае пастаўшчыка паслуг — не абавязкова дзяржаўных ці з Мінска, — што кантралюе якасць і тэрміны выканання работ. У падтрымку да яго створаны кантакт-цэнтр, які спрасціў камунікацыю грамадзян з камунальнымі службамі. Незалежная служба адпраўляе заяўку і кантралюе яе выкананне.

На думку прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, пэўны вопыт, асабліва што датычыцца канкурэнтных прапаноў па выканаўцах работ, у рэгіёнах, у якіх можна выбраць выканаўцу паслуг, варта выкарыстоўваць. Магчыма, для невялікіх населеных пунктаў такая прапанова неактуальная, але з насельніцтвам ад 100 000 чалавек падобную ідэю можна выкарыстоўваць. Пры гэтым адпаведных нарматываў уводзіць не плануецца, але ў той жа час гэта застаецца эфектыўнай мерай, на якую варта звярнуць увагу кіраўнікам рэгіёнаў. Таксама беларускі прэм'ер станоўча ацаніў увядзенне агульнага тэлефоннага нумара па паслугах ЖКГ 115 у Мінску і падкрэсліў, што гэта дадае празрыстасці ў атрыманні заявак і іх задавальненні.

Па словах Наталлі Качанавай, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адзіныя дыспетчарскія службы (такога плана, як «115.бел» у Мінску) шмат у якіх рэгіёнах ужо працуюць, толькі з іншым трохзначным нумарам. Праўда, пакуль казаць пра ўсеагульнае распаўсюджанне такога вопыту сталіцы заўчасна, лічыць яна.

На думку кіраўніка дзяржавы, вопыт з увядзеннем кол-цэнтра — станоўчы, яго могуць пераняць і рэгіёны. «Чалавек павінен ведаць — у горадзе, аграгарадку, — што па такім тэлефоне патэлефануй, там будзе твой зафіксаваны званок і людзі на гэта адрэагуюць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і заклікаў уводзіць гэтую практыку ўжо ў наступным годзе. — Тут яшчэ важна, што мы пабачым рэальную цану паслуг».

Па словах Аляксандра Церахава, міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, нумар 115 зарэзерваваны, таму з цягам часу ён зможа стаць агульнарэспубліканскім для паслуг ЖКГ. І такі «глыбокі аналітычны прадукт», як служба 115, дазваляе не толькі кантраляваць заяўку, але і планаваць, якія работы таму ці іншаму дому зараз патрэбны больш за ўсё. Акрамя таго, міністр расказаў, што нярэдка бываюць выпадкі, калі службы імкнуцца ўтаіць заяўкі, прэтэнзіі, звароты грамадзян.

«Не фіксуюцца заяўкі! Гэтага не рабіць — злачынства! Значыць, не будзе парадку. Празрыстасць у заяўках людзей — гэта ўжо вялікая справа», — сказаў Прэзідэнт.

Зараз у жыллёва-камунальнай гаспадарцы найлепшым чынам складваецца сітуацыя з кадрамі. Працоўныя месцы амаль усе занятыя, людзі трымаюцца за работу. Часта адным са стымулаў уладкавацца становіцца атрыманне службовай кватэры. Але кіраўнік дзяржавы заклікаў адыходзіць ад гэтай практыкі, якая была ўведзена яшчэ падчас Савецкага Саюза, і шукаць іншыя рычагі ўтрымання людзей на працоўных месцах.

Па словах Андрэя Шорца, ёсць яшчэ адно новаўвядзенне, калі ў штат жыллёва-эксплуатацыйных упраўленняў уводзяцца рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, так званыя хаус-майстры, якія маюць спецыяльнасці сантэхніка, электрыка, столяра і маляра-тынкоўшчыка. Усяго ў горадзе каля тысячы такіх спецыялістаў. У сярэднім зарплата складае 680 рублёў, але ёсць і тыя, хто зарабляе да тысячы за кошт аказання дадатковых паслуг насельніцтву ў непрацоўны час. «Вакантных месцаў па гэтым напрамку практычна няма», — запэўніў старшыня Мінгарвыканкама. У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што такая практыка можа быць распаўсюджана і на малыя населеныя пункты.

У канцы мерапрыемства кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты рэспубліканскі семінар — своеасаблівы «мазгавы штурм», падчас якога былі агучаны прапановы па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ. Калі гэта неабходна для іх рэалізацыі, варта прыняць адпаведныя заканадаўчыя акты да канца года, а калі гэта не з'яўляецца неабходнасцю — вольна выкарыстоўваць выказаныя ідэі. Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры неабходнасці будзе прынята праграма па развіцці сістэмы ЖКГ.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Прэм’ер-міністру Андрэю КАБЯКОВУ і міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандру ЦЕРАХАВУ было што абмеркаваць.

Загаловак у газеце: Тэлефануем па адным нумары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?