Вы тут

Слядамі біяграфіі па слядах сюжэтаў


80-годдзе — значная дата для пісьменніка. За плячыма не толькі шмат пройдзеных дарог, але і багата літаратурных здабыткаў. Безумоўна, кожны творчы чалавек адлюстроўвае праз свае мастацкія творы светапогляд, жыццёвыя перакананні, грамадзянскую пазіцыю, але разам з тым —  і біяграфію. 17 кастрычніка старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў 80-гадовы юбілей. Лепш за ўсё аб празаіку з такім салідным творчым стажам распавядуць, вядома ж, яго кнігі.


«Фінал Краба» (1979 год)

Аповесць, у якой чытач сустракаецца з аператыўным супрацоўнікам крымінальнага вышуку Ветравым, што будзе з’яўляцца і ў пазнейшых творах пісьменніка. Думаецца, на шляху, які прайшоў М. Чаргінец ад шараговага супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, было нямала цікавых і небяспечных сюжэтаў. Быў, мабыць, рэальны прататып і ў кемлівага, неардынарнага Краба, які кіраваў групоўкай злачынцаў, і ў аператыўніка Ветрава, які змог пацвердзіць высокі ўзровень прафесіяналізму, прадвызначыўшы той самы «фінал Краба». У аповесці ўдала спалучаюцца займальнасць і завостранасць дэтэктыўнага дзеяння з маральнымі пасыламі.

«Служба дні і ночы» (1981 год)

Кніга з чатырох аповесцяў («Апошні прыезд», «Аднойчы ў сакавіку», «Вяселля не будзе», «Па божай волі»), аб’яднаных аднымі і тымі ж галоўнымі героямі, галоўны з якіх — ужо знаёмы чытачу капітан, а пасля і маёр Ветраў. Мікалай Чаргінец умела карыстаецца мастацкімі прыёмамі, уласцівымі дэтэктыўнай прозе, не толькі для раскрыцця сюжэтнай інтрыгі. Выдатнае разуменне маральна-сацыяльнай крыніцы канфлікту, псіхалагічнай сутнасці тых неспрыяльных умоў, якія штурхаюць чалавека на здзяйсненне злачынства, а не спрошчанае раздзяленне на станоўчых і адмоўных персанажаў — той стрыжань, на якім трымаюцца творчыя прынцыпы пісьменніка.

«Сыны» (1989 год)

У гэтым рамане ўпершыню ў беларускай літаратуры ўздымаліся многія праблемныя моманты тэмы Афганскай вайны, якая па-ранейшаму нікога не пакідае абыякавым. Першая кніга Мікалая Чаргінца, прысвечаная гэтай тэме — «Тайна чорных гор», — выйшла ў 1987 годзе, падчас знаходжання аўтара ў Афганістане, дзе ён з 1983 — 1987 гг. выконваў інтэрнацыянальны абавязак. М. Чаргінец на свае вочы бачыў усё тое, што так няпроста пераўтвараць у мастацкую прозу: баявыя будні савецкіх салдат, гібель і цяжкія раненні таварышаў… Аўтар распавядане не толькі пра тое, што давялося перажыць маладым хлопцам, якія трапілі ў душманскі палон, але і пра самаахвярнасць простых афганцаў дзеля выратавання палонных.

«Тайнік у ціхім завулку» (1992 год)

Адзін з першых дэтэктываў Мікалая Чаргінца, перакладзеных на беларускую мову (пераклад Уладзіслава Рубанава). У кнігу ўвайшлі аповесці «Тайнiк у цiхiм завулку», «З наганам у цемры», «Вяселля не будзе» i «Не ўсе людзi ўначы спяць». Класічны дэтэктыўны сюжэт з паслядоўным раскрыццём таямніцы злачынства ў спалучэнні з глыбокай мастацкай распрацоўкай вобразаў галоўных герояў. Безумоўная, жывая практыка (у 1987 — 1993 гг. М. Чаргінец — начальнік упраўлення ўнутраных спраў на транспарце) стала асноўнай крыніцай фактычнага напаўнення аповесці. Менавіта на гэта — праўдзівасць сюжэта і адлюстравання характараў — звярнуў у свой час увагу Іван Чыгрынаў.  

«Вам — заданне». «За секунду да выстралу» (1997 год)

Раман з дзвюх частак, які сам пісьменнік лічыць адным з найгалоўнейшых у сваёй творчасці. Дарэчы, і паводле водгукаў крытыкаў, менавіта тут найбольш ярка выявілася празаічнае майстэрства аўтара. Упершыню асобныя часткі рамана пабачылі свет у пачатку 1980-х гадоў, але з таго часу неаднаразова перавыдаваліся ў Беларусі, Расіі і Венгрыі. У творы вядзецца расповед пра лёсы вайскоўцаў, супрацоўнікаў міліцыі і простых жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны (у першай частцы) і пасля яе заканчэння (у другой). У адным з галоўных герояў — Валодзі Славіне — Васіль Быкаў убачыў адлюстраванне асабістага досведу аўтара, якому «давялося перажыць шмат з таго, што перажыў Валодзя ў разбураным, але няскораным ворагу Мінску».

«Таямніцы авальнага кабінета» (2002 год)

Твор, прысвечаны асэнсаванню найбольш вострых тэм сучаснасці, у якім пераплятаюцца дэтэктыўныя і палітычныя інтрыгі. Традыцыйна ў творах Мікалая Чаргінца адлюстроўваецца асабісты жыццёвы і прафесійны досвед, і новы раман не стаў выключэннем. У 1997 — 2008 гг. пісьменнік на пасадзе старшыні Пастаянай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Вядома, у творы адлюстроўваюцца не працоўная штодзённасць аўтара, але сітуацыі, у якія даводзілася трапляць паводле службовага абавязку, і ўдзел у шматлікіх міжнародных сустрэчах і перамовах, зноў жа, стварылі багаты запас тэм, вобразаў, характараў і сюжэтаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».